Лунінецкі раённы краязнаўчы музей Лунінецкі сшытак № 5З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаўКанцэпцыя — ранейшая!Чарговы «Лунінецкі сшытак» не «прывязаны» толькі да пятых краязнаўчых чытанняў у Лунінецкім музеі (снежань 2005 года), паколькі змяшчае і іншыя матэрыялы даследванняў мясцовых краязнаўцаў. Але сутнасць выдання не змянілася — гэта трыбуна для мясцовых (і не толькі) аўтараў. Што адбылося за год пасля выхаду папярэдняга «Сшытка»? У 2005 годзе ў Мінску (з дапамогай ураджэнцаў Лунінеччыны) была перавыдадзена кніга І. Сербава «Вічынскія паляне. Матэрыяльная культура. Этнаграфічны нарыс Беларускага Палесся» (першае выданне — 1928 год). У Лунінцы ўбачылі свет краязнаўчыя кнігі Васіля Туміловіча — «Кажан-Гарадок пяцісотгадовы. Гістарычныя даследванні», Ларысы Грамыка — «У родных истоков». З удзелам аўтара гэтых радкоў выдадзены ілюстраваныя брашуры «Родная моя Лунинетчина» і «Локомотивное депо Лунинец: 120 лет (1885-2005)», карта Лунінца і раёна, зняты відэафільм «Дарогамі партызанскай маладосці». У мінскім зборніку «Каштоўнасці мінуўшчыны № 8» убачыла свет паведамленне В. Жылко, надрукаванае таксама ў мінулым «Лунінецкім сшытку № 3-4». Леў Коласаў змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі пошты, тэлеграфа, па прадпрымальніцтву 1920-х гадоў, Іван Панасюк — па гісторыі в. Велута, Анатоль Нефідовіч распрацаваў шэраг турысцкіх маршрутаў, вучні ліцэя пачалі выдаваць часопіс «Прырода». Былі краязнаўчыя здабыткі і ў моладзевай ініцыятывы «Кажан». Культработнікі і газета «Лунінецкія навіны» правялі святы, канферэнцыі і фестывалі — «Лунінская восень», «Каласавіны», да 55-годдзя М. Калінковіча і 115-годдзя школы ў Лунінцы, 70-годдзя мясцовага касцёла. 140-гадовыя юбілеі адзначылі Бастынская і Дзятлавіцкая СШ. Археолагі пошукавага батальёна раскапалі ў Лунінцы рэшткі салдат першай сусветнай. У час святкавання абласных «Дажынак» у Лунінцы былі адкрыты помнікі Якубу Коласу, Паўлу Сухому і да 120-годдзя Палескіх чыгунак, праз нейкі час у в. Дварэц — мемарыяльная дошка былому старшыні калгаса М. Канюшыку, а ў гімназіі г. Мікашэвічы — пісьменніку Ул. Нядзведскаму. Трэцяе лета запар у раёне працавала фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя БДПУ імя Танка на чале з дацэнтам, кіраўніком Таварыства беларускай школы Алесем Лозкам. У «Бюлетэні ТБШ» № 3(7) за 2004 год змешчана справаздача С. Паўлянковіча аб экспедыцыі 2004 года, песня А. Гурбановіча пра Кажан-Гарадок, верш А. Лозкі «Ці можна Лунінеччыну забыць?» А «Летапіс ТБШ» № 2(10) за 2005 год паведамляе, што ў гэтым годзе студэнты зноў пабывалі «у багатым на фальклорную творчасць палескім рэгіёне — Лунінеччыне, якую не абміналі народазнаўцы ў мінулым і цяпер (Я. Карскі, А. Сержпутоўскі, Я. Колас, А. Фядосік і інш.)». Студэнты сустрэліся з педагогамі ліцэя, краязнаўцамі, сабралі матэрыял амаль у 20 вёсках (змешчаны фота з Любані і Сінкевіч). У планах — стварэнне тома лунінецкага фальклора (першага з рэспубліканскай серыі) і праграмы курса «Лунінеччыназнаўства». Алесь Лозка ў сваім артыкуле «Прыярытэтны напрамак у грамадзянскім выхаванні» згадвае творы І. Панасюка, В. Туміловіча, С. Нефідовіча. Вадзім Жылко, укладальнік зборніка
|
|