Альманах "Лунінецкая муза", № 8

Вадзім Жылко, Віктар Пятроў

Права на пошук

Нарысы. Эсэ. Публіцыстыка.

Прывабнасць разнастайнасці

Чалавеку ўласціва цікавасць да новага, інакш кажучы, кожны з нас так ці гэтак карыстаецца сваім правам на пошук, нават у паўсядзённым жыцці. Не кажучы ўжо пра сферу творчасці, заснаваную на нястомным пошуку трапнага мастацкага вобраза і найбольш яркіх шляхоў яго ўвасаблення. Не кажучы пра навуку, дзе толькі пошук можа прывесці даследчыка да радасці адкрыцця...
Сабраныя ў гэтым альманаху публікацыі, на першы погляд, зусім розныя па сваёй тэматыцы, але і іх аб`ядноўвае творчы пошук аўтараў, хаця відавочна і розніца ў іх падыходах да выкладання тэмы. Вадзім Жылко — гісторык па адукацыі, удзельнік шэрагу міжнародных канферэнцый. Да адной з іх і быў падрыхтаваны яго даклад са спробай асвятлення паўсядзённай гіторыі Лунінеччыны ў апошняе дзесяцігоддзе. Здавалася б, гэта яшчэ не гісторыя, бо было на нашай памяці, зусім нядаўна. Але час няўмольны, і дзень учарашні — ўжо гісторыя. А гісторыя кожнага рэгіёна — нібы асобнае, непаўторнае «шкельца» ў агульнай «мазаіцы» айчыннай гісторыі, вартае зберажэння. Два іншыя матэрыялы В. Жылко, здаецца, больш аддаленыя ад нас, але тэмы іх у свой час зацікавілі аўтара, прымусілі заняцца зборам матэрыялу і выкласці яго ў папулярнай форме.
Калі ў згаданых работах аснова — факты, аўтар імкнецца ісці ад асобнага, канкрэтнага да абагульненняў, то два эсэ публіцыста Віктара Пятрова, якія завяршаюць гэты зборнік, больш палемічна завостраныя, тут шлях думкі адваротны — ад агульнага да асобнага, а сухая фактаграфія адступае на задні план. Аналіз і сінтэз — абодва метады маюць права на існаванне, а спалучэнне такіх розных матэрыялаў пад адной вокладкай толькі ўзбагачае, на наш погляд, гэтае выданне.

“Дзесяцігоддзе незалежнасці” на Лунінеччыне (1991–2001)

Вадзім Жылко
Тэзісы даклада прагучалі на міжнароднай канферэнцыі “Гісторыя, якой няма ў падручніках” (Мінск, 27 красавіка 2002 года).

Лунінецкі раён, адзін з палескіх раёнаў Брэсцкай вобласці, мае свае пэўныя асаблівасці. Па плошчы (2800 кв.км) ён з’яўляецца адным з самых вялікіх у рэспубліцы, па колькасці насельніцтва саступае толькі Столінскаму. Згодна з перапісам 1999 года, тут жыло 80500 чалавек, у тым ліку ў Лунінцы — 23900, у буйным пасёлку Мікашэвічы — 13800. Зразумела, што ў мінулыя дзесяцігоддзі тут, як і паўсюдна, ішоў працэс урбанізацыі — за 40 гадоў (1959–99) колькасць гарадскога насельніцтва ўзрасла ў 2,4 раза, пасялковага — у 4, а колькасць вяскоўцаў зменшылася на 24 %.

Лунінец вядомы ў гістарычных крыніцах з 1449 года. У сярэднявеччы змяніў шэраг уладальнікаў, у 1622-1842 гадах належаў Дзяцелавіцкаму праваслаўнаму манастыру. “Глухую”, як адзначалі даследчыкі, мясцовасць ажывіла будаўніцтва ў канцы XIX стагоддзя Палескіх чыгунак — Лунінец стаў чыгуначным вузлом, пасёлкам, з 1921 года — цэнтрам павета ў складзе Польшчы і горадам, з 1940 года — раённы цэнтр. Пацярпеўшы ў гады вайны (загінула звыш 18 тысяч жыхароў Лунінеччыны), у пасляваенныя дзесяцігоддзі здолеў аднавіцца, а з 70-х гадоў назіраецца і значны рост горада, звязаны з будаўніцтвам тут двух заводаў, у тым ліку буйнога прадпрыемства па вытворчасці электрарухавікоў (адначасова ішоў яшчэ больш хуткі рост Мікашэвіч, дзе было пабудавана аб’яднанне “Граніт”). Лунінецкі раён адносіцца да пацярпеўшых ад Чарнобыля.

Штодзённая гісторыя рэгіёна не вывучалася спецыяльна, але мясцовымі гісторыкамі і краязнаўцамі сабраны значны матэрыял па ёй. Леў Коласаў плённа даследуе перыяд 1920–30-х гадоў, нямецкай акупацыі, першых пасляваенных дзесяцігоддзяў і інш.; Васіль Туміловіч, Яўген Хвастоў і іншыя сабралі шмат звестак па гісторыі асобных населеных пунктаў; Л.Коласаў і Эльжбета Ліберман займаліся і канфесійнай гісторыяй. Аўтар гэтага даклада і некаторыя іншыя даследчыкі вывучалі перыяд 1940–80-х гадоў, суадносіны рэчаіснасці і яе адлюстравання ў мясцовай прэсе і г.д.

Мэта гэтага паведамлення — распавесці аб паўсядзённым жыцці гэтага палескага рэгіёна з пачатку 1990-х гадоў, умоўна кажучы, у “дзесяцігоддзе незалежнасці”. Не прэтэндуючы на шырокія абагульненні, сабраны матэрыял дае магчымасць прасачыць, як адбіваліся эканамічныя і грамадска-палітычныя працэсы ў жыцці насельнікаў дадзенай канкрэтнай мясцовасці.

Трэба адзначыць, што да пачатку 1990-х гадоў Лунінеччына падыйшла са сваімі пэўнымі асаблівасцямі. Вядома, тут, як і паўсюдна ў СССР, былі бачныя ўсе станоўчыя і адмоўныя бакі перабудовы. Апошнія гады існавання Саюза запомніліся мясцовым жыхарам хранічнымі крызісамі, недахопам тавараў, вялізнымі чэргамі за самым неабходным, разнастайнымі талонамі і купонамі. У сферы вытворчасці з канца 80-х гадоў з’явіліся першыя кааператывы, асобныя фермеры, некаторыя прадпрыемствы перайшлі на гасразлік, у в. Сінкевічы быў створаны філіял сумеснага савецка-швейцарскага прадпрыемства. Можна адзначыць і такую нязвыклую раней рэч, як стварэнне забастовачных камітэтаў на некаторых прадпрыемствах, якія выступалі з эканамічнымі патрабаваннямі.

Асаблівасцю жа Лунінеччыны ў гэты перыяд было тое, што толькі ў 1990 годзе, праз чатыры гады пасля Чарнобыля, раён быў прызнаны пацярпеўшым, гэтак жа, як Гомельская і Магілёўская вобласці. Тэма гэтая дамініравала ў лунінчан у той час, яна звязвалася і з “эпохай выбараў” народных дэпутатаў розных узроўняў (1989–90 гады), многія з якіх скарыстоўвалі чарнобыльскую тэматыку ў сваіх перадвыбарных праграмах. У выніку 25 населеных пунктаў Лунінецкага раёна былі прызнаны больш ці менш “забруджанымі”, жыхары іх (у тым ліку Лунінца) пачалі карыстацца пэўнымі ільготамі і г.д. Пачалося будаўніцтва пасёлка Дубаўка, куды ў 1991 годзе перасялілі частку жыхароў найбольш забруджанай вёскі Добрая Воля (хаця частка людзей перасяляцца адмовілася). Карыстаючыся фінансавымі паступленнямі па “чарнобыльскай” лініі, мясцовыя ўлады здолелі пабудаваць шэраг сацыяльных аб’ектаў. Але не ўсе — “помнікамі” таго перыяду засталіся ў Лунінцы будоўлі раённай бальніцы і Палаца культуры, шмат гадоў будаваліся і два басейны ў іншых населеных пунктах.

Падзеі жніўня 1991 года (ГКЧП і яго наступствы) адбіліся на Лунінеччыне ў крыху фарсавай форме: на ганку райаддзела ўнутраных спраў некаторы час стаяў аўтаматчык, а мясцовым кіраўнікам было даручана папярэдзіць сваіх падначаленых аб ролі працоўнай дысцыпліны ў такі адказны перыяд. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі, забарона КПБ таксама ўспрымаліся неяк абасоблена ад паўсядзённага жыцця. Будынак гаркама КПБ быў зачынены (праз некалькі месяцаў яго перадалі Дому дзіцячай творчасці, Дому культуры і рэдакцыі раённай газеты). Праўда, многія з партапаратчыкаў яшчэ да забароны КПБ нядрэнна ўладкаваліся ў савецкіх, гаспадарчых і іншых структурах. Пазней, з 1992 года, была спроба аднавіць камуністычную арганізацыю ў выглядзе ПКБ, якая потым неяк непрыкметна ператварылася ў КПБ, да гэтага часу яна звязана найперш з мясцовым таварыствам ветэранаў (абедзве арганізацыі ўзначальваюць адны і тыя ж людзі).

Распад СССР дагэтуль такі памятны многім лунінчанам не сам па сабе, а з-за практычна адначасовага “цэнавага шоку” пасля студзеньскай 1992 года “лібералізацыі” цэн. Наступныя гады — гэта перыяд пошукаў большасцю людзей шляхоў да выжывання. Яшчэ больш актывізуецца праца ва ўласных гаспадарках (Лунінеччына вядома найперш клубнічнымі палеткамі, другі сродак для выжывання — бульба), шырыцца стыхійны рынак — значна ўзрастае колькасць “чаўнакоў” на Украіну і ў Польшчу, хаця ў блізкі да мяжы Лунінец яшчэ больш прыязжае гандляроў з Украіны. Паралельна са значным пашырэннем афіцыйных месцаў для гандлю і разнастайных кірмашоў узнікаюць і стыхійныя месцы гандлю (так, цэлыя натоўпы збіраліся на пероне і нават рэйках да кожнага дызеля з Украіны, адкуль самым папулярным таварам быў спірт). Паступова, аднак, мяжа “закрылася на замок” шляхам усё большага ўзмацнення мытных перашкод. Трэба адзначыць, што большасць лунінчан успрымала абмежаванне паездак сюды ўкраінцаў больш-менш станоўча, згаджаючыся з афіцыйнай інфармацыяй, што “госці” падрываюць беларускую эканоміку. Узровень жыцця на Украіне ўспрымаўся, як горшы (праўда, у апошні час адносіны да яго не такія ўжо пэўныя).

У тыя гады пачалі наведваць край і больш пажаданыя для лунінчан госці. Паколькі да вайны тут існавала вельмі значнае яўрэйскае насельніцтва, якое было вынішчана фашыстамі, ацалеўшыя іх сваякі штогод пачалі прыязджаць дэлегацыямі з Ізраіля і ЗША, аднавілі за свае сродкі помнікі ахвярам гета у Лунінцы, вёсках Кажан-Гарадок, Лахва і іншых населеных пунктах. Праходзілі Дні памінання ахвяр фашызму. У 1994 годзе аналагічны дзень прайшоў з удзелам польскага боку на месцы калісьці населенай палякамі былой вёскі Белае Возера, адной з баз Арміі Краёвай (гітлераўцы закончылі распачатую яшчэ НКУС справу знішчэння гэтай вёскі). З кожным годам пашыралася і супрацоўніцтва з краінамі Еўропы ў гуманітарнай галіне — у “чарнобыльскі” раён паступала гуманітарная дапамога, усё больш дзяцей выязджала на аздараўленне на Захад, у Лунінца паступова з’явіліся гарады — пабрацімы (у Германіі, потым — Італіі і Польшчы). Пытанні “справядлівасці” пры атрыманні такой дапамогі вельмі хвалявалі значную частку лунінчан, як і распачатая потым кампанія па выплаце марак “остарбайтэрам”.

90-я гады — гэта ўсё большы рост колькасці сілавых структур (мытня, міліцыя, падатковая інспекцыя і інш.), а вось армія на гэтым фоне ўсё больш “дэградавала” (што лунінчане, якія шмат гадоў назіралі за жыццём размешчанай тут авіябазы, добра разумелі). Затое ліквідаванае “на хвалі перабудовы” мясцовае аддзяленне КДБ праз пэўны час было адноўлена (ужо пры Лукашэнку).

Гэтыя гады звязаны і са значным пагаршэннем становішча большасці прадпрыемстваў і гаспадарак. Некаторыя з іх закрыліся, частка была акцыяніравана (але фактычна без удзелу “чэкавай прыватызацыі”). Вельмі павялічылася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў, у тым ліку за кошт людзей, што страцілі работу. “Гандлёвы бум” выклікаў пэўную рэакцыю з боку мясцовых улад і спажывецкіх гандлёвых таварыстваў, прычым канкурэнцыя вядзецца далёка не толькі эканамічнымі сродкамі (напрыклад, частка гандлёвых кропак была ліквідавана ў час добраўпарадкавання цэнтра горада; з дапамогай міліцыі перакрываўся шлях у раён канкурэнтам — гандлярам з суседніх рэгіёнаў і г.д.).

Вельмі адмоўна адбіўся эканамічны крызіс на колькасці беспрацоўных. Беспрацоўе і страх згубіць працу ўсё больш вызначае сацыяльныя паводзіны лунінчан, іх стаўленне да ўлад.

Не засталіся лунінчане ў баку ад “доларызацыі” краіны — нелегальны гандаль валютай існуе дагэтуль. Увогуле ж за гэтае дзесяцігоддзе добра адчулі сябе некалькі існаваўшых раней банкаў, чаму сведчаннем сталі шыкоўныя па мясцовых мерках рамонты іх будынкаў. Нейкі час праіснаваў і філіял камерцыйнага банка “Дукат”, але пасля банкруцтва знік.

Лунінеччына не пазбегнула і характэрнага для Беларусі “катэджнага бума”, хаця дагэтуль аддаленыя раёны катэджнай забудовы нельга назваць паўнацэннымі — поўнасцю адсутнічае інфраструктура, існуе шмат праблем з інжынернымі сеткамі і камунікацыямі і г.д.

Лунінец з-за адсутнасці прыстойнага Палаца культуры (у адрозненне ад Мікашэвіч) не надта часта мог бачыць выступленні “зорак” эстрады, такіх канцэртаў тут не бывала часам цэлыя гады. На пачатку 90-х затое ўвагу гараджан дастаткова паспяхова прыцягвалі “зоркі” палітыкі: у 1992 годзе тут пабываў з групай аднадумцаў-дэпутатаў З. Пазьняк, у час перадвыбарнай кампаніі 1994 года — С. Шушкевіч, В. Новікаў, А. Лукашэнка (у лунінчан дагэтуль пануе думка, што непрыхільна сустрэты шчыраваўшымі за Кебіча мясцовымі ўладамі Аляксандр Рыгоравіч, стаўшы прэзідэнтам, ні разу па гэтай прычыне не наведваў больш Лунінец). Вынік выбараў 1994 года прывёў і да хуткай змены мясцовага старшыні райвыканкама, змяніў якога першы намеснік.

Абяцанні жорсткай барацьбы з карупцыяй, так добра сустрэтыя беларусамі, для лунінчан мелі і сваю адметнасць, бо мясцовы мэр якраз у гэты час вырашыў пасля абвінавачванняў у свой бок падацца ў бяга (пазней ён быў арыштаваны аж ці не на чачэнскай мяжы, асуджаны і адседзеў некалькі год).

Год 1995-ты прайшоў пад знакам парламенцкіх выбараў, яшчэ больш-менш свабодных. Спачатку ў дзвюх мясцовых акругах балатавалася каля двух дзесяткаў кандыдатаў, многія з якіх аб’явілі аб прыналежнасці да той ці іншай партыі (якія потым хуценька “канулі ў лету”). Але на паўторныя выбары (бо першыя не далі выніку) выйшлі толькі вядомы прадпрымальнік Валерый Кругавы (былы лунінчанін) і яго асноўны сапернік у першым туры, мясцовы намеснік старшыні райвыканкама. Упэўнена перамог Кругавы, але пасля вядомых падзей з рэферэндумам 1996 года страціў дэпутацкі мандат і пазней быў вымушаны выехаць у Польшчу. Частка лунінчан дагэтуль лічаць дэпутата “падманшчыкам”.

Увогуле ж палітычнае жыццё ў правінцыі з кожным годам рабілася ўсё больш непрыкметным. Партый, акрамя КПБ, у Лунінцы не зарэгістравана, хаця ёсць сябры БСДП (НГ) і БНФ.

Што да грамадскіх арганізацый, то большасць з іх — усё тыя ж, што і ў часы СССР (плюс БПСМ). Тым не менш ствараюцца і некаторыя новыя арганізацыі — напрыклад, маладзёжны цэнтр “Будучыня Лунінеччыны” (ад фонду Г. Грушавога), філіялы Асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам, Беларускай арганізацыі працоўных жанчын, Беларускага Хельсінскага камітэту, некаторыя творчыя клубы і г.д. Паралельна з Саюзам журналістаў узнікае і філія Беларускай асацыяцыі журналістаў, чаму спрыяла ўзнікненне паралельна з афіцыйнай “раёнкай” “Лунінецкія навіны” незалежнай газеты “Информ-прогулка” (існуе з 1993 года, з 1999 года змяніла свой профіль і перыядычнасць выхаду, стаўшы штотыднёвікам; за пару год павялічыла тыраж з 1000 да 6500 асобнікаў). Цэлы шэраг мясцовых літаратараў, дзякуючы кантактам з грамадскімі арганізацыямі, здолеў выдаць свае кнігі, існуе некалькі альманахаў і іншых відаў малатыражнай прэсы.

Рэферэндум 1996 года, як і паўсюдна, праходзіў пад жорсткім ціскам “вертыкалі” і падуладнай ёй прэсы. Лунінчан больш хвалявалі і нават падштурхоўвалі да нейкіх стыхійных акцый падзеі, больш звязаныя з іх паўсядзённым жыццём (напрыклад, калі ў будынку былой казармы вырашылі адкрыць спецкамендатуру, лунінчане пачалі збор подпісаў супраць з’яўлення ў горадзе вялікай колькасці асуджаных і г.д.). Узрушвалі горад і стыхійныя бедствы (накшталт ліўняў і паводкі летам 1993 года, вясновых замаразкаў 2000 года, урагана з моцным градам 2001 года і г.д.), крымінальныя падзеі (на Вялікдзень 1999 года ўзброены дэзерцір застрэліў двух лунінчан; зімой 2001 года амаль у адзін дзень адбылося некалькі зверскіх забойстваў, адначасова загінулі ў аўтакатастрофе некалькі чалавек).

Можна адзначыць і пэўны рост цягі да рэлігіі — адбудаваны некалькі праваслаўных цэркваў у вёсках, у Лунінцы хрысціяне веры Евангельскай пабудавалі свой прыгожы храм пасля таго, як мясцовыя каталікі адсудзілі ў іх будынак былога касцёла. Можна адзначыць і існаваўшыя пэўны час “нядзельныя рэлігійныя школы” у асобных навучальных установах (хаця мясцовыя ўлады і кіраўнікі школ не вельмі спрыялі гэтаму). У Лунінцы і асабліва Мікашэвічах узрасла і колькасць прыхільнікаў той ці іншай рэлігійнай канфесіі пратэстанцкага, “баптысцкага” складу.

Што да культурнага жыцця, то яго праявы больш блізкія для дастаткова вузкага кола мясцовай інтэлігенцыі і блізкіх да яе па духу людзей. Гарадскія і дзяржаўныя святы, разнастайныя кірмашы звычайна адзначаюцца дзённымі ці начнымі гуляннямі на гарадской плошчы, стадыёне накшталт вялікіх “дыскатэк” пад адкрытым небам. Значную цікавасць у сезон 2000 года выклікала выступленне футбольнага клуба “Лунінец” (створанага з “легіянераў” і праіснаваўшага два гады) — матчы збіралі тысячы балельшчыкаў.

Што праўда, у апошнія гады, пасля святкавання у канцы 1999 года 550-годдзя Лунінца, больш актыўнымі сталі гастролі больш-менш вядомых артыстаў. Юбілей стаў і нагодай для добраўпарадкавання горада, якое, аднак, з-за недахопу сродкаў расцягнулася на некалькі год ужо пасля юбілею і дагэтуль не завершана, хаця шэраг гарадскіх мясцін і набыў больш прывабны выгляд. Да 550-годдзя Лунінец набыў і ўласны герб, а потым — сцяг. У 2000 годзе было адзначана 60-годдзе раёна (з 1997 года ён уяўляе з Лунінцам адну адміністрацыйную адзінку), але значна больш сціпла.

Некалькі актывізавалася грамадскае жыццё ў перыяд парламенцкіх выбараў 2000 года, калі незалежны кандыдат, мясцовая журналістка, склала пэўную канкурэнцыю ранейшаму дэпутату, які ўсё ж здолеў абрацца і на наступны тэрмін. Выбары тыя паказалі існаванне пэўных пратэстных настрояў, хаця і падфарбаваных у папулісцкі колер. Прэзідэнцкія ж выбары 2001 года прайшлі без асобых “сюрпрызаў”, што было абумоўлена добра вядомымі прычынамі. Дарэчы,вясной таго года А. Лукашэнка пабываў у пасёлку Мікашэвічы, паабяцаўшы вырашыць большасць праблем пасёлка і “Граніта”. 2001 год звязаны і за зменай старшыні райвыканкама — гэтую пасаду заняў прадстаўнік Магілёўшчыны.

Тут ужо згадваліся вынікі перапісу 1999 года. Можна адзначыць стабільнае змяншэнне колькасці моладзі, рост колькасці пажылых людзей (у вёсцы пенсіянеры складаюць трэцюю частку, непрацаздольных людзей там большасць). Цікава, што каля 80% тых, хто старэйшы за 15 год, маюць базавую ці іншую адукацыю, але каля 1 % такіх людзей увогуле непісьменныя. Каля 60% насельнікаў Лунінеччыны, па іх словах, маюць толькі адну крыніцу даходаў, астатнія — дзве (пераважна асабістую гаспадарку). Нацыянальны склад лунінчан больш-менш аднастайны — 94 % складаюць беларусы, 4 % — рускія, каля 1 % — украінцы.

Падсумоўваючы, можна зазначыць, што Лунінецкі рэгіён пражыў апошняе дзесяцігоддзе ў тых жа ўмовах, што і ўся краіна, але меў і пэўныя асаблівасці.

Пры падрыхтоўцы гэтага паведамлення аўтарам былі выкарыстаны матэрыялы мясцовага друку (газеты “Лунінецкія навіны”, “Информ-прогулка”) і іншых перыядычных выданняў.

На верх старонкі