Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 3-4

Матэрыялы трэціх і чацвёртых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 13 снежня 2003 г. і 26 снежня 2004 г.

Радзівілы ў Лахве

Сцяпан Нефідовіч в. Любань

Хто такія Радзівілы?

Радзівілы — найбуйнейшы магнацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім, прадстаўнікі якога ў XV–XVIII ст. займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады; буйныя землеўладальнікі. Паходзілі з літоўскага баярства. Ужо ў другой палове XVI ст. яны валодалі на Беларусі многімі гарадамі (Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецк, Койданава, Мір, Нясвіж, Шчучын і інш.), мноствам мястэчак і вёсак на Украіне, у Літве, у Польшчы і Беларусі, пазней завалодалі Слуцкам і Капылём.

У XVI-XVIII ст. Радзівілы мелі сваё войска са шляхты і ваенна-служылых людзей, зямян, выбранцаў, баяр і татараў, якія атрымлівалі за службу зямлю «навечна».

Радзівілы мелі свае крэпасці — Нясвіж, Біржы, Мір, Любчу — з гарнізонамі.

Радзівілы адыгрывалі значную ролю ў культурным і рэлігійным жыцці. У сваіх гарадах і маёнтках адкрывалі друкарні і школы, бібліятэкі, збіралі архівы. Сярод іх былі пісьменнікі і кампазітары.

Большасць Радзівілаў была католікамі.

Радзівілы ў Лахве (XVI ст — II п. XVIII ст.)

Упершыню ў пісьмовых гістарычных крыніцах Лахва ўпамінаецца ў 1493 годзе. Маёнтак — уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча — троцкага ваяводы, падараны вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Пётр Мантыгірдавіч падарыў гэты надзел сваёй дачцы Зафіі, якая выйшла замуж за гродзенскага старасту, троцкага ваяводу Станіслава Пятровіча Кішку. Калі Зафія Пятроўна аўдавела, па завяшчанні ў складзе трэцяй часткі ўсіх сваіх маёнткаў перадала Лахву з навакольнымі сёламі сыну Пятру, полацкаму ваяводзе. Тут жа, у Лахве, жыла і дачка Зафіі Пятроўны Ганна, якая выйшла замуж за троцкага кашталяна і слонімскага дзяржаўцу Яна Мікалаевіча Радзівіла. У 1523 г. Ян Радзівіл патрэбаваў ад швагера Пятра Станіслававіча Кішкі выдзелу яго сястры адпаведнай часткі «атчызных і мацярызных, купленых і выслужаных маёнткаў» яе бацькоў. Пагаджэнне было заключана, і Ян Радзівіл атрымаў паловіну маёнтка, куды ўвайшлі двор і сяло Лахва, а таксама сёлы Лахаўка, Сінкевічы, Вельча, Заслучча і частка Сітніцы.

З таго часу Лахва на працягу амаль 200 гадоў належала Радзівілам. Спадчыннымі землямі тут валодалі: Ганна Янаўна, Мікалай Крыштоф, Мікалай Мікалаевіч, Альбрэхт Уладзіслаў, Зыгмунд Кароль, Аляксандр Людвіг, Міхаіл Казімір і нарэшце — Дамінік.

І хаця па тым часе Лахва, што згубілася сярод лясоў і балот, у глухамані, з беднымі, неўрадлівыми землямі, з бездарожжам, знаходзілася за сотні вёрст ад Нясвіжа, але Радзівілы не забывалі пра яе. Адны, праўда, былі тут вельмі рэдкімі гасцямі, другія ж наведвалі часцей, іх вабілі разлівы Прыпяці, палеская роўнядзь. Але, больш верагодна, прыцягвала багацце гэтага краю.

Які след аставіў кожны з Радзівілаў, цяжка сказаць, бо факты, якія дайшлі да нас праз напластаванні гадоў, вельмі скупыя.

Няма звестак пра тое, якую ролю у развіцці Лахвы адыгралі Ян Мікалаевіч Радзівіл і яго сын Мікалай Янавіч па мянушцы Чорны1, што валодалі тут у XVI ст. Затое час праўлення Сіротак (першая палова XVII ст.) прадстаўлены ў больш поўнай меры.

Дом Радзівілаў знаходзіўся за вярсту на поўдзень ад сяла Лахвы. Побач сялілася шляхта, дзе ўтварылася пасяленне, празванае ў народзе і да нашага часу мае назву Шляхта. Сяло, потым мястэчка, у якім пражывалі сяляне і яўрэі, было размешчана на месцы цэнтра сучаснай Лахвы.

МІкалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) з`яўляўся не толькі вядомым дзяржаўным дзеячам, але і талантлівым гаспадарнікам. Былі праяўлены клопаты нават пра аддаленыя маёнткі. Не аставіў па-за ўвагай і іменне Лахва: замест старога панскага дома быў пабудаваны новы драўляны аднапавярховы палац, а побач — узведзены касцёл; за сядзібай размяшчаліся аборы: склады, канюшні, сеннікі. А ў другім канцы Лахвы, па-за Смердзю, за Паповымі гарамі пабудаваны кароўнікі.

Мікалай Крыштоф, а потым і яго сыны дбалі і аб духоўным стане народа. У XVII ст. уся шляхта была пераведзена ў католікі. Але Сіроткі не ўшчымлялі правоў і людзей праваслаўнай веры. Наадварот, вялікая ўвага надавалася ўмацаванню гэтай рэлігіі. Так, Альбрэхт Уладзіслаў ў 1623 г. падараваў Прачысценскай царкве 2 валокі зямлі, а ў 1643 г. яго брат Аляксандр Людвіг зрабіў наданне другой Лахвенскай царкве — Ражаства Багародзіцы.

Спрыяльныя ўмовы жыцця далі магчымасць значнага павелічэння насельніцтва Лахвы. Мяшчанам было дадзена права карыстацца не ворыўнымі валокамі, а пляцамі з павялічанымі агародамі, плюс па жаданню і валокамі.

У вайне, што ўспыхнула ў 1648 г. між Рэччу Паспалітай і ўкраінскімі казакамі, якім аказвала дапамогу Расія, на баку шляхты актыўна ўдзельнічалі Радзівілы. Менавіта таму царскі ваявода князь Валконскі ў 1655 г. зруйнаваў Лахву, радзівілаўскае іменне ператварылася ў попел.

Нягледзячы на пасляваенную разруху, унук Аляксандра Людвіга Радзівіла канцлер ВКЛ Караль Станіслаў (1669-1719) змог аднавіць Прачысценскую царкву і пачаў бадаваць новы драўляны палац; сын жа Караля Станіслава — Міхаіл Казімір дабудаваў той палац, стварыўшы ладны сядзібны комплекс, а ў 1742 г. увёў у дзеянне невялікі мураваны Троіцкі касцёл.

Міхаіл Казімір Радзівіл (Рыбанька) і яго «Дыярыюш»

Калі ва ўсіх радзівілаўскіх летапісах пра Лахву маюцца надта скупыя звесткі, то першая палова XVIII ст. (час праўлення М.К. Радзівіла) асветлена ў значнай меры: М.К. Радзівіл вёў дзённікавыя запісы, так званы «Дыярыюш», на працягу ўсяго свядомага жыцця.

Дзённік Міхаіла Казіміра Радзівіла ў арыгінале налічвае некалькі тысяч старонак, што распавядаюць пра сямейныя радасці і няшчасці, соймавыя паседжанні і палітычныя справы, пра падарожжы па Еўропе, пра захапленне тэатрам, паляваннем, папойкамі і інш.

У вялікім шэрагу падзей гісторыі, у шматлікіх рэаліях побыту і што-дзённага жыцця, асветленых Міхаілам Казімірам у яго «Дыярыюшы», Лахва займае зусім нязначнае месца. Запісы сведчаць, што ўсяго-наўсяго Рыбанька быў тут разоў пятнаццаць: то праездам у Давыд-Гарадок ці ў Алыку2; то прыязджаў на ловы (паляванне) ў Надпрыпяцце ці ў Гарадавы лес3, на манеўры, што праводзіліся ў мясцовым гарнізоне; а то і проста адпачыць, як ён казаў, «у зацішку, адрынуўшы ўсе свае мантрэгі4». Але гістарычныя факты сведчаць, што Лахва значна развілася іменна ў перыяд праўлення Міхаіла Казіміра Радзівіла.5

Пісьмовыя крыніцы сведчаць

Урыўкі з дзённіка М. К. Радзівіла:

1736. Люты, 22. На абед прыбыў князь Рэпін, з каторым добра напіліся, я быў цвярозы, бо не быў да таго схільны; начаваў ён у мяне ў замку (у Нясвіжы — С. Н.). Дамовіліся ехаць у Лахву.

Люты, 23. Пагода ладна, пекна; рашылі ехаць усёй сям`ёй.

Люты, 27. Сёння Ясь і Карусь шчасліва пачалі трэці год, каторым хай дабрата Боская дазволіць пры добрым здароўі ўдала век свой пражыць, каб унукаў сваіх убачылі, адзначалі гэты дзень пры гучным з гарматаў біцці, асабліва ля поўначы, у гадзіне нараджэння іхняга.

Мажэц, 6. Зранку рушыўся з Лахвы, пакінуўшы там жонку6 маю. У Альбрыхтаве спаткаў мяне князь Ям Вішнявецкі, ваявода Віленскі гетман В. К. Літоўскага, з княгіняю, жонкай сваею а маёй сястрой, з каторымі сталі мы ў Кароліне. Вячэру з князем еў я і страшна ўпіўся, што ўсю ноч па месце на кані ездзіў.

1737. Люты, 3. Прыехаўшы з Олыкі стаў у Лахве, вёсцы маей; сам па-сялянску ўбраўшыся, з вяселлем прыехалі мы да жонкі маей, каторая мяне in illa metamorphosi7 не пазнала.

Люты, 13. Сёння шчасліва жонка мая 32 рок веку свайго скончыла, дай Божа абы сотні дачакалася ў добрым здароўі, будучы вялікай прыкладнасці матронаю; удзячнасцю чаго, пры гучным з ручной стрэльбы даванні агню, вясёла і шчасліва той дзень скончылі мы.

Люты, 23. Уночы ездзіў да Кажангарадка, насустрач князю Ямці Вішнявецкаму, гетману В. К. Літ., і жонцы ягонай а сястры маёй, каторых спатыкаўшы, з імі да Лахвы вярнуўся, каторую на мілю цэлую агнём асвяціць загадаў я, і мястэчка з палацам ілюмінаваў, і смела казаць можна, што шпільку знайсці на зямлі можна было.

Мажэц, 5. Па ватыве ў а.а. езуітаў ўводзілі мы п. Ельскага на стараства Пінска, каторы ... урачыста нас трактаваў; на каляцыі і на балі на Караліне ў княства, але і сам я захварэў і енеральна ўвесь мой двор хворы; дай Божа да дому дацягнуцца, не пакінуўшы тут нікога.

Мажэц, 7. Стаў шчасліва ў Лахве, дзе застаў сіла маіх людзей хворых, а сам яшчэ не прыйшоў да сябе.

1739. Стычэнь, 22. На абед сталі мы ў Лахве, там застаў скончанымі мураваных чатыры скарбніцы.

1752. Чэрвец, 13. Шчаслівы дзень 50 гадоў маіх скончыў у вялікай кампаніі; спачатку панегірыкі раздавана, затым настала вячэра, на каторай здравіцы пілі ... вечарам брат загадаў пышны фэерверк запаліць ...

1753. Серпень, 23. Бавіў час у касцёле. Слёзна, балюча, тры месяцы па Уршулі. Вечарам чытаў «Псалтыр».

Факты сведчаць, што дзённікавыя запісы вёў не толькі Міхаіл Казімір Радзівіл, але і ягоныя службоўцы. Ці то Рыбанька застаўляў весці запісы, ці то самі падладжваліся пад гаспадара і пісалі свае «мемуары».

У архівах Радзівілаў маюцца дзённікі з паметкамі: «Пісана рукой ксяндза Кучэўскага8» і «Рэгент9» (подпісы без прозвішча і ініцыялаў).

Урыўкі з дзённікавых запісаў:

14 лютага 1737 г. Да абеду госці адпачынак мелі. Па абедзе, запрогшы коней у сані, дружна паехалі да двору п. Ежы Яблоньскага10, каторы знарадзіў усю кампанію крынджоламі11 і санкамі. З Каралёвай гары12 спускаліся, забавы шмат было. А самая кратафія (пацеха), хто на Вір13 спускаўся, кувырком ляцелі.

16 лютага 1737 г. Крэпіць моцны мароз. Прыпяць змацавана тоўстым лёдам. Арганізавалі прывоз дубоў з-за Бакава14. Пан дужа дзіваваўся іх тоўшчы і ўхваляў іх.

18 лютага 1737 г. Прывезлі хвоі з-за Малой Марочні15. Зноў дзіваваўся князь з іх. Яс-ны распарадзіўся лес не чапаць, пакуль не прыедуць радцы па будове (кансультанты па будаўніцтву. — С. Н.)

24 лютага 1737 г. Да ўпаду стомлен; ловы чынілі, мужыкоў за сотню па загону пусцілі. Паўгарадавога лесу ахапілі, а дзічы ўсяго 9 падвод.

21 ліпеня 1752 г. Загадалі кусташу памагчы. Мяшчаны адправілі 6 фурманак. За віно і мёд не хвалююся, а рыба ці зберажэцца?

Радзівілы ў Лахве (другая палова XVIII ст. — першая палова XIX ст.)

Значна змяніліся абставіны з прыходам да ўлады сына Міхаіла Казіміра Радзівіла Рыбанькі — Караля Станіслава, па мянушцы Пане Каханку. Уся ўвага была сканцэнтравана на Нясвіжы і блізляжачых землях. Тут, у Лахве, яго мала цікавіў стан нейкіх там збудаванняў ці дарог. Маёнтак стаў месцам нажывы багацця. Для сялян усіх сёл і вёсак была уведзена паншчына, уціск адчулі нават местачкоўцы і яўрэі.

У запісах піўнічага16 Вацлава Шпігановіча маецца:

«Пажадана яго мосцю, каб усе борці паставілі ліпец17 у тэрмін двух дзён, а ардынатару Полюсю Бяльскаму арганізаваць люд з мясцечка і чэлядзь лёзную са снасцямі на лоў рыбы.
2 д. серпня 1782».
«Праца лахвенскіх падданых ператваралася ў мёд і збожжа, а ў канчатковым выніку — у золата і мастацкія вырабы, што ўпрыгожвалі на ўсю Еўропу Нясвіжскі палац, коштам гэтай працы набываліся рэдкія кнігі для бібліятэк і тая соль, якой пане Каханку пасыпаў дарогу, каб улетку ездзіць на санях». (В. Насевіч. «Памяць. Лунінецкі раён», с.41).

На мяжы XVIII – XIX стагоддзяў у Лахве зноў запульсавала жыццё. Дамінік Геранім Радзівіл, які на той час правіў маёнткам, зноў узнавіў запушчаную гаспадарку, акрамя таго, аднавіў палац і нават дабудаваў другі паверх, надаўшы палацу форму замка. Быў закладзены сад, загарожаны іпадром, нават існавала спартыўная школа, бо, як сведчаць факты, і сам Дамінік Геранім быў аматарам коннай язды.

З пісьма сябру Баляславу Беластоцкаму ў Давыд-Гарадок: «Дзень добры, шаноўны Болесь! На кані, што ты мне падарыў восенню, я гарцаваў вельмі ўдала. Ладны конь. Дужа дзякую. А на свята Маці Боскай Будслаўскай балю ладзілі ў Палецці18. Гонкі чынілі на 3 мілі да засценку Пшылесіцкага19. Мой Вронэк, што табой быў ухвалены тады, тут быў першы...»

Са смерцю Д.Г. Радзівіла згасла і лінія нясвіжскіх Радзівілаў у Лахве. Яго шматлікія маёнткі перададзены сваякам, а Лахва - дачцэ Стэфаніі (1809-1832), якую расійскі імператар выдаў замуж за сына вядомага генерал-фельдмаршала П.Х. Вітгенштэйна — Льва.

Лёс Радзівілаўскага імення

Стэфанія Вітгенштэйн прадала маёнтак памешчыку Чапскаму.

Пасля адмены прыгоннага права (1861 г.) сяляне і дваровыя людзі выйшлі з прыгонніцкай залежнасці, яны атрымалі асабістую свабоду і права распараджацца сваёй уласнасцю, займацца гандлем і промысламі, купляць рухомую і нерухомую маёмасць. Большасць зямлі Чапскія аддалі ў карыстанне сялянам; пэўны час (9 гадоў) сяляне яшчэ былі часоваабязанымі, пазней былі створаны сельскія грамады, сяляне атрымлівалі надзелы.

У канцы XIX ст. панскую сядзібу з гаспадарчымі аб`ектатамі і зямлю, што заставалася ва ўласнасці Чапскіх, купіў немец памешчык фон Дэрвіз. У 1905 г. ён заклаў землі, што размяшчаліся на поўнач ад Лахвы, Любані, Мокрава, у Мінскі сялянскі банк, які арганізаваў падзел тых земляў на дробныя ўчасткі. Участкі (адрубы і хутары) былі прададзены ў карыстанне людзям. Частка зямель (самых урадлівых) аставалася ў фон Дэрвіза.

Рэвалюцыя 1917 г. і грамадзянская вайна ўнеслі значныя карэктывы ў жыццёвы стан нашых мясцін. Лахва з 1921 г. па Рыжскаму мірнаму дагавору трапіла пад уладу Польшчы. На месцы радзівілаўскіх гаспадарчых аб`ектаў у Зарэччы (каля Паповых гор і Рэхаўні) быў заснаваны польскі маёнтак (дзяржаўнага тыпу), а побач, ва ўрочышчы Кукуцёлка — рыбгас. Радзівілаўская рэзідэнцыя яшчэ некаторы час была пад наглядам мясцовых шляхцічаў, але палац пачаў разбурацца і ў канцы 1920-х гадоў быў знішчаны, а пазней вынішчаны і сад.

Гэта мясціна і цяпер завецца Шляхтай. На месцы панскай сядзібы размясціліся фермы і механічны двор калгаса «Перамога» (цяпер СПК «Лахвенскі»). Да нашага часу існаваў каталіцкі касцёл, у якім пры калгасе быў склад; будынак разбурылі ў 2002 годзе.

Большасць лахвенскай шляхты выехала ў 1939-1941 гг. і ў 1945-1955 гадах у Польшчу. А застаўшыеся ў нашых мясцінах жыць Вішнявецкія, Макоўскія, Альшэўскія, Беластоцкія і інш. — даўно ўжо не шляхцічы, а карэнныя беларусы, якія, на жаль, не захоўваюць і нават не ведаюць гісторыю сваіх продкаў.

1 Мянушкі ў Радзівілаў даваліся па прычыне таго, што праз пэўны прамежак часу ў родзе даваліся аднолькавыя імёны. Напрыклад: Чорны, Сіротка, Рыбанька і інш.
2 Алыка — вялікае родавае іменне ў Валынскім ваяводстве (Украіна).
3 Гарадавы лес — так раней называлі лес каля Давыд-Гарадка.
4 Мантрэгі — клопаты і праблемы.
5 Міхаіл Казімір Радзівіл (мянушка Рыбанька): 13.06.1702 (г. Алыка Валынскага в-ва) — 22.05.1762. У 17 гадоў стаў ардынатарам нясвіжскім і алыцкім; быў нясвіжскім князем; пазней у спадчыну атрымаў Слуцкае і Капыльскае княствы. Дзяржаўны і ваенны дзеяч. Меў вялікае войска і мільёны чырвоных злотых. У шлюбе з Францішкай Уршуляй Вішнявецкай меў 4 дачок і 3 сыноў; у шлюбе з Ганнай Мыцельскай — 3 дачкі і сына.
6 Францішка Уршуля (13.02.1705 — 23.05.1753) — з роду князёў Вішнявецкіх, дачка Януша Вішнявецкага, кашталяна кракаўскага. З 1725 г. — жонка Міхаіла Казіміра Радзівіла. Пісьменніца, драматург, пісала вершы, гумарэскі, драмы; пісала на польскай, італьянскай, французскай і нямецкай мовах. Была прыхільніцай пашырэння асветы і бібліятэк.
7 У гэтым пераўтварэнні (з лацінскага).
8 Кучэўскі — ксёнз, тэолаг М.К. Радзівіла.
9 Рэгент — сакратар канцылярыі.
10 Двор Яблоньскага — пазней Яблонавы пляц, а ў XIX – XX ст. — урочышча Ябланёвы лясок.
11 Крынджолы — сані, збітыя з дошчак.
12 Каралёва гара — у ранейшыя часы — высокая, прыгожая гара па-над Смерддзю між Любанню і Лахаўкай; у XIX ст. — Кролева. 15 гадоў назад зямлю вывезлі на польдэр для дамбаў; зараз на руінах гары — могілкі сельгастэхнікі СПК «Новае Палессе».
13 Вір — у даўнія часы — на крутым павароце ракі Смердзь пад Каралёвай гарой — глыбокі вір.
14 Бакаў — урочышча за Прыпяццю каля Давыд-Гарадоцкага лесу.
15 Малая Марочня — відаць, Марочна, старое рэчышча якой размешчана цяпер між вёсак Обруб і Перунова.
16 Піўнічы — дваранін, адказны за вінныя прыпасы, а ў даным выпадку, можа, загадчык склада.
17 Ліпец — ліпавы мёд.
18 Палецце — урочышча Палетак, на ўсход ад Лахвы.
19 Засценак Пшылесіцкі — відаць, цяпер урочышча Прылессе, Трылесіца — за 2 км ад в. Любань; месца, дзе жыла любанская шляхта. Апошнія шляхцічы выехалі з гэтых месц у канцы 1950-х гадоў.

На верх старонкі


Магнатэрыя
Магнатэрыя ў XVIII стагоддзі

Радзівіл.
Міхал Казімір Радзівіл. З гравюры Г. Лейбовіча, XVIII ст.

Радзівілаўскія вазы.
Радзівілаўскія вазы. Мал. Басана

План маёнтка
План маёнтка ў Лахве.
Склаў С. Нефідовіч