Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 1

Матэрыялы першых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 25 лістапада 2001 г.

Няўдалая спроба здачы кажан-гарадоцкіх паліцаяў у партызанскі палон восенню 1943 года.

Васіль Туміловіч, гісторык, г. Лунінец

Няўдачы нямецкіх войск на германа-савецкім фронце, што яскрава праявіліся пасля бітваў пад Масквою і Сталінградам, заставілі моцна задумацца аб непазбежнай адказнасці перад савецкім судом тых, хто супрацоўнічаў з германскімі акупацыйнымі ўладамі. Нават такі перакананы вораг камуністаў і савецкай улады, як Алесік (Жырко), і той прыняў прапанову савецкіх партызан аб супрацоўніцтве. У гэта цяжка паверыць, але факты – рэч упартая…

Як сведчыць жыхар Кажан-Гарадка былы партызан П. Чарняўскі, які вельмі добра ведае ход апісаных ніжэй падзей, восенню 1943 г. ва ўмовах глыбокай канспірацыі адбыліся перамовы паміж камендантам кажан-гарадоцкай паліцыі і камандаваннем партызанскай брыгады імя Кірава.

Перамовы вяліся на вул. Праход у хаце Івана Каратыша (Цурэса), які даводзіўся блізкім родзічам каменданту паліцыі. З боку паліцыі прысутнічалі 2 чалавекі: камендант Алесік і камандзір узвода Астапчык. Па даручэнню камандавання штаба брыгады, дэлегацыю партызан узначаліў камандзір роты Руфееў; з ім прысутнічала яшчэ некалькі чалавек. На месца сустрэчы партызаны прыйшлі задоўга да пачатку перамоваў, прыняўшы ўсе меры перасцярогі: выслалі разведку, выставілі дазоры, у Кажан-Гарадок узялі тых партызан, што добра ведалі мясцовасць. У хаце, дзе намячалася весці перамовы, устанавілі кулямёт…

Пацягнуліся доўгія хвіліны чакання… Яркі месяц заліваў халодным святлом вёску, што вельмі непакоіла партызан. Восеньскі вецер трывожна шапацеў у саду апалым лісцем, а вясковыя сабакі час ад часу парушалі напружаную цішыню гэтай непрадказальнай ночы сваім лянівым брэхам…

Стрэлкі гадзінніка марудна набліжаліся да ўмоўленай лічбы на цыферблаце. У вызначаны час падыйшла і дэлегацыя паліцаяў. Пераступіўшы парог, Жырко тут жа ўзняў руку «пад казырок» і назваўся: «Камендант паліцыі Алесік». Партызанскі парламенцёр устаў з-за стала і казырнуў у адказ: «Камандзір партызанскай роты Руфееў». А потым дадаў: «Зброю – на стол; толькі пры такіх умовах мы можам весці перамовы». Без лішніх слоў паліцыянты вылажылі свае пісталеты пасярод стала. Сюды ж паклаў свой і партызанскі камроты. Абставіны патрабавалі не зацягваць перамовы, і гэта разумелі абодва бакі. Дамовіліся, што ў вызначаны дзень Алесік выведзе ўсю паліцыю ва ўказанае месца як быццам бы для барацьбы супраць партызан. Тады партызаны акружаць і абяззброяць паліцэйскія падраздзяленні. На гэтым перамовы закончыліся: задаволенымі засталіся абодва бакі: і паліцэйскае кіраўніцтва, і дэлегацыя партызанскай брыгады.

Але далейшы ход аперацыі быў сарваны: у вызначаны дзень Алесік не прывёў паліцыю для здачы партызанам. Як стала вядома ўжо ў канцы вайны, камендант прызнаўся ў сваіх намерах жонцы, а тая змагла пераканаць мужа не ісці на змову з партызанамі: «Не вер нікому! Заб’юць выстралам у спіну як не партызаны, то паліцыянты; твая смерць выгадна і тым, і другім».

А партызаны, між іншым, чакалі здачы паліцэйскіх узводаў у дамоўленым месцы. Быў аддадзены строгі загад: «Алесіка не чапаць: каб ніводзін волас не ўпаў з яго галавы!». Камендант быў патрэбен толькі жывым як каштоўны сведка для суда пры вызначэнні далейшага лёсу паліцаяў і расследавання ваенных злачынстваў.

У выпадку здачы паліцаяў у палон, Алесіка трэба было б аберагаць і ад куль яго ж падначаленых. І, нарэшце, былога каменданта наўрад ці прыгаварыў бы савецкі суд да растрэлу: здача ў партызанскі палон хаця б аднаго ўзвода паліцыі магла б змягчыць судовы прыгавор і выратаваць Андрэю Алесіку жыццё.