Лунінецкі раённы краязнаўчы музей
ДУ “Ліцэй г. Лунінца”

Лунінецкі сшытак

Спецвыпуск № 2

Праграма спецкурса “Лунінеччыназнаўства”

Аўтары:
Ніна Барысаўна Трэгубава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ліцэя г. Лунінца;
Вадзім Вітальевіч Жылко, навуковы супрацоўнік Лунінецкага раённага краязнаўчага музея

Праграма была прэзентавана ў час рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Краязнаўчая адукацыя і грамадзянскае выхаванне” ў Белдзяржпедуніверсітэце імя М. Танка (г. Мінск, 26 красавіка 2006 года)


Тлумачальная запіска

Сёння гаварыць пра выхаванне грамадзяніна і патрыёта Рэспублікі Беларусь, свядомага прадстаўніка нацыі — значыць дбаць пра будучыню краю, Бацькаўшчыны.

Важны сродак фармавання нацыянальнай самасвядомасці — далучэнне моладзі да культурна-гістарычнай спадчыны сваёй Радзімы, і ў першую чаргу — таго кутка, дзе жывеш.

Дбаючы пра будучыню Бацькаўшчыны, народ пакінуў нам, сваім нашчадкам, багатую і духоўную, і матэрыяльную спадчыну. Ведаць, зберагаць, памнажаць яе — пачэсны абавязак моладзі.

Праграма курса “Лунінеччыназнаўства” ахоплівае тэмы гісторыі, культуры, прыроды рэгіёна.

Мэта курса — далучэнне вучняў да багатай культурна-гістарычнай спадчыны раёна шляхам комплекснага краязнаўчага вывучэння Лунінеччыны.

Задачы курса:

развіццё пазнавальных інтарэсаў вучняў праз вывучэнне роднага краю на розных этапах гісторыі;

выхаванне нацыянальнай самасвядомасці праз вывучэнне духоўнай спадчыны Лунінеччыны;

абуджэнне цікавасці да роднага краю;

фармаванне грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў, беражлівых адносін да прыроды, духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей роднага кутка;

развіццё творчых здольнасцей вучняў; фармаванне пошукава-даследчых навыкаў.

Праграмны матэрыял пададзены ў трох раздзелах, якія падзелены на тэмы. Пасля кожнай з іх прапануюцца практычныя заняткі ў розных формах: экскурсіі, сустрэчы, інтэрв’ю і інш., плануюцца пасадка дрэў, збор насення рэдкіх раслін, рэкамендуецца напісанне рэфератаў, сачыненняў, падрыхтоўка паведамленняў, складанне карт і турыстычных маршрутаў, віктарын і крыжаванак, стварэнне слоўнікаў і інш.

Тэарэтычны матэрыял можа падавацца ў форме лекцый настаўніка, дакладаў вучняў.

Цікавы і змястоўны матэрыял, удала падабраны настаўнікам, у канчатковым выніку падвядзе школьнікаў да высновы, што яны — жыхары цудоўнага краю, у якім многа незабыўных куточкаў, што гэты куток Беларусі мае таленавітых людзей, якіх натхняе на стварэнне выдатных твораў, што родныя краявіды — гэта частка Радзімы.

Такі агульны кірунак краязнаўчай працы — мэтанакіраванае далучэнне моладзі да гісторыі, роднай мовы, прыроды, фальклору — будзе садзейнічаць фармаванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, дапаможа спазнаць родны край, яго мінулае і сучаснае, усвядоміць сябе паўнапраўнымі беларусамі.

Пашпарт Лунінеччыны

Лунінецкі раён размешчаны на ўсходзе Брэсцкай вобласці. Створаны ў студзені 1940 года, у сучасных межах з 1979 года. Плошча складае 2700 кв.км., на якіх размешчаны 82 населеныя пункты, у тым ліку гарады Лунінец і Мікашэвічы. Насельніцтва раёна на 1 студзеня 2004 года складала 78400 чалавек, з іх гарадское — 37600.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Прыпяцкага Палесся. Працякаюць рака Прыпяць з прытокамі (Случ, Лань, Цна, Смердзь, Бобрык), шэраг меліярацыйных каналаў. Найвялікшыя азёры — Белае, Чорнае, Вулька, водасховішчы — Велута, Сабельскае. Лясы, пераважна хвойныя, займаюць 40% тэрыторыі раёна, балоты — каля 15% (звыш 78 тысяч гектараў асушаны). Найвялікшы балотны масіў — Грычын. На тэрыторыі раёна поўнасцю ці часткова размешчаны заказнікі “Лунінскі”, “Борскі” і “Сярэдняя Прыпяць”. Запаведнае Белае возера вызначаецца не толькі чысцінёй вады, але і унікальнамі раслінамі — лабеліяй Дортмана (на тэрыторыі Беларусі сустракаецца толькі тут і ў возеры Свіцязь), палушнікам азёрным. Карысныя выкапні на тэрыторыі раёна — граніт, торф, пясок, гліна, сапрапель.

Праз раён прахозяць чыгуначныя лініі на Брэст, Гомель, Сарны, Баранавічы, аўтамабільныя дарогі Брэст-Гомель, Лунінец-Пінск, Лунінец-Ганцавічы, Мікашэвічы-Салігорск.

На тэрыторыі Лунінеччыны археолагамі выяўлены рэшткі шэрагу паселішчаў, пачынаючы з часоў неаліту. Сярод назваў археалагічных помнікаў — Гарбарава гара, Татарская магіла і інш. Раскопкі вяліся на гарадзішчы каля в. Кажан-Гарадок. Нямала і палеанталагічных знаходак, асабліва ля Мікашэвіч.

У сярэднявеччы шэраг населеных пунктаў Лунінеччыны належаў некалькім вядомым феадальным дынастыям ВКЛ, у тым ліку Радзівілам, Давойнам, Шчытам, Кішкам, Друцка-Любецкім і інш. У в. Дзятлавічы звыш за 200 гадоў існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр. Пры ім была досыць буйная бібліятэка, вёўся рукапісны сінодзік (памінальная кніга). Буйнымі мястэчкамі з’яўляліся Кажан-Гарадок і Лахва (у 1655 годзе спаленыя маскоўскімі войскамі). Шмат цікавых фактаў на тэму “Радзівілы ў Лахве” сабраў у наш час лунінецкі краязнавец С. Нефідовіч. Род Друцка-Любецкіх каля чатырох стагоддзяў валодаў вёскай Лунін, тут існавала палацава-паркавая сядзіба з унікальнай бібліятэкай, нейкі час працавалі мастак Міхал Кулеша, этнограф Рамуальд Зянькевіч (аўтар працы аб урочышчах і звычаях Пінска-Лунінецкага рэгіёну). У Кажан-Гарадку памешчыкі Шчыты таксама пабудавалі прыгожую сядзібу з палацам. На жаль, у цяперашнім Лунінецкім раёне не захавалася ніводная сядзіба з раней існаваўшых (звесткі аб іх утрымліваюцца ў кнігах Л. Несцярчука і А. Федарука). Зніклі многія храмы, і не толькі праваслаўныя, але і касцёлы, сінагогі (а некалі ж існавалі і кальвінісцкія храмы). З ацалелых да пабудоў архітэктуры XVIII-XIX стагоддзяў адносяцца праваслаўныя храмы ў Сінкевічах (Георгіеўская царква, 1723), Кажан-Гарадку (Свята-Мікалаеўская, 1818), Вялікіх Чучавічах (Пакроўская, 1846-51), Лахве (Прачысценская), пачатку ХХ стагоддзя — у Лунінцы (Свята-Крыжаўздвіжанская царква, 1912-21), Язвінках (Спаса-Праабражэнская, 1910), будынак былой лазні у пас. Палескі (былы маёнтак Крэстунова, 1905). Шэраг разбураных цэркваў у апошнія гады быў адбудаваны. Частка абразоў з храмаў Лунінеччыны цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску.

Лунінец вядомы з 1449 г. як Малы Лулін, Лулінец. У 1588 г. налічвалася 75 двароў, 484 жыхары. У 1620-1842 гадах сяло належала Дзятлавіцкаму праваслаўнаму мужчынскаму манастыру. Пасля будаўніцтва Палескіх чыгунак у 1884-1886 гг. паскорылася эканамічнае развіццё края. У 1897 г. у Лунінцы было 855 двароў, 3167 жыхароў. Павялічылася і паселішча Мікашэвічы (вядома з 1785 года), дзе з’явіліся лесаапрацоўчыя прадпрыемствы.

У XVII стагоддзі праз Лунінеччыну праязджаў продак Лермантава Джордж Лермонт, у XVIII — вядомы расійскі навуковец і дзяржаўны дзеяч Васіль Тацішчаў і знакамітая “лекарка”, аўтарка мемуараў аб сваіх авантурных прыгодах Саламея Русецкая (Пільштынова), у XIX — рэвалюцыйны дэмакрат і публіцыст Франц Савіч, знакаміты пісьменнік Юзаф Крашэўскі, літаратар Казімір Кантрым. Уладзіслаў Сыракомля ўвасобіў у вершах паданне “Авідзій на Палессі” — Відуш-гару пад Кажан-Гарадком у паданнях называюць магілай славутага рымляніна. Праваслаўны святар з Луніна Платон Ціхановіч стварыў на мясцовым матэрыяле даследванне “Беларуская граматыка”. У пачатку ХХ стагоддзя на Лунінеччыне збіралі матэрыялы вядомы лінгвіст-акадэмік Яўхім Карскі, этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, яго калега Ісаак Сербаў (у 2005 годзе з дапамогай ураджэнцаў Лунінеччыны была перавыдадзена яго кніга “Вічынскія паляне” аб адной з мясцовасцяў Лунінецкага краю; упершыню гэтая кніга ўбачыла свет у 1928 годзе).

У пачатку ХХ стагоддзя на Лунінеччыне вяліся меліярацыйныя работы, узнік шэраг новых паселішчаў, названых у гонар меліяратараў, у тым ліку вядомых навукоўцаў У.Р. Рыдзігера і А.Ф. Флярова, што працавалі тут. У 1904 годзе праз Лунінец праязджаў імператар Мікалай II, аб чым ёсць запіс у яго дзённіку.

У 1911-12 гадах у Лунінцы жыў і працаваў настаўнікам Якуб Колас, які стварыў тут шэраг сваіх твораў, частку паэмы “Сымон-музыка”. У 1947 годзе народны пясняр пабываў у Сінкевічах і Мікашэвічах у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета. Аб гэтых фактах з жыцця паэта нагадваюць некалькі мемарыяльных дошак, а ў 2005 годзе ў Лунінцы адкрыты помнік яму. Штогод ладзяцца літаратурныя святы “Каласавіны”. У час жыцця ў Лунінцы Якуб Колас быў знаёмы з жонкай мясцовага святара Соф’яй Прорвіч. Пазней яна стала праваслаўнай пісьменніцай, шмат друкуючыся ў рэлігійных выданнях Польшчы. Біяграфію зямлячкі ў наш час аднавіў краязнавец Васіль Туміловіч, а ў 2004 годзе ў Мінску быў выдадзены зборнік яе твораў “Любили отцы наши Бога”.

У 1916-17 годзе на Піншчыне і Лунінеччыне, у прыфрантавой зоне першай сусветнай вайны, служыў у інжынерна-будаўнічай дружыне знакаміты рускі паэт Аляксандр Блок, у гэты час край наведаў і пісьменнік Аляксей Талстой. На Лунінеччыне штогод адзначаюць гадавіны смерці Блока і даследчыка яго “палескага перыяду” жыцця, аўтара кнігі “Палескія дні Аляксандра Блока” (1985), лунінецкага пісьменніка і гісторыка Мікалая Калінковіча. У гонар Блока ёсць мемарыяльныя дошкі ў Лунінцы і на станцыі Лоўча, а М.Калінковічу ў Лунінцы пастаўлены помнік работы вядомага беларускага скульптара Мікалая Кандрацьева. Алег Лойка ў свой час напісаў верш “Блок у Лунінцы”. У час першай сусветнай у Лунінцы бываў і будучы вядомы савецкі дзеяч Міхаіл Фрунзе; захаваўся дом, дзе ён жыў. У 1918-20 гадах у Лунінцы працаваў настаўнікам будучы знакаміты авіяканструктар Павел Сухі (у 2005 годзе адкрыты помнік яму).

Пасля падзей рэвалюцыі 1917 года і савецка-польскай вайны край у складзе Заходняй Беларусі адышоў да Польшчы. Захаваліся будынкі, дзе некалі месціліся Лунінецкі рэўком і штаб Палескага паўстання супраць кайзераўскіх войск. Крыху пазней на Лунінеччыне супраць польскіх улад дзейнічалі партызаны Кірылы Арлоўскага. У 1921 годзе Лунінец атрымаў статус горада і стаў цэнтрам аднайменнага павета Палескага ваяводства, налічваў у 1920-30-я гады каля 8 тысяч жыхароў. У многіх краінах Еўропы была вядома прадукцыя мікашэвіцкіх дрэваапрацоўчых фірмаў. Лунінецкі край вабіў не толькі турыстаў, але і польскіх этнографаў, фатографаў, напрыклад, Юзафа Абрэмбскага. Іх фотаздымкі праз шмат гадоў былі аб’яднаны ў альбоме “Палессе”, выдадзеным у Варшаве. У прыватнасці, там адлюстраваныя не толькі праца і побыт палешукоў, але і цікавы выгляд могілак у Лунінецкім павеце таго часу.

У міжваенны перыяд у Мікашэвічах нарадзіўся будучы польскі празаік Багдан Мадэй, у Лунінцы прайшло дзяцінства польскай пісьменніцы Марыі Тавяньскай-Міхальскай. Лунінец — радзіма польскага гісторыка Мечыслава Юхневіча. Тут нейкі час выкладаў Раман Гарашкевіч, заснавальнік музейнай і краязнаўчай справы на Пінскім Палессі. Выкладчык Лунінецкага рускага вучылішча Мікалай Анцукевіч пазней працаваў у Вільні, пераклаў “Слова аб палку Ігаравым”. Дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі ў той перыяд прысвечана кніга ўспамінаў ураджэнкі Лунінца Аляксандры Лабачэўскай-Каратышэўскай “Абпаленыя крылы”.

З 15 студзеня 1940 г. Лунінец — цэнтр раёна ў складзе Пінскай (з 1954 г. — Брэсцкай) вобласці. З даваеннага часу (а Лунінец быў вельмі разбураны ў гады Вялікай Айчыннай) захаваліся ўжо згаданая Свята-Крыжаўздвіжанская царква, касцёл святога Іосіфа (1935), частка вуліц Прывакзальнай, Гагарына і Фрунзе, у тым ліку будынкі былой польскай казармы (1939), друкарні, узведзены ў 1929 годзе дом, дзе цяпер месціцца раённы музей, будынак былой гімназіі, а цяпер чыгуначнай бальніцы (1908). Былі разбураны ў час вайны чыгуначны вакзал, многія іншыя будынкі. Не засталося згадак аб садзе адпачынку ля чыгункі, змяніўся выгляд прывакзальнага сквера, дзе некалі стаяў помнік кіраўніку Польшчы Пілсудскаму. Трэба адзначыць, што ў Мікашэвічах даваенная забудова захавалася значна лепей.

З ліпеня 1941 г. па ліпень 1944 г. раён акупіраваны фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі звыш 19 тысяч чалавек, звыш 2 тысяч вывезлі на прымусовую працу ў Германію. У райцэнтры ў дзвюх брацкіх магілах пахавана звыш 8 тысяч чалавек. Акупантамі быў знішчаны шэраг вёсак раёна, у тым ліку Белае Возера (не аднавілася пасля вайны), Сітніцкі Двор, Вулька 1, Мелясніца, Лугі, Ракітна, Дзятлавічы, расстраляны вязні гета ў Лахве (дзе ў час знішчэння ўспыхнула паўстанне вязняў), Лунінцы, Кажан-Гарадку, Мікашэвічах і інш. З дапамогай былых землякоў, што цяпер жывуць у Ізраілі і ЗША, адноўлены і рэканструяваны помнікі ахвярам гета. Аб жыцці яўрэйскіх абшчын Лунінца і Кажан-Гарадка, Лахвы, іх трагічным лёсе распавядае шэраг кніг, выдадзеных пазней у Ізраілі (на іўрыце), у тым ліку Даган Бен-Цыёва “Мы — из восставшей Лахвы”. Былы лунінчанін Шымон Гарадзецкі - паэт, аўтар кнігі “Ехиэль-герой», а Шлома Ахітуў (Хвацюк) з Лунінца стаў у Ізраілі прафесарам гісторыі і паліталогіі. Дзмітрый Аркадзін (Вадзім Онгейберг) — аўтар некалькіх аповесцяў, напісаных у Ізраілі, у тым ліку кнігі “Адкрыты ўрок”. У 1999 годзе ў Літве выдадзена кніга “Пад бел-чырвона-белым. Memento patriam” дзеяча беларускай эміграцыі ў Аўстраліі Алеся Апанасавіча Алехніка, ураджэнца в. Перунова.

На тэрыторыі Лунінеччыны дзейнічала Пінскае партызанскае злучэнне на чале з В.З. Каржом, у тым ліку атрад (пазней брыгада) імя Кірава; існаваў шэраг падпольных арганізацый, у тым ліку Сінкевіцкае камсамольскае падполле. Сярод буйных партызанскіх аперацый — разгром у 1942 годзе гарнізона ў вёсцы Сінкевічы. У Мікашэвічах падпольшчык-кінамеханік Іван Канапацкі ў 1942 годзе падарваў кінатэатр з фашысцкміі карнікамі. У ліпені 1944 года Лунінеччына была вызвалена войскамі 61-й арміі 1-га Беларускага фронта, сямі вайсковым часцям былі прысвоены ганаровыя званні “Лунінецкія”. Аб падзеях вайны распавядаюць мемуары былых партызан (В. Літвінчук, М. Клеўжыц) і франтавікоў, шматлікія помнікі і мемарыяльныя дошкі, назвы вуліц (у Лунінцы — Арцюховіча, Бажэнавай, Вінакурава, Кулакевіча, Любімава, Панцялеева, Савіцкага, Шмыглёва і інш., у Мікашэвічах — братоў Цубы, Гразноўскага). Лунінец - радзіма генерал-палкоўніка, Героя Савецкага Саюза А.В. Петрушэўскага. Тут пахаваны Героі Савецкага Саюза М.С. Давыдаў, І.В. Пяцяры, П.В. Багданаў. У Лунінцы пасля вайны жыў поўны кавалер ордэна Славы В.І. Вараб’ёў. Тут нарадзілася Герой Сацыялістычнай Працы А.Д. Панькова. Такую ж узнагароду меў шматгадовы кіраўнік калгаса “Новае Палессе” у в. Любань Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка (сябар Андрэя Макаёнка, які працаваў тут над п’есай “Таблетку пад язык”; на Любанскім СДК ёсць мемарыяльная дошка ў іх гонар).

У пасляваенны час Лунінеччыну не абмінулі такія працэсы, як аднаўленне разбуранага вайной, калектывізацыя, меліярацыя (адным з яе навуковых цэнтраў стала Палеская доследная станцыя). У 1970-я гады былі пабудаваны буйныя прамысловыя прадпрыемствы ў Лунінцы і Мікашэвічах, значна вырасла колькасць жыхароў гэтых гарадоў, з’явіліся новыя жылыя мікрараёны. Лунінецкі раён пацярпеў ад чарнобыльскай навалы, частка яго забруджана радыянуклідамі. Дзевяць жыццяў лунінчан забрала вайна ў Афганістане, у 2003 годзе адкрыты помнік ім ў райцэнтры. Да не зусім звычайных помнікаў можна аднесці самалёт МіГ-17, устаноўлены на пастамент у памяць пра лётчыка-Героя Мікалая Давыдава, паравоз ТЭ-2099 ля лакаматыўнага дэпо (а на Прывакзальнай плошчы ў 2005 годзе адкрыты помнік да 120-годдзя Палескіх чыгунак у выглядзе мадэлі паравоза). Ля чыгуначнага вакзала ўстаноўлены неўзабаве пасля палёта Гагарына помнік у гонар асваення космаса.

У 1999 г. былі прынятыя гербы Лунінца і Мікашэвіч, а ў 2001 г. — іх сцягі.

Цяпер у Лунінцы пражывае каля 23 тысяч чалавек. Буйныя прадпрыемствы — „Палессеэлектрамаш», рамонтна-механічны завод, малочны завод, “Лунінецлес», лакаматыўнае дэпо. У 2002 годзе Лунінец быў газіфіцыраваны. Дзейнічаюць прафесійна-технічны ліцэй, сельскагаспадарчы каледж, 4 школы, ліцэй, музычная і спартыўная школы, 2 Дамы культуры, музей і інш.

У Мікашэвічах жыве каля 13 тысяч чалавек. Найбуйнейшыя прадпрыемствы — “Граніт” (з вялізным кар’ерам па здабычы каменю), “Спецжалезабетон”. Існуюць тры школы і гімназія, вялікі Дварэц культуры і інш.

Усяго ў раёне налічваецца 14 прамысловых прадпрыемстваў, шэраг транспартны і будаўнічых арганізацый. У сельскай гаспадарцы занята звыш 6 тысяч чалавек. У 1990-х гадах існавала каля 20 калектыўных гаспадарак, цяпер іх колькасць зменшылася ў выніку рэфармавання, узбуйнення і г.д. Раён спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (сярод буйных свінакоплексаў — “Дварэцкі”), вытворчасці зерневых і бульбы. Агульная плошча сельгасугоддзяў - 76500 гектараў, з якіх звыш 59 тысяч га — асушаныя землі. Дастаткова вядома прадукцыя рыбгаса “Лахва”, дзе гадоўля рыбы пачалася яшчэ ў міжваенны час.

З Лунінеччынай звязаны старонкі жыцця многіх знакамітых у Беларусі людзей. Тут бывалі, у прыватнасці, Максім Танк і Максім Лужанін (у якасці дэпутатаў Вярхоўнага Савета), Янка Брыль (аўтар нарыса пра мясцовага партызана Б. Цяльпука і дзённікавых запісаў аб пасляваенным Палессі), Уладзімір Караткевіч (які ў кнізе “Зямля пад белымі крыламі” называе лахвенскія мясціны сярод найпрыгажэйшых у Беларусі), Віталь Вольскі (раздзелы з кнігі “Палессе”), Яраслаў Пархута (раздзелы ў кнізе “Зямля бацькоў нашых”, аповесць “Адзінец”), многія іншыя літаратары. На Лунінеччыне ў розны час працавалі літаратары Мікола Федзюковіч і Аляксей Гардзіцкі, літаратуразнаўца Сцяпан Лаўшук, гісторык Казімір Равяка, Герой Савецкага Саюза і гісторык Аляксандр Андрэевіч Філімонаў, журналіст, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Аляксей Трафімавіч Каўко, краязнаўцы Расціслаў і Анатоль Бензярукі. Ва Украіну і Расію з’ехалі паэты і геолагі Уладзімір Харкевіч (кандыдат навук) і Уладзімір Плавінскі, у Карэліі цяпер жыве літаратар Леанід Верцель з Мікашэвіч. Былы кіраўнік гаркама КПБ Мікалай Прасмыцкі выдаў шэраг паэтычных зборнікаў. З Лахвай звязаны ўкраінскі мастак Уладзімір Кіркевіч, туркменскі і беларускі пісьменнік Міхаіл Карпенка.

У Мікашэвічах рос пасля вайны будучы пісьменнік Уладзіслаў Нядзведскі, які пазней расказаў аб гэтым перыядзе ў аповесці “Хлопцы з другога корпуса”. У Лунінцы прайшло дзяцінства Анатоля Іванавіча Нятылькіна, педагога, кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і дэпутата парламента, а таксама заслужанай артысткі Беларусі Людмілы Усеваладаўны Былінскай. У Лунінцы нарадзіліся генерал-маёр Георгій Уладзіміравіч Вярэніч, супрацоўнік ракетна-касмічнай карпарацыі Яўген Кулін, мінскі оперны саліст Мікалай Петровіч Качаноўскі, паэтэса Аксана Спрынчан, харэограф Наталля Паўлаўна Парахневіч, цяперашні маскоўскі тэатральны дзеяч Вадзім Феліксавіч Дубравіцкі і актрыса Таццяна Аляксееўна Калашнікава, у в. Лахва — камбрыг часоў грамадзянскай вайны Іван Данілавіч Трусевіч, міністр воднай гаспадаркі БССР Адам Пятровіч Басюкевіч, ваенны аташэ ў Японіі палкоўнік Уладзімір Дамброўскі, у в. Любань — намеснік начальніка Ваеннай акадэміі палкоўнік Леанід Іванавіч Забабуха, заслужаная артыстка Беларусі Марыя Пятроўна Маршак (Дзенісеня), у в. Бастынь — віцэ-адмірал Мікалай Паўлавіч Качановіч, генерал-маёр Іван Васільевіч Дырман, у в. Кажан-Гарадок — доктар сельгаснавук Сямён Васільевіч Кулеш, географ і палярнік Пётр Іванавіч Зіміч, прафесар Віцебскага медуніверсітэта Мікалай Рыгоравіч Луд, у в. Лунін — сябар Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Елянеўскі, у в. Багданаўка — гісторык, загадчык кафедры Брэсцкага дзяржуніверсітэта Аляксандр Савіч. Нейкі час працаваў у раёне будучы прафесар медыцыны Георгій Уладзіміравіч Селюжыцкі. Дырэктарам Сінкевіцкай школы быў будучы знакаміты беларускі фалькларыст Анатоль Сямёнавіч Фядосік, а яго сын, доктар гістарычных навук Віктар Фядосік — ураджэнец Сінкевіч, як і паэт, бард Валерый Пазнякевіч. У Вічыне нарадзіліся старшыня Брэсцкага аблвыканкама (а раней міністр) Канстанцін Андрэевіч Сумар, доктар філасофскіх навук Павел Аляксандравіч Паўловіч, дэкан мінскай ВНУ Іван Канстанцінавіч Сумар, у в. Дубаўка — былы кіраўнік Дзяржкамдруку Беларусі, Саюза журналістаў і газеты “Звязда” Іван Пятровіч Макаловіч, у в. Ракітна — заслужаны настаўнік Беларусі, літаратар Васіль Макаравіч Туркевіч, у Кажан-Гарадку — літаратар Васіль Гусціновіч (пераехаў потым у Оршу), у Дрэбску — самадзейны паэт Павел Луд (жыве ў Жлобіне). Мемарыяльная дошка ў в. Дварэц (адкрыта ў 2005 годзе) нагадвае аб былым старшыні мясцовага калгаса і дэпутаце Вярхоўнага Савета Мікалаю Канюшыку. У Любачыне жыве вядомы за межамі Беларусі садавод Васіль Фёдаравіч Чэркас.

Сярод вядомых у розны час на Лунінеччыне калектываў мастацкай самадзейнасці — лунінецкі хор 1940-х гадоў, хор дэпо, аркестр педагогаў музычнай школы, хор ветэранаў “Спадчына” ГДК, фальклорныя калектывы “Світанак” (Дзятлавічы), “Жывіца” (Вулька 1), “Надзея” (Кажан-Гарадок), “Лабчанка” (Лобча), дзіцячыя “Сунічка” (Вулька 1) і “Паляшуцкія музыкі” (Дварэц). Фалькларыст А.Ліс прысвяціў некалі асобны нарыс народнай спявачцы Аўдоцці Клеўжыц з вёскі Сінкевічы. У Лобчы жыве самадзейная артыстка і фалькларыстка Настасся Якавец. Кажан-Гарадок — радзіма самадзейнага кампазітара Андрэя Гурбановіча, кіраўніка шэрагу ансамбляў Мікалая Вайцяхоўскага. У Лунінцы жылі і працавалі самадзейны кампазітар Яўген Якаўлевіч Куфайкін, хормайстар Барыс Іванавіч Шчур. У Багданаўцы жыве народны майстар (вырабы з гліны) Васіль Савіч, а калісьці яго аднавясковец Васіль Ільючык зрабіў знакаміты драўляны веласіпед, што экспануецца ў Пінскім музеі. У Дзятлавічах жыве сям’я майстроў і мастакоў Кацуба.

Шэраг кніг і брашур выдалі у Лунінцы (многія з іх — дзякуючы дзейнасці творчага клуба “Муза” на чале з Віктарам Карповічам) мясцовыя літаратары Віктар Філатаў, Вольга Грыдзюшка, Аляксандр Хаўдзееў, Сцяпан Нефідовіч, Галіна Гаргун, Рыгор Жук, Ірына Свібовіч, Таццяна Чумак, Анатоль Харламаў і інш.

Гаворачы аб спартыўнай гісторыі раёна, можна згадаць вядомага ў Польшчы ў 1930-я гады стаера Мікалая Адамчыка, вядомую лунінецкую мотабольную каманду, удзельніцу Алімпійскіх гульняў 2000 года лёгкаатлетку Ірыну Хлюставу, прызёраў чэмпіянатаў свету і Еўропы, удзельнікаў Паралімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы сярод інвалідаў Сяргея Крывульца і Людмілу Грэбень.

У Лунінцы з 1978 года дзейнічае раённы краязнаўчы музей, які вядзе значную працу з краязнаўцамі, каардынуе выдавецкую дзейнасць, ладзіць краязнаўчыя чытанні. Сярод грамадскіх музеяў можна вылучыць музей вёскі Любань у мясцовай школе, музей гісторыі Мікашэвіч і літаратурны музей Ул.Нядзведскага ў гімназіі г. Мікашэвічы, музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Бастынскай СШ, экспазіцыю Лунінскай СШ, музей Я. Коласа ў Сінкевіцкай СШ, экалагічны музей СШ №1 г. Мікашэвічы. Пэўную працу па вывучэнні роднай гісторыі вяла і рэдакцыя газеты “Лунінецкія навіны”. Ля вытокаў краязнаўства стаяў у Лунінцы настаўнік Георгій Аляксандравіч Вайндрах (пазней — навуковец ў Брэсце). Немалы ўклад ўнеслі ў вывучэнне гісторыі роднага краю Мікола Калінковіч, Леў Коласаў (ён жа — адзін з кіраўнікоў Беларускага саюза філатэлістаў), Васіль Туміловіч, Сцяпан Нефідовіч, Іван і Ларыса Панасюкі, Таццяна Канапацкая, Ларыса Грамыка — аўтары шматлікіх публікацый і кніг аб Лунінеччыне. У 1995 годзе выйшла гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць. Лунінецкі раён”.

Тэматычнае планаванне

Уводзіны.
Раздзел 1. Лунінеччына ад старажытнасці і да нашых дзён
Тэма 1. Зямля нашых продкаў у старажытныя часы.
Тэма 2. У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Тэма 3. У складзе Расійскай імперыі.
Тэма 4. Лунінеччына ў 1905-20 гг.
Тэма 5. Жыццё на Лунінеччыне «пры Польшчы».
Тэма 6. Другая сусветная вайна на Лунінеччыне.
Тэма 7. Лунінеччына ў мірны час.

Раздзел 2. Культурнае багацце Лунінеччыны
Тэма 8. Сведкі мінуўшчыны і сучаснасці.
Тэма 9. Духоўная спадчына, яе захаванне і ўзбагачэнне сучаснікамі.
Тэма 10. Імі ганарыцца наш край.

Раздзел 3. Прырода Лунінеччыны
Тэма 11. Знаёмства з экасістэмамі краю.
Тэма 12. Разнастайнасць флоры і фауны Лунінеччыны.
Тэма 13. Прыродная гісторыка-культурная спадчына Лунінецкай зямлі.

Змест праграмы

Уводзіны.
Краязнаўства і яго роля ў станаўленні ўсебакова развітай культурнай асобы.

Развіццё беларускага краязнаўства. Дзейнасць мясцовых краязнаўцаў (А. Фядосік, Г. Вайдрах, М. Калінковіч, Л. Коласаў, В. Туміловіч, С. Нефідовіч, І. Панасюк, В. Жылко і інш.)

Мэта, задачы і змест курса. Паняцце “Лунінеччыназнаўства”.

Формы арганізацыі вучэбнай дзейнасці.

Тэрытарыяльна-геаграфічная, эканамічная характарыстыка раёна.

Практычныя заняткі:
1. Сустрэчы з мясцовымі краязнаўцамі.
2. Экскурсія ў краязнаўчы музей г. Лунінца.
3. Падрыхтоўка рэфератаў “Развіццё і сучасны стан краязнаўства ў Лунінецкім раёне”.

Раздзел 1.
Лунінеччына ад старажытнасці і да нашых дзён
Тэма 1. Зямля нашых продкаў у старажытныя часы.
Археалагічныя помнікі розных эпох (у в. Лахва, Кажан-Гарадок, ля в. Сінкевічы і г.д.). Землі сучаснай Лунінеччыны ў складзе Турава-Пінскага княства, хрышчэнне жыхароў. Вывучэнне тапанімікі раёна.
Практычныя заняткі:
1. Экскурсія па мясцінах, дзе захаваліся археалагічныя помнікі (гарадзішчы, курганы).
2. Падрыхтоўка паведамленняў “Жыццё нашых продкаў” паводле гістарычнай літаратуры.
3. Аналіз тапанімікі, гідранімікі раёна.

Тэма 2. У складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Першае пісьмовае прыгадванне населеных пунктаў Лунінеччыны (Малы Лулін, Лахва і г.д.), версіі аб паходжанні назвы г. Лунінец. Род Радзівілаў, іншыя магнацкія дынастыі і Лунінеччына. Адміністратыўныя адзінкі і сістэма кіравання, веравызнанне, дзейнасць Лунінецкага брацтва. Войны на Лунінеччыне (паўстанне Налівайкі, вайна 1654-67гг., Паўночная вайна). Далучэнне да Расіі.
Практычныя заняткі:
1. Складанне карты Лунінеччыны згаданага перыяду з нанясеннем населеных пунктаў, храмаў.
2. Сустрэчы з жыхарамі в. Бастынь і Вічын, запіс успамінаў пра мясцовыя храмы, пабудаваныя ў 1750-я г.г. і разбураныя ў 1960-я.
3. Наведванне Георгіеўскай царквы (1723г.) у Сінкевічах.

Тэма 3. У складзе Расійскай імперыі.
Гаспадарчая дзейнасць. Чыгуначнае будаўніцтва і рост населеных пунктаў, будаўніцтва прадпрыемстваў, саматужныя промыслы. Асвета. Меліярацыя. Стварэнне пошты.
Практычныя заняткі:
1. Падрыхтоўка рэфератаў “Чыгуначная гісторыя Лунінца”, “Я. Карскі (А. Сержпутоўскі, Я. Колас, А. Блок, А. Талстой, І. Сербаў) і Лунінеччына.”
2. Экскурсія на пошту і тыпаграфію г. Лунінца.

Тэма 4. Лунінеччына ў 1905-1920 гадах.
Рэвалюцыя 1905 года. Першая сусветная вайна. Семнаццаты год. Грамадзянская вайна. Лунінеччына і Слуцкае паўстанне.
Практычныя заняткі:
1. Збіранне звестак пра лунінчан, якія прымалі ўдзел у першай сусветнай, грамадзянскай войнах.
2. Падрыхтоўка рэфератаў аб дзейнасці М.В. Фрунзе, П.В. Сухога ў Лунінцы.

Тэма 5. Жыццё на Лунінеччыне «пры Польшчы».
Змены ў адміністрацыйным статуце раёна. Дзейнасць партызанскіх атрадаў. Праект асушэння балот. 18 гадоў польскага панавання – супярэчлівы час (стварэнне прадпрыемстваў; умовы працы і забастоўкі; адукацыя і культура; ахова здароўя і турызм ). Праца польскіх этнографаў і фатографаў на Лунінеччыне (Ю. Абрэмбскі, С. Бохніг, Р. Гарашкевіч і інш.)
Практычныя заняткі:
1. Падрыхтоўка рэфератаў аб дзейнасці Лунінецкага падполля, КПЗБ.
2. Запісы ўспамінаў старажылаў пра жыццё пры Польшчы.

Тэма 6. Другая сусветная вайна на Лунінеччыне, 1939-1945 г.г.
Уз’яднанне з БССР і СССР. Стварэнне раённай газеты. Утварэнне Лунінецкага раёна, пачатак калектывізацыі, рэпрэсіі. Акупацыя. Паўстанне ў Лахвенскім гета. Карныя аперацыі. Партызанскі рух на Лунінеччыне. Падпольныя камсамольскія арганізацыі (Сінкевіцкая і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Экскурсія ў рэдакцыю раённай газеты “Лунінецкія навіны”, стварэнне летапісу газеты.
2. Напісанне біяграфій рэпрэсаваных землякоў, жыхароў, вывезеных у Германію паводле ўспамінаў старажылаў.
3. Наведванне помнікаў ахвярам Вялікай Айчыннай вайны з далейшым выкананнем творчых прац (малюнкі, сачыненні і г.д.).
4. Сустрэчы-інтэрв’ю з ветэранамі вайны, удзельнікамі партызанскага руху або з іх роднымі.

Тэма 7. Лунінеччына ў мірны час.
Пасляваеннае аднаўленне. Ад пяцігодкі да пяцігодкі. Развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, культуры, адукацыі, спорту. Меліярацыя. Лунінеччына і Чарнобыль. Гербы і сцягі гг. Лунінца і Мікашэвіч.
Практычныя заняткі:
1. Экскурсіі на Палескую доследную станцыю, буйныя прадпрыемствы горада.
2. Апісанне герба і сцяга Лунінца або Мікашэвіч, стварэнне герба сваёй вёскі.
3. Напісанне сачыненняў “Мая вёска (мой горад)”, “Прафесіі маіх землякоў”, складанне ўласнага радаводу, выкананне творчых прац іншага характару (малюнкі, вершы, нарысы і г.д.).
4. Складанне віктарыны або крыжаванкі па 1 раздзеле курса.

Раздзел 2.
Культурнае багацце Лунінеччыны
Тэма 8. Сведкі мінуўшчыны і сучаснасці.
Помнікі архітэктуры XVIII-XIX стст.: Георгіеўская царква (1723г.) у в. Сінкевічы, Свята-Мікалаеўская (1818) у Кажан-Гарадку, Барысаглебская (1824) у Луніне, Пакроўская (1845-51) у В. Чучавічах, Прачысценская (1870-я) у Лахве, Спаса-Праабражэнская (1910) у Язвінках, Свята-Крыжаўздзвіжанская (1912-21) у Лунінцы.
Сучасныя помнікі (Я. Коласу, П. Сухому, загінуўшым у Афганістане, у памяць пра М. Давыдава і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Складанне карты турыстычнага маршруту “Памятныя мясціны Лунінеччыны”.
2. Выпуск паштовак “Архітэктура Лунінеччыны” або падрыхтоўка фотаальбома ці буклета “Помнікі Лунінеччыны”.

Тэма 9. Духоўная спадчына Лунінеччыны, яе захаванне і ўзбагачэнне сучаснікамі.
Адметнасці фальклору раёна. Звычаі і абрады. Разнастайнасць строяў Лунінеччыны. Методыка збірання фальклору. Адметнасць мясцовага дыялекту. Дзейнасць Лунінецкай музычнай школы і калектываў мастацкай самадзейнасці.
Практычныя заняткі:
1. Запісы і пашпартызацыя фальклорных адзінак.
2. Стварэнне слоўнікаў дыялектаў сваёй вёскі.
3. Экскурсія ў музычную школу.
4. Сустрэчы з самадзейнымі артыстамі, кампазітарамі (Н.Якавец, А.Гурбановічам і інш.).
5. Малюнкі мясцовых строяў.

Тэма 10. Імі ганарыцца наш край.
Вядомыя землякі (С. Прорвіч, І. Макаловіч, І. Дырман, Г. Вярэніч, М. Качановіч, У. Сцепчанка, А. Фядосік, У. Нядзведскі, А. Спрынчан і інш.)
Знакамітыя імёны, звязаныя з Лунінеччынай (Ф. Савіч, У. Сыракомля, Ю. Крашэўскі, М. Кулеша, М. Танк, М. Лужанін, М. Федзюковіч, А. Макаёнак і інш.).
Лунінецкая “Муза”. Творчасць сучасных мясцовых літаратараў (В. Філатаў, В. Грыдзюшка, А. Хаўдзееў, С. Нефідовіч, М. Ільючык, Р. Жук, Т. Чумак і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Знаёмства з творамі Я. Брыля, У. Караткевіча, В. Вольскага, Я. Пархуты і іншых аўтараў пра Лунінеччыну.
2. Сустрэча з мясцовымі літаратарамі.
3. Складанне віктарыны або крыжаванкі па 2 раздзеле курса.

Раздзел 3.
Прырода Лунінеччыны
Тэма 11. Знаёмства з экасістэмамі краю.
Лес, луг, водная сістэма. Рэкі (Прыпяць, Бобрык, Цна, Смердзь і інш.), азёры (Белае, Чорнае і інш.), балоты (Грычын і інш.). Гісторыя балотнай гаспадаркі Рыдзігера. Крыніцы (в. Лахва, Любажэрдзі, Лунін і інш.).
Практычныя заняткі:
1. Вандроўка-знаёмства з разнастайнымі экасістэмамі краю.
2. Пасадка дрэў, уборка смецця ў навакольных лясах.
3. Пашпартызацыя крыніц і апісанне прылеглай тэрыторыі.

Тэма 12. Разнастайнасць флоры і фауны Лунінеччыны.
“Чырвоны сшытак” Лунінеччыны. Запаведныя месцы (біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння “Борскі”, “Вусце Лані”, “Нізоўе Случы”, “Лунінскі”, гідралагічны заказнік “Ястрабель”). Векавыя дубы ў Кажан-Гарадку - помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Практычныя заняткі:
1. Экскурсіі ў прыроду - знаёмства з асобнымі кампанентамі прыроды; збор насення рэдкіх раслін.
2. Складанне ўласнага “Чырвонага сшытка” мясцовых рэдкіх раслін і жывёл.
3. Распрацоўка маршруту экалагічнай сцежкі.

Тэма 13. Прыродная гісторыка-культурная спадчына Лунінецкай зямлі.
Вывучэнне сядзібна-паркавых комплексаў (в. Лунін, Дварэц, Любачын, Кажан-Гарадок, Лахва, хутар Новы Двор).
Практычныя заняткі:
1. Экскурсіі ў сядзібна-паркавыя комплексы.
2. Напісанне навукова-даследчых работ.
3. Складанне крыжаванкі або віктарыны па 3 раздзеле курса.

Выніковыя заняткі

Напісанне сцэнарыю вуснага часопіса або стварэнне мультымедыйнага праекту (для правядзення навукова-практычнай канферэнцыі) “Мая Лунінеччына”, дзе ў якасці старонак часопіса будуць прапанаваны тэмы курса “Лунінеччыназнаўства”, якія могуць суправаджацца прэзентацыяй творчых і пошукава-даследчых прац вучняў.


Спіс літаратуры

Азбука поэзии. Антология стихов лунинецких поэтов. Составитель В. Жилко. Лунинец, 1998.

Аркадин Д. Открытый урок. Тель-Авив, 2003.

Балахонов С.Н. Тропы ведут к дороге. Пермь, 1991.

Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. 1-12. Мн.: БСЭ, 1969-75.

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941-1945. Энцыклапедыя. Мн.: БСЭ, 1990.

Белорусская ССР. Брестская область. 3-е изд. Доп., пер. Мн.: Беларусь, 1897.

Борисов И. Человек из легенды. Мн.: Маст. літаратура, 1991.

Брэстчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. Складальнік А. Ненадавец. Мн.: Беларусь, 1995.

Вольскі В. Палессе. Мн.: Маст. літаратура, 1974.

Громыко Л. У родных истоков. Пинск, 2005.

Дрэва кахання. Легенды, паданні, сказы. Мн.: Маст. літаратура, 1980.

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. Мн.: Маст. літаратура, 2001.

Жучкевіч В.А. Чаму так названа. Мн., 1969.

Зяньковіч М. Ордэн на сцягу. Мн.: Беларусь, 1976.

Ивушкин Н.Б. За всё в ответе. М.: Воениздат, 1965.

Іканапіс Заходняга Палесся XVI-XIX стагоддзяў. Мн.: Бел. навука, 2002.

Калинкович Н.Н. Лунинец. Историко-экономический очерк. Мн.: Полымя, 1990.

Калінковіч М.М. Палескія дні Аляксандра Блока. Мн.: Маст. літаратура, 1985.

Калинкович Н.Н., Литвинчук В.А. Лунинец. Мн.: Беларусь, 1981.

Караткевіч У.С. Зямля пад белымі крыламі. Збор твораў. Т.8. Кн.1. Мн.: Маст. літаратура, 1990.

Карлюкевіч А. Далёкія і блізкія суродзічы. Мн.: Пейто, 1999.

Клевжиц М.І. В междуречье Лани и Припяти. Брест, 2005.

Колосов Л.Л. Вымершие и умирающие профессии. Лунинец, 2003.

Корж Е.С. Вся жизнь — Отчизне. Мн.: Беларусь, 1984.

Кудинов П.Н. Огненным мечом. Записки артиллерийского офицера. Мн.: Беларусь, 1979.

Кулажанка Л., Мальдзіс А., Сачанка С. Літаратурныя мясціны Беларусі. Брэсцкая, Віцебская, Гомельская вобласці. Мн.: Бел. энцыклапедыя, 2000.

Легенды і паданні. Мн.: 1983.

Литвинчук В.А. Там, за Днепро-Бугом. Брест, 1992; 2-е изд, доп. Брест, 2005.

Лобачевская-Коротышевская А. Опаленные крылья. Пинск, 1997.

Локомотивное депо Лунинец: 120 лет (1885-2005). Пинск, 2005.

Лунинетчина — край наш полесский. Справочное издание. Мн.: БЕЛТА, 2004.

Лунинец. План города. Микашевичи. План. Лунинецкий район. Карта. Мн.: Белкартография, 2004.

Люцко А. Выжить после Чернобыля. Мн.: Выш. школа, 1990.

Малюгин И.Н. Полвека в пути. Брест, 1996.

Материалы районирования западных областей БССР. Мн.: 1940.

Мешечко Е.Н. Географическое краеведение. Мн.: УП «Экоперспектива», 2002.

Михальчук Н.В. и др. Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест, 1997.

Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии. 1941 – 1944. Мн.: Беларусь, 1984.

Несцярук Л. Замкі, палацы,паркі Берасцейшчыны Х-ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). Мн.: БЕЛТА, 2002.

Нядзведскі У.І. Хлопцы з другога корпуса. Мн., 1964.

Палессе. Фотаздымкі з 20-х і 30-х гадоў. Варшава, 1999.

Палессе, якога не ведаем. Фота-этнаграфічная выстаўка. 1997.

Памятники земли лунинецкой. Иллюстрированное справочно-информационное издание. Авторы-составители В.Жилко, Л. Сайко. Лунинец: Спектр, 2002.

Памятники природы Белоруссии. Мн.: 1986.

Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна.

Панасюк І.А. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна. Лунінец, 2001.

Панасюк Л.К. “Чырвоны сшытак” Лунінецкага раёна. Пінск, 2002.

Панасюк І.А., Панасюк Л.К. Лунінецкі раён: “Чырвоны сшытак”. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі. Мн.: ТАА Граўцоў паблішэр, 2002.

Пархута Я.С. Зямля бацькоў нашых. Мн.: Полымя, 1988.

Пархута Я.С. Жальба жытняга коласа. Мн., 1993.

Повязь часоў — беларускі ручнік. Аўтар-складальнік В. Лабачэўская. Мн.: Беларусь, 2002.

Полесский этнолингвистический сборник: Материалы и исследования. М.: Наука, 1983.

Прорвич С. Любили отцы наши Бога. Мн.: Бел. Экзархат, 2004.

Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці. Аўтар-складальнік В.Жылко. Лунінец, 2001.

Революционный авангард трудящейся молодежи Западной Белоруссии. Мн., 1978.

Родная моя Лунинетчина. Справочно-информационное издание. Мн.: БЕЛТА, 2005.

Самуйлік Я.Р. Некаторыя асаблівасці гаворак Выганаўскага Палесся. Беларуская лінгвістыка. Вып.32. Мн., 1987.

Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Мн.: БСЭ, 1990.

Семенченко А.В., Авраменко Н.М. Полесская опытная станция мелиоративного земледелия и луговодства (60 лет со дня образования РУП «Полесская опытная станция мелиоративного земледелия и луговодства» НАН Беларуси)». Пинск, 2006.

Сербаў І. Вічынскія паляне. Матэрыяльная культура. Этнаграфічны нарыс Беларускага Палесся. Мн.: Бел. фонд культуры, 2005.

Тумилович В.Н. Возрождение забытого имени... Жизнь и деятельность Софии Прорвич (1860-ок. 1937), православной писательницы. Лунинец, 2001.

Туміловіч В.М. Тапаніміка Кажан-Гарадка і яго зямель. Лунінец, 2001.

Туміловіч В.М. З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка. Лунінец-Брэст, 2003.

Туміловіч В.М. Кажан-Гарадок 500-гадовы. Гістарычныя даследванні. Лунінец, 2005.

Федорук А. Старинные усадьбы Берестейщины. Мн.: Бел. энциклопедия, 2004.

Чантурия В.А. Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии. Мн.: Полымя, 1986.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1-6. Мн.: Бел. энцыклапедыя, 1994-2000.

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 1-5. Мн.: БСЭ, 1984 – 1987.

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1-5. Мн.: БСЭ, 1983-1986.

Этнаграфія Беларусі. Энцыклапедыя. Мн.: БСЭ,1989.

Альманахі:

Голоса Лунінетчины. №1-14. Лунинец, 1996-2005.

Загароддзе-2. Минск, 2000.

Каштоўнасці мінуўшчыны. №6, №8. Мінск, 2003, 2005.

Лунинецкая муза. №1-25. Лунинец, 2000-2006.

Лунінецкі сшытак. №1, №2, №3-4, №5, №6. Лунінец, 2002-2006.

Газеты:

Информ-прогулка.

Лунінецкія навіны.

На верх старонкі


Выхаванцы
Выхаванцы лунінецкага дзіцячага сада № 3 «Вербачка»

Пейзаж
Лунінецкі пейзаж

Фрагмент музея
Фрагмент музея гісторыі Мікашэвіч у будынку гімназіі