| Лунінецкі раённы краязнаўчы музей Лунінецкі сшытак № 3-4Матэрыялы трэціх і чацвёртых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 13 снежня 2003 г. і 26 снежня 2004 г.Дадатак Навукова-даследчая і выдавецкая работа па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Лунінецкім раёнеВадзім Жылко, гісторык У апошнія гады ўзрос інтарэс да так званай «гісторыі паўсядзённасці», да гісторыі асобных рэгіёнаў, населеных пунктаў — і Лунінецкі раён не з’яўляецца ў гэтым сэнсе выключэннем. Пэўная навукова-даследчая і краязнаўчая работа, якая тут вядзецца, у тым ліку і па перыяду Вялікай Айчыннай вайны, бясспрэчна, мае шмат агульных рысаў з іншымі рэгіёнамі нашай краіны. Ёсць, аднак, і некаторыя адметнасці, на якіх хацелася б засяродзіць увагу ў гэтым паведамленні. Па-першае, даследчая праца на Лунінеччыне вядзецца пры адсутнасці рэгіянальных навуковых ці вышэйшых навучальных устаноў, таму ролю каардынуючага цэнтра тут у большай ступені даводзіцца выконваць раённаму краязнаўчаму музею, які імкнецца максімальна прыцягнуць да гэтай працы творчыя сілы мясцовых краязнаўцаў, журналістаў. Такім чынам, асноўная апора — на намаганні грамадскасці. Па-другое ж, нават пры адсутнасці адпаведнай матэрыяльнай і фінансавай базы, мясцовым гісторыкам і краязнаўцам ўдалося абагульніць вынікі сваёй працы шляхам выдання некалькіх краязнаўчых зборнікаў і іншых брашур, што, магчыма, зацікавіць іх калег з іншых рэгіёнаў. Трэба зазначыць, што стварэнне гісторыі таго ці іншага рэгіёна, хаця абапіраецца найперш на архіўныя крыніцы, спецыялізаваныя выданні, але не можа абыйсціся і без пэўнай «публіцыстычнасці», паколькі актыўна выкарыстоўваюцца таксама ўспаміны сведкаў і ўдзельнікаў падзей, матэрыялы сямейных архіваў і г.д. Гэта дастаткова агульная практыка ў краязнаўчай рабоце, вядома ж, пры крытычным вывучэнні такіх крыніц. Тым не менш яны дазваляюць стварыць больш дэтальную і красамоўную карціну падзей мінулага. Не выпадкова шэраг мемуараў землякоў быў выкарыстаны пры стварэнні кнігі «Памяць. Лунінецкі раён», якая ўбачыла свету ў 1995 годзе. Шэраг старонак Вялікай Айчыннай вайны занатаваны у кнігах мемуарнага кшталту, у тым ліку па партызанскім руху на Палессі — С.Н. Балахонава «Тропы ведут к дороге» (Перм, 1991), В.А. Літвінчука «Там, за Днепро-Бугом» (Брэст, 1992), па вызваленню гэтых мясцін у ліпені 44-га — П.Н. Кудзінава «Огненным мечом. Записки артиллерийского офицера» (Мінск, 1979), Ф.М. Еравога «Только крепче выходили из огня» (Масква, 1972), Н.Б. Івушкіна «За всё в ответе» (Масква, 1969) і «Место твоё впереди» (Масква, 1976), у двух кнігах М.М. Калінковіча «Лунинец» (Мінск, 1981 і 1990), у шматлікіх успамінах ветэранаў на старонках раённага перыядычнага друку. Успаміны франтавікоў і партызан таксама скарыстоўваліся лунінецкімі краязнаўцамі пры стварэнні гісторыі асобных вёсак, школ і г.д. Шмат у чым на мемуарных сведчаннях пабудаваны гістарычныя даследванні аб трагедыі вязняў гета на тэрыторыі Лунінеччыны, у чым сваю ролю адыгралі былыя землякі, цяперашнія жыхары «далёкага замежжа», якія штогод наведваюць Лунінецкі раён у складзе дэлегацый (дарэчы, пры іх непасрэднай дапамозе рэстаўрыраваны шэраг помнікаў на брацкіх магілах вязняў гета, адкрыты новыя такія помнікі). У апошні час больш грунтоўна пачалі разглядацца тэмы, якія раней заставаліся нібыта ў цяні, у тым ліку — паўсядзённае жыццё на Беларусі ў часы акупацыі, калабарацыянізм і інш. Значны фактычны матэрыял, у прыватнасці, утрымліваецца ў серыі гісторыка-краязнаўчых нарысаў Льва Коласава «Акупацыя», што друкаваліся у 2002-03 гадах у газеце «Лунінецкія навіны». Аўтар гэтых радкоў і лунінецкі гісторык Васіль Туміловіч выступілі у 2001 годзе у Мінску на міжнароднай канферэнцыі «22 чэрвеня 1941 года — пачатак савецка-германскай вайны: стан і праблемы ў беларускай і замежнай гісторыяграфіі» з дакладам «Лунінеччына паміж адступленнем савецкіх войск і нямецкай акупацыяй: крызіс улады і пачатак калабаранцкіх настрояў», дзе прааналізавалі шмат у чым унікальную сітуацыю на Палессі у чэрвені-ліпені 1941 года. Да пэўных заслуг мясцовых гісторыкаў і краязнаўцаў можна аднесці праведзеныя ў 2001-2003 гадах на базе раённага музея Лунінецкія краязнаўчыя чытанні (пакуль прайшлі тры такія канферэнцыі з удзелам пераважна краязнаўцаў з Лунінеччыны, а таксама былых землякоў, якія цяпер жывуць у Мінску і іншых гарадах Беларусі). Праходзілі яны фактычна на грамадскіх пачатках. Зразумела, што там закраналіся не толькі тэмы па перыяду Вялікай Айчыннай вайны, але і яны займалі сваё пачэснае месца. Таксама фактычна на грамадскіх пачатках, так бы мовіць, «самвыдатам» выдадзены зборнікі дакладаў чытанняў — «Лунінецкія сшыткі». Дарэчы, туды былі ўключаны і даклады, выступленні лунінецкіх аўтараў на міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, паколькі, на жаль, не заўсёды выдаюцца зборнікі такіх канферэнцый. Наклад «Сшыткаў» — 100 асобнікаў. Такім жа, хоць і невялікім накладам, у 2002 годзе была выдадзена (на гэты раз — з дапамогай раённага аддзела культуры) ілюстраваная каляровая брашура «Памятники земли лунинецкой», дзе сістэматызаваны звесткі аб помніках і гістарычных мясцінах края, змешчаны шэрагдаведачных матэрыялаў. Трэба дадаць, што ў Лунінецкім раёне у апошні час намаганнямі краязнаўцаў і музея, творчага клуба «Муза» выдадзены некалькі дзесяткаў брашур па краязнаўству, фальклору, літаратурнай творчасці лунінчан і г.д., але расповяд аб іх выходзіць ужо за рамкі дадзенага паведамлення. У цэлым жа працу лунінецкіх гісторыкаў, краязнаўцаў, проста аматараў даўніны можна расцэньваць як своеасаблівы каменьчык у падмурак нашага агульнага «збудавання» — грунтоўнага даследвання нацыянальнай гісторыі, у тым ліку і перыяду Вялікай Айчыннай вайны. (Паведамленне прагучала на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Навечна ў памяці народнай» Беларускага таварыства аховы помнікаў, г. Мінск, 14 красавіка 2004 года). |
|