Альманах "Лунінецкая муза", № 6

Размова з прысутнымі
Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці

Да чытача

Творчасць Уладзіслава Нядзведскага — неад’емная частка беларускай літаратуры. А для жыхароў Лунінеччыны, найперш Мікашэвіч, У.І. Нядзведскі — яшчэ і зямляк, бо тут прайшлі гады яго пасляваеннага сталення. Уладзіслаў Нядзведскі — аўтар каля дзесятка кніг прозы і паэзіі, але, на жаль, з моманту выхаду апошняй з іх прайшло ўжо шмат гадоў. Прапануемы зборнік — даніна памяці паэту-земляку і спроба данесці да сучаснага чытача вершаваныя творы Нядзведскага, у першую чаргу тыя, што звязаны з нашым краем. Выданне праілюстравана здымкамі з фондаў раённага краязнаўчага музея.

Вадзім Жылко, аўтар-складальнік

Размова з прысутнымі.

Старонкі дзённіка і жыцця пісьменніка Уладзіслава Нядзведскага — выхаванца мікашэвіцкага дзетдома

Ведамасць вучня шостага класа і мандат дэлегата V з’езда пісьменнікаў БССР, класіфікацыйны білет стралка-спартсмена і членскі білет Саюза пісьменнікаў, студэнцкі білет і пасведчанне да нагруднага знака Белдзяржуніверсітета, пуцёўка ў «Артэк», датаваная 1945 годам, і запрашэнне на заняткі літаратурнага гуртка… Фотаздымкі, на якіх — адзін, з жонкай Нінай, сястрой Віняй, аднакурснікамі, дачкой Алай… Уласныя кнігі і кнігі Ніла Гілевіча, Міколы Аўрамчыка, Дануты Бічэль-Загнетавай, Веры Палтаран — з цёплымі аўтографамі аўтараў… Дзесяткі экспанатаў захоўваюцца ў Лунінецкім краязнаўчым музеі. Аб’яднаныя адным імем. І галоўны з іх — агульны сшытак у цвёрдай кардоннай вокладцы. Дзённік…

З аўтабіяграфіі «Таму і напісаў», змешчанай у кнізе Уладзіслава Нядзведскага «Выбранае. Вершы і паэмы» (1976):

«Нарадзіўся 24 ліпеня 1929 года на адным з Рахавіцкіх хутароў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці (зараз — Салігорскі раён. — В.Ж.). Аб тым, як гадаваліся дзеці ў лесе і балотах, пісаць не буду. Гэта добра паказана ў творах старэйшых нашых пісьменнікаў. Памятаю дзень, калі маці адвяла мяне ў школу. Узыйшоў на ганак, азірнуўся, а яна стаіць і выцірае слёзы. Не ведаю, чаго яна заплакала. Малы быў — не спытаў, а пасля — было позна.

У школе мелася чатыры класы, скончылі яе за сем гадоў, бо даваліся элементарныя веды нават па такіх навуках, як астраномія. Не навучалі толькі беларускай мове, затое вучылі аж дзве рэлігіі — праваслаўную і каталіцкую. У сераду, скажам, з Хорастава, дзе была царква, у школу прыязджаў поп, а ў пятніцу — з Пузіч прыязджаў ксёндз. Кожны прапаведаваў сваё. Адзіны настаўнік выкладаў усе прадметы па-польску. Лупцаваў лінейкай па далонях і адцягваў вушы за кожны дрэнны ўчынак, за непадрыхтаваны ўрок і за кожнае слова, сказанае «па-дамашняму». Вучыўся я добра, скончыў два класы. 2 верасня 1939 года, праз дзень, калі гітлераўцы напалі на Польшчу, майго бацьку мабілізавалі ў польскае войска. Служыў ён непадалёку, у Лунінцы, два тыдні, а пасля, памятаю, надвячоркам у адной бялізне вярнуўся дамоў. У тым жа незабыўным верасні 1939-га я зноў пайшоў вучыцца. У трэці клас. У той жа самай школе вучыў нас той жа самы настаўнік. Нас вельмі здзівіла, што ён добра гаворыць па-руску і па-беларуску. Лягчэй вучыцца стала і таму, што ён перастаў нас цягаць за вушы і, наогул, зрабіўся зусім іншым чалавекам у адносінах да сваіх вучняў».

Летам 1941 года У. Нядзведскі скончыў пачатковую школу…А неўзабаве ўбачыў, як гарыць вогнішча, распаленнае немцамі і паліцаямі з кніг школьнай бібліятэкі. «Гэта быў толькі пачатак. Пазней мне давялося пабачыць шмат пажараў, у якіх гарэлі не толькі кнігі і хаты, але і людзі».

Але звернемся да дзённіка. Спачатку ён вельмі акуратны, запісы старанныя, ці не каліграфічныя. Эпіграф: «Оглянись, и мир вседневный многоцветен и чудесен!» А ніжэй: «Семиклассник. Дневник и записи для воспоминаний ученика VII класса Недведского Володи. 1946-47». Зразумела ж, невялікае ўласнае фота і побач — некалькі наклееных радкоў з мясцовай газеты, дзе ён названы выдатнікам вучобы. Запісы ў асноўным па-руску, ёсць, аднак, і беларускія, нават некалькі польскіх. Распарадак дня ў дзіцячым доме — у тым ліку насекчы дроў, згуляць на гармоніку… Перамаляваныя з падручнікаў Лермантаў, Спартак, Чапаеў… Перапісаныя папулярныя песні пасляваенных гадоў, побач — вершы А.К.Талстога… Запісы, зробленыя на памяць аднакласнікамі (і дзённік, і альбом). Уласныя дзіцячыя вершы тыпу «Восень», «Снежань», «Сёмы клас»…Замалёўкі: «На лінейцы», «Урок беларускага чытання». А вось яшчэ адна: «У метро». Гэта, калі ехаў у маі 1945 года праз Маскву ў «Артэк» па пуцёўцы. Як жа было не зайсці ў метро, не спусціцца па «лестнице-кудеснице». Пасажыры заўважылі вышытую кашулю, даведаліся, што хлопчык едзе з Беларусі. І пачаліся роспыты пра партызан!

«Сустрэча з партызанамі» — праз некалькі старонак. Успамін, як пайшлі хлопцы ў лес, сустрэлі ўзброеных людзей. Тыя пачаставалі іх мёдам, далі патрымаць вінтоўкі. І потым не аднойчы прыходзілі да бацькоў ноччу людзі, тапілася печ — гатавалі ежу. А неўзабаве атрад увогуле заняў вёсачку. Нават самалет з Масквы прылятаў у гэтыя мясціны.

З аўтабіяграфіі: «З лета 1942 года наша вёска увайшла ў партызанскую зону. Былі адноўлены савецкія законы і парадкі. Мужчыны два разы ў тыдзень хадзілі, напрыклад, на ваенную падрыхтоўку, часта прыязджала выступаць мастацкая самадзейнасць партызан. Мне тады па наіўнасці здавалася, што вайна недзе далёка. Я жорстка памыляўся».

Зноў пагартаем дзённік. «Навіны дня» (часам — вершаваныя), запісы пра васкрэснікі, калі хадзілі ў лес нарыхтоўваць дровы, вязаць венікі, пра вечар у школе, прысвечаны гадавіне Сталінскай канстытуцыі. І нават — «Мае філасофскія разважанні». Зразумела, крыху іранічныя.Паходы ў кіно, на танцы (праўда, часцей даводзілася іграць на гармоніку, чым самому танцаваць)… А навагодняе свята ў школе ў канцы снежня 1946 года ўвогуле практычна было сарванае — з-за нейкай няспраўнасці не стала электрычнага святла. Што вучні? Абураліся, вядома… І тут жа запіс пра мару — добра было б навучыцца на баяне іграць.

Дысанансам запіс: «Не магу я без прычыны смяяцца». І на палях сшытка пазначана: «16.ІІ.43». Тая самая дата...

Неяк вырваліся словы, запісаныя на адной са старонак дзённіка: цяжка, калі аднакласнікі просяць яшчэ і яшчэ расказваць пра падзеі лютага 1943 года. У іх жа бацькі ёсць... Дзіўна: раней даводзілася ад сваіх бацькоў на кожным кроку выслухоўваць павучанні, а гэта не вельмі падабалася. «Цяпер даводзіцца выхоўваць сябе самога».

3 аўтабіяграфіі: «У лютым 1943 года наш былы Ленінскі раён з усіх бакоў абкружыла амаль трыццацітысячнае фашысцкае войска. Пачалася блакада, а пасля аблава. Хаваліся людзі па лясах, але схавацца было цяжка — карнікі прачэсвалі ўсю мясцовасць, палілі ўсё, што траплялася на вочы, забівалі таксама ўсіх без выключэння. 3 нашых Рахавіч у час блакады загінула каля трохсот чалавек — больш паловы жыхароў».

Запіс у дзённіку «Страшная быль»: «16 лютага 1943 года, знайшоўшы нас у лесе, фашысты забілі маіх бацькоў і брата з сястрой (Антося і Стэфу — В.Ж.). Мне і малодшай сястры (Віні — В.Ж.) пашчасціла ўцячы, хаця наўздагон было выпушчана шмат аўтаматных чэргаў. Па следу фашысцкаму абозу ехаць было немагчыма, лес быў густы, і мы засталіся ў жывых, хаця потым прайшоў тым месцам ланцуг фашыстаў».

5 снежня 1946 года запісаны верш-успамін. Заканчваецца так:

Прогнали фашистов,
Но на жизнь упала тень,
И с этих дней тяжелых
Стал скучным каждый день.
Пазней ён напіша аб тым жа інакш, больш прафесійна, але гэтак жа шчыра:
А ў памяці — сорак трэці:
Дагарала сяло,
I, глытаючы снег счырванелы,
Я ўцякаў э-пад растрэлу.
Поўз між старых ялін,
Бога аб нечым маліў...
І немец мо пяць хвілін
Усё рагатаў — калі,
Дабраўшыся ў гушчар,
Схаваў я ў мурашнік твар.
Немец сказаў: «Капут!»
А мо не было тых пакут,
Што не даюць заснуць і цяпер?
Былі. А называецца верш «Размова з бацькам».
...Так, стаўшы дарослым знянацку,
Капаў я дол для цябе,
Мой незабыўны бацька.
Пасля, бы ў пачварным сне,
Крыж высякаў на сасне.
Адна з кніг Уладзіслава Нядзведскага называецца «Размова з адсутнымі». Размова, якую ён вёў усё жыццё...

3 аўтабіяграфіі У. Нядзведскага: «Пасля аблавы мы з сястрой засталіся жыць у матчынага брата Канстанціна Якімавіча Данілевіча... Жылося, вядома, нявесела. Але неўзабаве партызаны далі карову і каня. Карову трымалі, каня ў суседняй вёсцы прамянялі на вала і пусцілі яго на мяса. Жылі, як кажуць, седзячы ў лесе ды яшчэ «на клунках»: ледзь трывога — падхапіўся і ў балота. Немцаў больш аж да вызвалення ў нашай зоне не было. Наляталі толькі самалёты і бамбілі дрэнна замаскіраваныя буданы.

Летам 1944 года дзядзька пайшоў у армію, а восенню я сабраў клунак і рушыў у навуку. Адвёз мяне за 60 кіламетраў у Мікашэвічы наш аднавясковец Суднік Вінцэсь. Мы з яго сынам спалі першую ноч на возе, і ноччу нехта ўкраў Вінцэсевых коней. Стары вельмі перажываў, а мы нічым не маглі яму дапамагчы. Коні так і прапалі. У Мікашэвічах я жыў на кватэры. Райана плаціла мне 50 рублёў і выдавала 10 кілаграмаў мукі штомесячна. Так я і жыў. Вясною 1945 года мяне, як добрага вучня, камсамол паслаў у Артэк. Адпачыў, набраўся сіл, крыху забыў ваенныя жахі».

Якімі былі яны, пасляваенныя Мікашэвічы (пазней выведзеныя ў аповесці «Хлопцы з другога корпуса», як мястэчка Кірмашэвічы)? У дзённіку яны апісваюцца і ў прозе, і ў вершы. Школа фабрычна-заводскага навучання з чырвоным сцягам на мачце, комін і чырвонацагляныя склады фанернага завода. Навакольны лес. Вось паказаўся з-за яго дымок — значыць, неўзабаве на станцыі з’явіцца цягнік. Станцыя была ці не самым папулярным месцам для моладзі: дзе яшчэ было сябе паказаць ды на іншых паглядзець? Хаця, канешне, можна было прайсціся па тратуарах, па-заліхвацку ссунуўшы шапку на патыліцу (нават малюнак такі ў дзённіку ёсць). Ці на базар зайсці (у вершы радок: «А в закоулках спекулянты. Их до сих пор еще терпят»).

3 аўтабіяграфіі: «У лістападзе 1945 года райкам камсамола накіраваў мяне ў дзетдом, які адкрылі ў мястэчку».

Роўна праз два гады Уладзіслаў прызнаецца сабе ў дзённіку: «Спачатку было даволі дрэнна ў дзетдоме, але потым усё перамянілася да лепшага».

3 верша «Дома» (1954):

Мой верш прачытаўшы, махнеш ты рукой:
— Усё па шаблону, вядома:
Паездзіў па свету лірычны герой,
І вось ён вярнуўся дадому.
Магчыма і гэтак, ды толькі мяне
Не крыўдзі, мой сябра, дарэмна:
У доме дзіцячым я кожнай сцяне
Складаць абавязан паэму.
Аповесць “Хлопцы з другога корпуса” — аўтабіяграфічная. Віця Ляўковіч — зразумела, сам У.Нядзведскі, Арсень Зайцаў — А.П. Чаша (пазней дырэктар школы ў Мікашэвічах), начальнік міліцыі Гразоўскі — Гразноўскі, які загінуў ад кулі бандыта. Можна вызначыць і іншых прататыпаў, хоць прозвішчы іх некалькі зменены. А дырэктар дзіцячага дома Мікалай Пятровіч так і застаўся Мікалаем Пятровічам. Відаць, не выпадкова...

Гэта ён дазволіў выдаваць Валодзю любыя кнігі з бібліятэкі (а той адкрываў якраз свет літаратуры. «Ціхі Дон» і «Фама Гардзееў», Майн Рыд і часопіс «Вожык», «Як гартавалася сталь» і «Маладая гвардыя»... І выпіскі ў дзённіку з каверынскіх «Двух капітанаў»). Гэта Мікалай Пятровіч падтрымліваў свайго выхаванца ў канфліктах з іншымі педагогамі (а ў дзённіку сустракаюцца і такія выпадкі) — можа, на думку строгага фармаліста, дырэктар і вёў сябе непедагагічна, але галоўнае — справядліва. Гэта Мікалай Пятровіч дапамог свайму выпускніку... Але не варта забягаць наперад.

Валодзя адкрываў для сябе не толькі свет літаратуры. Хіба не цікава даведацца аб будове атама? Або паглядзець новы фільм? Выступіць у дзетдоме ў ролі Дзеда Мароза. Пастраляць на стрэльбішчы (раённая газета «Сталінец» назвала і яго прозвішча — выбіў 42 ачкі з 50). Лыжны крос. Футбол. Выстава школьных наглядных дапаможнікаў. Праца ў сталярнай майстэрні. Святкаванне гадавіны Кастрычніка на кватэры аднакласніка (з гарэлкай, між іншым). Паездкі на канікулы ў родныя Рахавічы да бабулі. Нарыхтоўка сена. А чым дрэнна схадзіць у клуб на канцэрт? Хай жыткавіцкія артысты былі халтуршчыкамі і толькі насмяшылі публіку, але ж потым прыехаў Палескі беларускі драмтэатр імя Я.Купалы са спектаклем «Хто смяецца апошнім»! Альбо запіс ад 31 студзеня 1947 году: «Я бачыў Якуба Коласа! Гэтай сустрэчы я ніколі не забуду!» (народны пясняр якраз сустрэўся ў Мікашэвічах з выбаршчыкамі). А яшчэ — паездка ў Пінск на абласную Спартакіяду. Занялі толькі чацвёртае месца, але свет паглядзелі. У Лунінцы, між іншым, зайшлі на базар, а потым узняліся на мост цераз чыгунку — здорава!

Жартоўны малюнак: у цэнтры шкаляр заклапочана чухае патыліцу, а ва ўсе бакі — дзесяткі сцежак з самымі рознымі прафесіямі. На адной з суседніх старонак малюнкі дзівосных жывёлін, якіх «я навучуся разводзіць»: слон-курыца, сабака-карова, заяц-певень... Жарты жартамі, але сапраўды трэба думаць пра будучыню. Запіс: «Канешне, я не буду кісляцінай. Я буду моцным, смелым, здаровым. Я так жадаю, і так будзе!». Праз нейкі час нехта з сяброў напісаў побач, каб збіць пэўную патэтычнасць: «Кісляцінай быў, кісляцінай і застаўся».

Вернемся да будучай прафесіі. На малюнку адна са сцежак абведзена чырвоным — і надпіс, датаваны 10 ліпеня 1947 года: “Я абраў гэты шлях”. Які? Настаўніка. Вырашана — пасля сямі класаў паступаць у педтэхнікум.

Групавое фота сямікласнікаў на развітанне — і характарыстыкі кожнага з вучняў. Танцы на адным з вечароў — і першы заробак: за гульню на гармоніку сабралі яму 37 рублёў, якія вырашыў патраціць на фотаздымкі.

Экзамены здадзены. Валодзя атрымлівае ўсе пяцёркі. Выступленне на выпускным вечары. Заметка раённай газеты пра 15 выпускнікоў сямігодкі. Між іншым, якраз адкрыўся восьмы клас. Дырэктар дзетдома Мікалай Пятровіч раіць вучыцца далей. Была размова аб гэтым і з загадчыкам аблана, які якраз завітаў у мястэчка. Пасля некаторых ваганняў вырашана — вучыцца ў восьмым класе.

Амаль як Маякоўскі, Уладзіслаў разважае на тэму: што такое «добра»? Закончыць сем класаў на «пяць». «Думаць, марыць, будаваць, лятаць таксама добра». Іграць на баяне «Раскинулось море широко». Добра, напэўна, і падарожнічаць. «Але, калі не варыць башка, усё дрэнна!» — нечакана заканчвае аўтар, сам, відаць, засаромеўшыся сваёй узнёсласці.

А летнімі вечарамі ходзяць хлопцы і дзяўчаты на станцыю, дзе Валодзя сярод іншага распавядае пра свой «праект» — што, калі пабудаваць на Зямлі сетку абсерваторый, стварыць карту зорнага неба з фотаздымкаў і палічыць усе зоркі?

«Вось я і ў восьмым класе» — сведчыць урачысты запіс ад 1 верасня 1947 году, побач з прыклеенай засохлай леташняй кветкай... 4 хлопцы і 8 дзяўчат у класе. Вучыцца няпроста, але цікава. Толькі з нямецкай мовай штосьці не шанцуе. У дзённіку нават цытата з Марка Твена, што гэтую мову прыдумалі людзі, якія пакутавалі ад зубнога болю… Канфлікт з дырэктарам школы, які абражае Валодзю. Крыўда. Мікалай Пятровіч супакойвае — ён на баку выхаванца, а не на баку «калегі-педагога».

Неяк Уладзіслаў падлічыў, колькі ў яго нагрузак, грамадскіх даручэнняў. Сакратар пярвічнай камсамольскай арганізацыі дзетдома (гэта самая любімая нагрузка. У дзённіку запіс: «Я не ўяўляю, як бы я цяпер быў не камсамольцам»). Нейкі час быў і сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі. Стараста класа, старшыня вучкама школы, старшыня краязнаўчага гуртка і гуртка па вывучэнню Статута ВЛКСМ — да гэтых нагрузак ён ставіцца, як да «навязаных прымусова». Справа яшчэ і ў тым, што галоўную нагрузку абраў сабе сам — з ёй жа звязаны і пакуль яшчэ цьмяныя разважанні аб іншай мары, апрача прафесіі педагога… У пачатку 1948 года жартаўлівым пратаколам аформлены план некалькіх апавяданняў. Сябе мяркуе выводзіць пад імем Віці.

У дзённіку — сачыненне ў вершах «3а што я люблю сваю Радзіму». Паслаў яго ў абласную «Палескую праўду», у мінскую «Чырвоную змену» - адказы адмоўныя. У «Вожык» адпраўлена байка «Казліны лёс» — пра фюрэра і яго нашчадкаў-імперыялістаў. Да 23 лютага падрыхтаваны верш пра армію — «Наша слава»... Не ўсе настаўнікі задаволены: пішаш там нешта, а вось каб для школьных свят які вершык... Карацей, не вядзеш «масавай работы». Але Мікалай Пятровіч, якому першаму даверыў чытаць свае творы, мяркуе інакш — калі ёсць жаданне, пойдзеш вучыцца на журналіста. На аб’яўлены Пінскім абкамам камсамола конкурс паслаў два апавяданні — «Руская закуска» і «Іванаў фільм». Для другога, пра кінамеханіка Івана Канапацкага, у час вайны ўзарваўшага кінатэатр з фашыстамі, збіраў матэрыялы, запісваючы словы сведкаў у блакнот. «Як сапраўдны пісьменнік», — іранізуе над сабой.

«Палеская праўда» 23 красавіка 1948 года надрукавала яго замалёўку. А вось нарыс пра дзетдом, як вынікае з адказу, няўдалы... Асобныя творы пахваліў рэдактар раённай газеты «Сталінец» Барысік. Хочацца пісаць — у дзённік заносяцца новыя вершы «Май» і «Смерць партызана».

Экзамены за восьмы клас. І адначасова — задума аповесці «Выхаванец» (аўтабіяграфічнай). А што рабіць пасля заканчэння васьмі класаў — ці то ехаць да дзядзькі ў Чэлябінскую вобласць, ці то да сваякоў у Маскву? А тут яшчэ абяцалі дапамагчы ўладкавацца ў рэдакцыю абласнай газеты ў Пінск.

13 чэрвеня 1948 года едзе ў абласны горад, але пакуль з іншай мэтай: паэты Мікола Гамолка, Анатоль Астрэйка і крытык А.Есакоў падводзяць вынікі літаратурнага конкурсу. Расчараванне: прэмію вырашана не прысуджаць, надрукавана будзе толькі адно апавяданне з усіх дасланых аўтарамі. Крытыка дастаткова жорсткая. Адзін пачынаючы «драматург» нават пайшоў «тапіць гора ў чайную». Не чаем, вядома.

3 аўтабіяграфіі: «У 1948 годзе летам пасля заканчэння восьмага класа пачаў працаваць піянерважатым. Працаваў і заканчваў сярэднюю школу. Вучыцца стаў дрэнна і за гэта меў не раз непрыемнасці». Тэарэтычна піянеры павінны называць яго ўжо з імем па бацьку. А яшчэ: цяпер можна без дазволу хадзіць у клуб, у кіно. Сустрэчныя дзяўчаты называюць «пісьменнікам». Ці то крыўдзіцца, ці то ганарыцца?

Эх, дзяўчаты... У восьмым класе на ўроку рускай літаратуры, калі праходзілі лірыку Пушкіна, замучылі настаўніцу Аляксандру Васільеўну пытаннем: што такое каханне? Крыху падсмейваліся, вядома. Той-сёй з былых аднакласнікаў ужо ажаніцца паспеў... А што ён, Валодзя, ведае пра каханне?

3 верша «Яна была» (1968):

Яна была непрыгожай —
Сябе суцяшаю цяпер я.
Проста была варонай
У галубіным пер’і.
Яна была раўнадушнай,
І ўсё ж у яе вачах я
Сотні разоў згараў,
А яна не ведала,
Што я згараю і чахну.
Не, маніў ён самому сабе. «Самай прыгожай дзяўчынай у школе» называў ён тую, хто стала пазней прататыпам Ніны Зямко з аповесці «Хлопцы з другога корпуса». Заўжды акружаная паклоннікамі. І ўсё ж... Ён не аднойчы цалаваў яе. Значыць, штосьці было? Не дапамогуць адказаць на гэтае пытанне нават выпісаныя словы Льва Талстога пра каханне.

Даўно забытыя прыгожыя малюнкі ў дзённіку. Почырк хуткі, няроўны... Галоўнае — не форма, а змест.

Дзве страсці, два пачуцці — прага кахання і прага творчасці. Шмат піша ў «Сталінец» і «Чырвоную змену», друкуецца. «Чырвоная змена» абяцала 7 лістапада 1948 года надрукаваць апавяданне «Іванаў фільм», але ўвесь нумар занялі даклады, прамовы. У роспачы Уладзіслаў запісвае: «А яшчэ свабода друку».

Дарэчы, яго любіла іншая дзяўчына. І ён ведаў. Але яму патрэбна была Яна. Шчымлівы запіс — «Размова з любімай». Ён памятаў, напэўна, кожны дзень. Як стаялі вечарам ля акна... Часам прыходзілі цвярозыя думкі: каханне было толькі з майго боку, з твайго — жарт і насмешка. Цалаваў — і гэтага было дастаткова, а каханне, дружба, жыццё былі толькі марай. Каханне, хоць і аднабаковае, прымусіла падцягнуцца, зрабіць сябе лепшым. Гэта цікавая, шчаслівая, але разам з тым жорсткая і каварная рэч — каханне. Роспач побач з надзеяй...

Чаму вырашыў ён стаць паэтам? У 1943 годзе вялікае ўражанне атрымаў ад верша Пімена Панчанкі ў скінутай з самалёта для партызан газеце. А сустрэча з Якубам Коласам? Хто ўвогуле зможа адказаць, як абуджаецца цяга да творчасці?

У 1950 годзе У.Нядзведскі скончыў сярэднюю школу, нейкі час працаваў сакратаром у газеце «Камуніст» — органе палітаддзела МТС. У 1950-55 гадах вучыўся ў Мінску на філфаку БДУ, у 1952 годзе надрукаваў першы верш у рэспубліканскім друку. Заняткі літаратурнага гуртка студэнтаў праводзілі Пятро Глебка і Кандрат Крапіва. Пасля заканчэння ўніверсітэта тры гады працаваў настаўнікам Гайнаўскай СШ на Лагойшчыне, дзе ў 1958 годзе выдаў першы зборнік вершаў, стаў сябрам Саюза пісьменнікаў. Потым была праца на Беларускім тэлебачанні, у часопісе «Маладосць». Аўтар кніг вершаў і прозы «Вясновыя барозны», «Запрашэнне», «Сто братоў і сясцёр», «У лясной старане», «Капронавыя галёшы», «Начная пагоня», «Размова з адсутнымі», «Хлопцы з другога корпуса», «Вузлы», «Выбранае». Трагічна загінуў Уладзіслаў Іосіфавіч Нядзведскі 17 кастрычніка 1973 года.

...Яна напісала на апошніх старонках дзённіка свой адказ, прачытаўшы перад тым Валодзевы словы. Сэрца не дае пакахаць яго, таму што нельга забыць іншае, першае, каханне. Я крыху кахала цябе, але іскру не здолелі раздуць у полымя.

Праз дваццаць гадоў ён напіша:

Яна была справядлівай.
Таму ў сямнаццаць гадоў.
Я памерці быў за яе гатоў.
Яна была няўдзячнай,
Таму што ў той незабыўны вечар
Пры нашай апошняй сустрэчы
Сказала шчыра і строга:
— Я кахаю другога...
Ён абяцаў напісаць кнігу «Школа жыцця» — і пра іх каханне даведаюцца тысячы чытачоў. Кнігі менавіта з такой назвай ён не напісаў.
В. Жылко.
***
Гэты нарыс убачыў свет на старонках газеты «Лунінецкія навіны» ў пачатку 1996 года (№№ 21, 24 і 27). Неўзабаве ў раённым краязнаўчым музеі быў адкрыты раздел экспазіцыі, прысвечаны пісьменніку і паэту, прайшла літаратурная вечарына з удзелам сястры Ул. Нядзведскага — Віні Іосіфаўны. А ў кастрычніку 2001 г. у мікашэвіцкай гімназіі ўрачыста быў адкрыты грамадскі літаратурны музей Уладзіслава Нядзведскага, у гэтай падзеі прынялі ўдзел сястра літаратара, яго сябры школьных часоў, педагогі і вучні, прадстаўнікі грамадскасці.
***
Уладзіслаў Нядзведскі напісаў нямала кніг, у тым ліку прозы. Але ніколі не адмаўляўся ад паэтычнага слова. Вершы яго — перад Вамі.


Вершы Уладзіміра Нядзведскага

СЭРЦА ДЫКТУЕ

Заўжды, калі дзень свой новы
У працы сустрэць іду я,
Аб міры і думы, і словы
Мне сэрца маё дыктуе.

Таму я ў сцены дома
Цагліны кладу, як сэрца,
Хачу, каб усім вядома
Аб гэтым было на свеце.

Хачу, каб і сонца, і зоры
Адбіліся ў вокнах шырокіх,
Сады і палёў прасторы
І роднага неба аблокі.

Хачу, бо так людзям трэба,
Каб радасным, светлым дом быў,
Было без зараваў неба,
Зямля не дрыжала ад бомбаў.

Калі ж маю працу разбурыць
Крывавая зграя памкнецца,
Нянавісць сталёваю бурай
З майго тады вырвецца сэрца.

Такія і думы, і словы
Мне сэрца маё дыктуе
Заўжды, калі дзень свой новы
У працы сустрэць іду я.
1951 г.

ДРУЖБА

Калышуцца Прыпяці хвалі,
Цалуюць пясок залацісты,
Плывуць у зялёныя далі
Ля ног у байца-сувязіста.

З узнятай наперад рукою
Ён стаў на гранітныя пліты,
Застыў над шырокай ракою,
З бліскучае бронзы адліты.

І ў дзень і вячэрняй парою
З паста баявога не сходзіць.
…Пра подзвіг высокі героя
Паданне жыве у народзе:

Хацелі на беразе гэтым
Фашысты схапіць сувязіста,
Што крочыў з сакрэтным пакетам
На ўсход па сцяжынцы імшыстай.

Ды з голубам, сябрам заветным,
Паслаў ён сакрэтныя словы.
А сам жа на беразе гэтым
Загінуў у схватцы суровай.

Сябры, што загад атрымалі,
Магутнаю рушылі сілай,
І Прыпяці бурныя хвалі
Для ворагаў сталі магілай.

І кажуць: ледзь ранак расісты
Абудзіць дубровы Палесся,
Да сябра свайго, сувязіста,
Той голуб ляціць з паднябесся.

Раскінуўшы белыя крылы,
На міг прынікае да бронзы,
К плячу, на якім адпачыла
Не раз, узыходзячы, сонца.

Калышуцца Прыпяці воды,
Іскрацца пад ранняй зарою.
І весткі аб міры заўсёды
Той голуб прыносіць герою.
1951 г.

ЖАДАННЕ

Сотні думак найлепшых,
Што у сэрцы сагрэты,
Пакладу сціплым вершам
На старонкі газеты.
Да палеткаў зялёных,
Будаўнічых пляцовак
Панясуць паштальёны
Маё шчырае слова.
І калі яму ў полі
Аграном будзе рады, —
Значыць, мне ён дазволіць
Быць у дружных брыгадах.
Як маё хваляванне
Муляру перадасца, —
Побач на рыштаванні
З ім стаяць буду ў працы.
Як крану сваім словам
Я дзявочае сэрца, —
Значыць, ранкам вясновым
Мне дзяўчына ўсміхнецца.
Як слязу ўтрэ хусцінай
Маці ў шчасці бязмерным, —
Значыць, будзе Радзіма
Песні сынавай верыць.
1953 г.

ДОМА

Мой верш прачытаўшы, махнеш ты рукой:
— Усё па шаблону, вядома:
Паездзіў па свету лірычны герой,
І вось ён вярнуўся дадому.

Магчыма і гэтак, ды толькі мяне
Не крыўдзі, мой сябра, дарэмна:
У доме дзіцячым я кожнай сцяне
Складаць абавязан паэму.

Таму, калі час толькі вольны знайду —
Збіраюся у падарожжа!
Да хлопчыкаў ноччу з вакзала іду,
І кожны уступіць мне ложак.

І лепей нідзе, вам на праўдзе скажу,
Чым тут, не пасплю я з дарогі,
Хоць коўдрай кароткай накрыты ляжу,
І з ложка тырчаць мае ногі.

Уранку ж спяшаюся ўсіх прывітаць
Маіх пабрацімаў і сёстраў,
І кожны з іх хоча што-небудзь спытаць,
А ўсіх — чалавек дзевяноста!

Мяне выхавальніца — гордасць мая —
Сустрэне і шчыра абдыме:
— Прыехаў.... — і будзе мінуту стаяць,
Глядзець, як на роднага сына.

Сустрэне дырэктар. Мяне ён цяпер
За сталага лічыць мужчыну:
— Хачу у паход па раёну цябе
Паслаць з піянерскай дружынай.

Я крочу ў паход між лясоў і палёў,
За мною ж у гальштуках алых
Пад горн піянерскі дзяцінства маё
Ідзе і не хоча прывалу.
1954 г.

НА ПАРТЫЗАНСКІМ АЭРАДРОМЕ

Навокал цішыня.
Толькі чутна, як зрэдку
Каласы зашумяць
На шырокім палетку.
Зашумяць і паклон
Хіляць бору старому,
Дзе прапелер відзён
Па-над аэрадромам.
Ён, як кветка, стаіць
На высокім кургане.
Мужны лётчык там спіць
З маладым партызанам.
І калі у бары
Восень вытча узоры,
Зноў палаюць кастры,
Зноў грукочуць маторы.
Трактарыст малады,
Меншы брат партызана,
З дружбакамі тады
Тут стаіць ля кургана.
Ён кранае рукой
Лопасць кветкі магутнай,
І над пушчай лясной
Гул прапелераў чутны.
1954 г.

МАЯ РАДАСЦЬ

Мая радасць ліствою
Не апала пад восень,
Над сцяжынкай глухою
Не панікла калоссем.

Маю радасць зімою
Не засыпалі сцюжы.
Мая радасць са мною,
Хоць і сумны я, — дружыць.

У дзетдоме пад Пінскам,
Дзе я рос выхаванцам,
З ёю — сведкай дзяцінства —
Зноў прыйшлося спаткацца.

Ля кастроў яна ўлетку
Тут звініць вечарамі,
Як са мной, па палетках
Ходзіць тут з хлапчукамі.

З імі крочыць у школу,
Заціхае за партай,
У радах камсамола
Набіраецца гарту.

Да маіх пабрацімаў
Мяне кліча на лета,
З ёй лягчэй у жыцці мне
Крочыць да мэты.
1954 г.

АДКАЗ

Ты помніш, як чэрвеньскай ноччу
Мяне без ніякай прычыны
Спытала, зірнуўшы у вочы:
— Ці можа заплакаць мужчына? —
Што мог адказаць на пытанне
Табе я сур`ёзна ці жартам?
Ішло са мной побач каханне,
Са школы ішло з атэстатам.
І мары цудоўныя нёс я,
Хацеў і спяваць і смяяцца.
Дый сорамна думаць пра слёзы,
Калі табе васемнаццаць.
Пасля на канікулы разам
Цягнік нас прывозіў улетку.
Пытанне ж чакала адказу,
А час пралятаў непрыкметна.
...Ты помніш расстання мінуты.
— Паеду з другім, — ты сказала.
Прыйшоў я тады з інстытута
І моўчкі стаяў ля вакзала.
Стаяў і глядзеў на калёсы,
Вагон твой праводзіў вачыма.
І горка ўсміхаўся праз слёзы,
Таму што не плача мужчына.
1955 г.

ВЯСЕННЯЕ

На вяршынях дубоў,
На бярозах і ліпах
У пупышках-вачах
І чаканне і роздум.

Да тугіх правадоў
Гуртам ластаўкі ліпнуць,
Каб у родных краях
Заказаць сабе гнёзды.
1956 г.

ГЕРОІ

Не ўсім з героямі знацца выпала,
Хоць можна словы пачуць часамі:
«Ах, з гэтым? Запроста... чарку выпілі,
Мне ён шчаку казытаў вусамі...»

Я многа з кім за бахвальства гэтае
Хацеў не раз уступіць у сварку,
Бо сам нямала герояў ведаю,
Хоць і не піў з імі разам чаркі.

Я разам з імі на панскай Піншыне
Чужое поле ў дзяцінстве сеяў,
Еў горкі хлеб, ад званца не ачышчаны,
Вастрыў сякеру на багацеяў.

Я разам з імі зімой марознаю
Вазіў калоды з лясоў на Прыпяць,
Стагнаў, глынуты Картуз-Бярозаю,
Глядзеў, як жвір на магілы сыплюць.

Гарэў у сёлах, фашыстам спаленых,
І рэзаў дрот на слупах тэлефонных.
У ноч глухую ляжаў між шпаламі,
Калі цягнікі пускаў пад адхоны.

Калі ж рыдлёўкамі межы ўскопвалі
Мы ў сорак пятым далёкім годзе,
Я разам з імі на шэрым попеле
Жыцця калгаснага зруб узводзіў.

Лавіў бандыт нас на лёдзе Грычына
І на марозе кідаў нас голых,
Прывязваў к соснам не раз вужышчамі,
Падпальваў свірны і нашы школы.

І ўсё ж мы выжылі, бо мы верылі
У шлях, што партыя азарае,
І браткі сталі мільянерамі
У грозным тым партызанскім краі.

Таму заўсёды, калі парою мне
Хто вестку з Піншчыны прысылае,
Я ўсіх сваіх землякоў героямі
Ад сэрца шчырага называю.
1957 г.

ВІШНЯ

Вецер увішны
Дзьме безупынку,
Злосна на вішню
Сыпле сняжынкі.
Вішня ж на вецці
Іх дбайна трымае,
Нібы суквецці
Белыя ў маі.
1957 г.

РАЗМОВА З АДСУТНЫМІ

Зноў спакою ўсю ноч
Няма,
Зноў надзея на сон
Малая.
Зноў, нібы чараўнік
Ці маг,
Я з адсутнымі
Размаўляю.
Размаўляю,
І ўласны
Крок
Прападае між слоў
Нячутных.
Размаўляю,
Нібы на ўрок
Зноў сабраў я
Усіх адсутных.
Размаўляю
Ў начной цішы
З сябрукамі сваімі
Былымі,
Нібы тут — перад імі —
Рашыў
Зноўку стаць
Хлапчуком малым я.
Размаўляю,
Нібыта пішу
Успамін пра той час
Суровы.
Размаўляю,
Нібыта грашу,
Ім сказаўшы
Такія словы.
Размаўляю з матуляй,
Што нас
Чацвярых гадавала
У хаце
І якую у грозны час
Ад навалы
Не змог ўратаваць я.
І з настаўніцай тою,
З якой
Мы буквар перачытвалі
Разам
І якая маёю рукой
Над тым першым
Вадзіла сказам.
Размаўляю
З дзяўчынаю той,
Што ля школы
Мяне цалавала,
Што мой першы
Забрала спакой
І апошні мой сон
Забрала.
Размаўляю
З суседам, што — як гульне —
Мне паказваў
Старую стрэльбу,
І з фашыстам,
Што кулю мне
Нёс здалёку —
З-пад самай Эльбы.
Ноччу сэрца туга грызе,
Ноччу грудзі
Мне боль сціскае.
Я адсутных усіх
Па чарзе
Для размовы к сабе
Выклікаю.
Суцяшаюць яны мяне.
І знікае след дум
Пакутных,
І знікае
Мой цень на сцяне,
Нібы сам я —
Таксама адсутны.
1968 г.

РАЗМОВА З БАЦЬКАМ

Непрыкметна сівець
Пачалі валасы.
А быў жа калісьці
Я малы і кволы,
Быў свайго бацькі сын.
Даўно ўсё гэта было,
А ў памяці — сорак трэці:
Дагарало сяло,
І, глытаючы снег счырванелы,
Я ўцякаў з-пад расстрэлу...
Поўз між старых ялін,
Бога аб нечым маліў...
І немец мо пяць хвілін
Усе рагатаў — калі
Дабраўшыся ў гушчар,
Схаваў я ў мурашнік твар.
Немец сказаў: «Капут!»
А мо не было тых пакут,
Што заснуць не даюць?

...Так, стаўшы дарослым знянацку,
Капаў я дол для цябе,
Мой незабыўны бацька.
Пасля, бы ў пачварным сне,
Крыж высякаў на сасне.
Пасля паранены партызан,
Што хадзіў з бярозавай кульбай,
Суцяшаў мяне і казаў:
— Не плач, дружышча!
І цэлы месяц карміў
Мяне абгарэлаю бульбай,
Што выграбаў з пажарышчаў.
Каб нечым аддзячыць яму
За дабрату і ласку,
Я падказаў, дзе сусед
Хавае кабылу Ласку.

Партызан на развітанне
Абяцаў, што вінтоўку дастане.
Я доўга чакаў яго:
З паўгода, а можа год.
Пасля ў шырокі свет
Свой скіраваў я след
І выжыў у лютай бядзе,
Бо хлеб свой еў недарэмна.
Шанцавала на добрых людзей
Больш, чым на дрэнных.
Яны, як каму наплыве,
Чалавека з мяне рабілі:
То гладзілі па галаве,
То моцна па ёй жа білі.
Усе пераносіў нішкам
Я радасць сваю і ліха —
І нават пачаў паціху
Пісаць сваю першую кніжку.
І можа з прычыны гэтай
На скроні просіцца срэбра,
І людзі завуць паэтам
І лічаць, што я ім патрэбны.
Яны мяне, бацька, павер,
Заўважылі і ацанілі
І з музай на пяты паверх
Новага дома ўсялілі.

Сяджу і ў цішы начной
Размаўляю з табой.
Калі ж наплывуць успаміны
І выйсця няма другога —
Я моўчкі цалую сына,
Спяшаюся зноў у дарогу.
Туды, дзе стары сусед
Глядзіць і дагэтуль коса,
Туды, да цябе, дзе след,
Выходзячы ў белы свет,
Нагою адціснуў босай.
1968 г.

ПАЛЕССЕ

Калісьці маткі тут нараджалі
Сваіх немаўлят на палосцы.
І немаўляты твае падрасталі,
Пісалі яны на бяросце,

Над лучынай у вечар зімовы
Сабе абпальвалі вейкі,
І, нібы закляцце, гучалі словы:
«Палешукі мы, а не чалавекі».

Палессе! Сынам сваім ты даравала
Не толькі жыццё і сілу —
Ты пастухоў сваіх і генералаў
Для гісторыі ўзрасціла.

Палессе! Шмат табе давялося
Зведаць начэй і ранняў.
Ты, як хірург, ігліцамі сосен
Зашывала акопаў раны.

Палессе! Не толькі ў барах ты,
Не толькі ў палях і ўзгорках, —
Жывеш ты крывёй чорнай нафты,
Жывеш сваёй соллю золкай.

Сёння паветрам напоўнены веснім
Рэк і дарог тваіх жылы.
І моўчкі ўнукі слухаюць песні
Медальных тваіх старажылаў.
1968 г.

А СПАТКАННЯ НЯМА...

Я кудысьці ўсё еду і еду.
Я кудысьці лячу і плыву.
На зямлі ж з усяго —
Ані следу,
Толькі сум
Кружыць мне галаву.
Я кудысьці бягу
І спяшаю,
Як спяшаецца
Вечнасць сама.
Я кагосьці шукаю, чакаю,
А спаткання
Няма і няма.
Што ж, магчыма,
Мой лёс гэтак хоча.
Гэта ён мяне кружыць,
Як вір.
Толькі веру
Ў ласкавыя вочы,
Што вядуць
У бязмежную шыр.
1968 г.

ЯНА БЫЛА...

Яна была непрыгожай —
Сябе суцяшаю цяпер я.
Проста была варонай
У галубіным пер`і.
Яна была раўнадушнай,
І ўсё ж у яе вачах я
Сотні разоў згараў.
А яна не ведала,
Што я згараю і чахну.
Яна была недаступнай.
Проста, дакрануўшыся
Да яе рукі,
Я адчуваў, што плыву
На хвалях нейкай дзіўнай ракі.
Яна была адзінокай.
Таму сябры мае ўпотай
Малявалі яе партрэты
І нікому не паказвалі
Іх потым.
Яна была справядлівай.
Таму ў семнаццаць гадоў
Я памерці быў за яе гатоў.
Яна была няўдзячнай,
Таму што ў той незабыўны вечар
Пры нашай апошняй сустрэчы
Сказала шчыра і строга:
— Я кахаю другога...
1968 г.

Я ПОМНЮ ЎСЁ

Я помню ўсё...
Я стаў дарослым рана —
У дваццаць год на скронях сівізна.
Зноў у грудзях занылі моцна раны,
І праклінаю я цябе, вайна!
Я помню ўсё...
Магілы на узгорку,
Дзе плача вечна ссохлая сасна
І лезе ў вочы дым пажараў горкі:
Праклён табе, пачварная вайна!
Я помню ўсё...
Стаяў я побач з тымі,
Хто на змаганне родны край узняў.
Гудзе няўмольна перазвон Хатыні:
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё...
Як вывадак звярыны
Жывых дзяцей у яму заганяў,
Я помню крыж фашысцкі на машыне...
Праклён табе, праклён табе, вайна!
Я помню ўсё...
І як гарэлі людзі...
Ліпучы снег, што кроўю набрыняў.
Мне крык памершых раздзірае грудзі:
Праклён, фашызм! Праклён табе, вайна!
1970 г.

ГРЫБЫ

Яны вераць, што тут, у цішы,
Дзень свой першы сустрэнуць дрыготкі
І для шчырае нечай душы
Зробяцца дзіўнай знаходкай.

Яны з шапак страсаюць пясок
І наводзяць свой рыжы глянец,
Каб уранку з акопа разок
На далёкае сонца глянуць.

Каб кароткі свой век у другой
Завяршыць у мясціне дзесьці...
Вось чаму, хоць з адною нагой,
Грыб імкнецца на бруствер узлезці.
1970 г.

У ПІНСКІМ ЛЕСЕ

Над Ланню у Пінскім лесе
Ёсць такая мірная вёска,
Дзе партызан замест песень
Сніць кулямётны лёскат.

Мінула гадоў нямала,
А помніцца... Ў кожнай хаце
Для ўсіх партызанаў бывалых
Знайшлася сястра і маці.

Гасцей сваіх доўгачаканых
Чым маглі, яны частавалі.
Толькі пайшлі партызаны
Туды, дзе баі іх чакалі.

Прыйшлі яны ў лагер проста
Між соснаў, між кронаў дубовых,
І там на карце з бяросты
Спланавалі свой бой чарговы.

Чарговы... Ён быў, як першы,
Як соценны бой са смерцю...
Яго не апішаш вершам,
Яго, нібы ран, не сцерці.

Таму, калі ў госці кліча
Мяне партызан з-пад Пінска,
Я ведаю: пералічваць
Будзе ён зноў абеліскі —
Як герояў, з якіх быў кожны
У першым баі і апошнім.
1970 г.

На верх старонкі


Уладзіслаў Нядзведскі. 1960 г.

Уладзіслаў Нядзведскі.
Здымак 1947 г.

Нядзведскі з сястрой
З сястрой Віняй. 1948 г.

Дзядзькі Уладзіслава.
Злева направа: дзядзькі Уладзіслава — Віктар, Сямён і Канстанцін Данілевічы, стрыечны брат (сын Сямёна)

Дырэктар дзетдома
Дырэктар дзіцячага дома Мікалай Пятровіч Цыганкоў.

Лыжны крос
Лыжны крос

Жонка
Жонка Ніна Паўлаўна

З дачкой
З дачкой Алай. 1957 г.

На зборах
На вайсковых зборах.
Львоў, 1967 г.

Сястра
Сястра Віня Іосіфаўна Нядзведская. 1996 г.

Зборы
Зборы пасля IV курса БДУ. 1954 г.

Дзетдом
Мікашэвіцкі дзетдом. Злева — тагачасны дырэктар Сакаленка.

Бацька і маці
Бацька Іосіф Антонавіч і маці Кацярына Акімаўна