Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 2

Матэрыялы другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 7 снежня 2002 г.

З гісторыі вёсак

Любань

Сцяпан Нефідовіч в. Любань

Пра Любань бытуе легенда:

— Гэта было гадоў 400 назад. Шмат дзікіх звяроў і птушак вадзілася ў тутэйшых лясах і балотах. Любіў у гэтых мясцінах паляваць князь Радзівіл, які меў памесці ў Давыд-Гарадку ды ў Лахве.

Неяк прыехаў князь са сваёй світай на паляванне. Імжэў дождж, было мокра. Прамоклі, прамерзлі паляўнічыя. Трэба было дзесьці абсушыцца, абагрэцца. У хуткім часе выехалі на паляну, вялікую, светлую. А на паляне — поле, на ўзгорку па-над Смерддзю — некалькі хатак. Тут якраз і сонца з-за хмар выглянула, прыгрэла. Князь аж павесялеў ад задавальнення.

— Люба мне тут! — усклікнуў князь, — Люба мне. Тут і спыніліся.

Спадабалася мясціна і дружыне княжаскай.

— Што за мясціна? Як называецца? — пытаюць адзін аднаго людзі са світы.

— Любанне, — быў адказ.

І спынілася дружына адпачыць, абсохнуць, павесяліцца ў дварах ды ў хатах, дзе жылі добрыя шаўцы — шэўчыкі — так іх называлі ў той час. Пазней шэўчыкі набылі вядомасць, прозвішча атрымалі — Шэўчыкі. Разрасліся іх сем`і, атрымалі зямельныя надзелы іх сыны, зяці. Вырасла вёска Любанне. З гадамі змянілася крыху назва — у Любань перайшла. Мо і не зусім так яно было, бо гэта толькі легенда, але доля праўды ўсё-такі ёсць. Сапраўды, урочышча ў даўнія гады было размешчана на ўзгорку, па-над Смерддзю, вакол распалагаліся лясы (сведчанне таму — назвы ваколіц: Барок, Лаза, Залессе, Трылесіца, Кукуцёлка). Знаходзячыся на бойкіх дарогах, што вялі з Лахвы ў Мокрава і з Лахвы ў Давыд-Гарадок, гэта мясціна не магла не спадабацца людзям. Тут было прыгожа і люба, таму і назвалі Любаннем. Дарэчы, ва ўжытку мясцовых жыхароў і зараз бытую назва Любанне.

Праўда і тое, што самае распаўсюджанае прозвішча ў Любані — Шэўчык.

У друкаваных крыніцах першае ўпамінанне пра Любань датуецца 1588 годам. Вядома, што тады вёска належала маёнтку Лахва, тут мелася 29 валок зямлі. Значыць, гэта мясціна заселена да 1588 года, але не раней 1523-га. Бо вядома, што калі ў 1523 годзе троцкі кашталян і слонімскі дзяржаўца Ян Мікалаевіч Радзівіл запатрабаваў ад швагра, уладальніка Лахвы, Пятра Станіслававіча Кішкі выдзелу сястры Ганне (жонцы Радзівіла) адпаведнай часткі атчызных, мацярызных земляў, і пагаджэнне было дасягнута, то пры складзе інвентарызацыі ў спісах вёсак і двароў Любань яшчэ не ўпамінаецца. У далейшых інвентарах лічыцца: у 1672 годзе Любань — сяло маёнтка Лахва, 22 двары і 28,5 валокі (з іх 13 пустых); у 1785 г. Любань - сяло маёнтка Лахва, 46 двароў.

Спрадвеку ў Любані ніякіх прамысловых аб`ектаў не мелася; жылі тут сяляне, якія займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, бортніцтвам ды рыбнай лоўляй. Жылі цяжка, у беднасці, а таму колькасць насельніцтва расла марудна. Па справаздачы за 1912 год, складзенай лахаўскім валасным старшынёй Нікіфарам Ляніўкам, у Любані лічыўся 61 двор (параўнаем: у 1785 г. — 46 двароў).

Аб беднасці сялян сведчыць і той факт, што летам таго ж 1912 года, калі з ваеннай мэтай вялося абследаванне групай капітана Кандаурава ўчастка дарогі пасёлак Лунінец — м. Лахва — м. Леніна, у Любані зафіксавана 28 калодзежаў (на 61 двор).

У 1914 годзе на свае сродкі любанцы адкрылі пачатковую школу. На пасады настаўнікаў былі запрошаны вясковыя больш адукаваныя па тым часе хлопцы Іван Мікалаевіч Караніха, а з 1915 г. — Андрэй Рыгоравіч Шэўчык. Заняткі вяліся ў хатах вяскоўцаў, на рускай мове.

- х -
Значных перамен у перыяд 1917-1921 гг. у Любані не адбылося, хаця і быў створаны валасны Савет, у склад якога уваходзілі К.М. Шэўчык, А.Г. Шэўчык, У.Р. Пракаповіч і І.С. Рамановіч, але ўсе планы ўстанаўлення новага жыцця былі змецены віхурай грамадзянскай вайны.

Прыкметны прагрэс адбыўся ў гады панавання Польшчы (1921-1939 гг.); рэзка павялічылася колькасць насельніцтва, масава вялося будаўніцтва новых двароў; пашыраўся выпуск розных тавараў народнага промыслу, а суадносна і гандаль таварамі; значна пашырылася плошча ворыўных зямель, сенакосаў; узрасла ўраджайнасць сельгаскультур; павышалася культура быту. З 1922 года зноў адкрылася школа, і к канцу 30-х гадоў вучобай была задзеяна асноўная колькасць вясковых дзяцей.

У 1928 годзе пачалося масавае перасяленне з вёсак на хутары. Шмат сялян паправіла сваё матэрыяльнае становішча, асабліва хутаране. Але многія па-ранейшаму жылі ў беднасці, некаторыя былі ў стане малазямелля ці беззямелля і арандавалі ўчасткі. І ўсё ж, жадаючыя зарабіць грошы такую магчымасць мелі: на нарыхтоўцы і пасадцы лесу, на будаўніцтве грэблі Лахва — Давыд-Гарадок, на копцы канаў і насыпцы дамбаў у рыбгасе «Лахва».

У Любані была пабудавана цагельня, якой кіраваў Янкель Клаз (8 рабочых). У 1934 г. арганізавана рыбалавецкая арцель. Абслугоўванне паромнай пераправы праз раку Прыпяць (Лахаўскі перавоз) вялося таксама брыгадай любанцаў.

- х -
У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы землякі мужна змагаліся з нямецка-фашыцкімі захопнікамі: адны ў партызанскіх атрадах, другія — на франтах.

Вядомасць набыла партызанская сям`я Івана Ільіча Канапацкага: старэйшы васемнаццацігадовы сын Іван загінуў пры выкананні баявога задання ля вёскі Сітніцкі Двор, а малодшы, тады зусім юны Паўлік (цяпер жыхар Лахвы), быў слаўным разведчыкам атрада імя Сталіна брыгады імя Кірава. Хадзіў на баявыя заданні і бацька, Іван Ільіч.

Напамінам пра ваеннае ліхалецце з`яўляецца брацкая магіла, у якой пахаваны чырвонаармейцы і партызаны брыгады імя Кірава Пінскага злучэння, што загінулі пры вызваленні раёна ў 1944 годзе. На вуліцы Залесскай, ля Дома культуры, у 1969 годзе пастаўлены абеліск у памяць аб іх, а таксама аб 102 земляках, загінуўшых у гады вайны.

- х -
У 1948-49 гг. у Любані былі створаны 2 калгасы: імя Панамарэнкі і імя Някрасава. У 1950 г. гэтыя калгасы і калгасы вёскі Лахаўка былі аб`яднаны ў адну гаспадарку «Сцяг камунізму». У верасні 1959 года «Сцяг камунізму» аб`яднаўся з перуноўскім калгасам імя Дзяржынскага ў адну буйную гаспадарку, якая ў 1964 годзе атрымала назву «Новае Палессе». Дзякуючы ўмеламу кіраўніку, таленавітаму старшыні, які ў 1959 годзе ўзначаліў гэтую гаспадарку, Уладзіміру Апанасавічу Сцепчанку, калгас за кароткі тэрмін змог з адстаючых выйсці на перадавыя рубяжы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У часы яго кіравання (да 1974 г.) «Новае Палессе» — адзін з буйнейшых калгасаў (меў 5151 га зямлі, у тым ліку 1864 — ворыва) стаў эканамічна моцнай гаспадаркай. Тут была развіта не толькі мяса-малочная і зерневая галіна, але і свінагадоўля, птушкагадоўля, пчалаводства, вырошчваліся бульба і буракі. Так, у 1967 г. у калгасе мелася 55 трактароў, 18 камбайнаў, больш за 30 аўтамашын і многа іншай сельгастэхнікі.

За працоўныя заслугі дзесяткі калгаснікаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а старшыня У.А. Сцепчанка ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай працы (1966 г.). Цяпер адна з цэнтральных вуліц Любані носіць імя Сцепчанкі.

60-70-я гады мінулага стагоддзя — гэта гады росквіту Любані: з хутароў у вёску ссяліліся ўсе хутаране; было пабудавана шмат новых прыгожых дамоў, у тым ліку чатырох- і васьмікватэрных; узведзены прыгожыя будынкі Дома культуры і сярэдняй школы, КБА з гасцініцай і гандлёвы цэнтр, 2 дзіцячыя садкі і лазнева-пральны камбінат, паштовае аддзяленне і ФАП, праўленне калгаса і ашчадная каса, закладзены вялікі парк і ўзведзены стадыён. Працавалі шматлікія спартыўныя секцыі. А футбольная каманда «Новае Палессе» не аднойчы заваёўвала кубкі раёна, вобласці і нават рэспублікі. Выхаванцы любанскай футбольнай школы выступалі нават у камандах вышэйшай лігі: так, Мікалай Шчагрыковіч — у складзе салігорскага «Шахцёра», а Сяргей Шэўчык зараз выступае у складзе жодзінскага «Тарпеда».

У 1960-80 гг. Любань была напоўнена бурным культурным жыццём: працавала музычная школа, пры СДК меўся вялікі калектыў мастацкай самадзейнасці; вельмі часта на сцэне ДК выступалі вядомыя хоры, ансамблі і лепшыя артысты Беларусі. У вёсцы неаднаразова бываў П.М. Машэраў, гасцямі калгаснікаў былі Ніл Гілевіч, Пімен Панчанка, Іван Шамякін, Анатоль Вярцінскі і іншыя, а таксама артысты Купалаўскага тэатра. А Андрэй Макаёнак па сямейных абставінах некаторы час жыў тут. У той час ім напісана п`еса «Таблетка пад язык», прататыпам галоўнага героя якой з`яўляецца У.А. Сцепчанка.

- х -
Жыхары Любані спрадвеку былі руплівымі гаспадарамі, харошымі майстрамі. Тут жылі бондары, майстры па дрэву і па пляценню з лазы, і нават да нядаўняга часу ў вёсцы вялося ткацтва. На жаль, усё гэта адышло ў нябыт, як адышлі і народныя традыцыі, песні і танцы разам са старымі людзьмі, што ляглі на вечны спачын пад могілкавыя бярозы.

Сучасную Любань нельга назваць перспектыўнай, бо, хаця і размешчана ў выгадным месцы (праз вёску праходзіць чыгунка Брэст-Гомель ды і аўтамагістраль Гомель-Кобрын побач), як і ва ўсёй Беларусі, дэмаграфічная карціна несуцяшальная: колькасць пенсіянераў інтэнсіўна ўзрастае, нараджальнасці няма, смяротнасць перавышае нараджальнасць.

Аналізуючы карціну народанасельніцтва вёскі, вынікае, што на пачатку 1946 года ў Любані пражывала 980 жыхароў (224 гаспадаркі), у 1972 г. — 1202 чалавекі (326 гаспадаркі), у 1992 г. — 1137 чалавек (360 гаспадарак), у 2002 г. — 939 чалавек (314 гаспадарак) — бачым, вёска па колькасці людзей выйшла на ўзровень 1944 года. У пік росквіту вёскі (1972 г.) у Любанскай СШ навучалася 374 вучні, а сёлета — 194.

Многіх нашых землякоў лёс раскідаў па розных канцах белага свету, але ў кожнага з іх у сэрцы жыве гэтая маленькая часцінка зямлі, гэты куточак, што носіць прыгожую назву Любань.

На верх старонкі