Помнік
Помнік загінуўшым воінам-землякам у р.п. Мікашэвічы

Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 3-4

Матэрыялы трэціх і чацвёртых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 13 снежня 2003 г. і 26 снежня 2004 г.

Чарговы зборнік...

Напэўна, хтосьці з чытачоў упершыню трымае ў руках «Лунінецкі сшытак», але пастаянныя прыхільнікі лунінецкага краязнаўства дастаткова добра ведаюць, што гэта ужо трэцяе па ліку аналагічнае выданне: два папярэднія былі выдадзены раённым краязнаўчым музеем і творчым клубам «Муза» адпаведна па выніках першых і другіх Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў (2001 і 2002 гады). Так сталася, што пасля трэціх чытанняў, якія прайшлі ў снежні 2003 года, зборнік №3 адразу ж выдадзены не быў — не столькі па прычынах фінансавых (хаця выданне па-ранейшаму ажыццяўляецца фактычна на грамадскіх пачатках), колькі з-за жадання часткі краязнаўцаў дапрацаваць свае матэрыялы. Што ж, вольнаму воля, і ў творчым працэсе нельга нікога прыспешваць. Тым не менш у снежні 2004 года прайшлі чарговыя, чацвёртыя, чытанні; за гэтыя два гады адбылося нямала іншых цікавых падзей ў галіне мясцовага краязнаўства. Таму было вырашана, па-першае, выдаць «Лунінецкі сшытак» на аснове тых матэрыялаў, што былі ў наяўнасці, а па-другое, надаць яму падвоены нумар 3-4, каб падтрымліваць ранейшую «прывязку» да нумароў чытанняў. Фактычна ж у гэтую брашуру ўвайшлі не толькі матэрыялы чытанняў, але і шэраг іншых цікавых публікацый. І спыняцца на дасягнутым стваральнікі «Сшытку» не збіраюцца. Да новых сустрэч!

Вадзім Жылко, укладальнік зборніка

Яшчэ два гады...

Спачатку распавядзем аб творчых дасягненнях лунінецкіх аматараў даўніны за два гады з моманту выхаду «Лунінецкага сшытка» № 2.

У 2003 годзе убачыла свет кніга Васіля Туміловіча «З фальклорных крыніц Кажан-Гарадка», дзе адным з рэцэнзентаў і аўтарам прадмовы быў вядомы мінскі этнакультуролаг Янка Крук. Гэтай працай В. Туміловіч падоўжыў сваю папярэднюю брашуру аб тапаніміцы Кажан-Гарадка і яго наваколляў (Лунінец, 2001). Ім падрыхтавана да друку і грунтоўная кніга аб гісторыі гэтага старажытнага мястэчка, якая, спадзяемся, праз пэўны час будзе выдадзена. Паралельна Васіль Мікалаевіч не спыняў намаганняў па аднаўленню творчай спадчыны лунінецкай праваслаўнай пісьменніцы 1920-30-х гадоў Софіі Прорвіч (яе біяграфія выйшла ў Лунінцы ў 2001 годзе). І вось у пачатку 2004 года Беларускі Экзархат выдаў у Мінску чатырохтысячным тыражом зборнік С. Прорвіч «Любили отцы наши Бога»: на 130 старонках пад каляровай вокладкай сабраны 15 апавяданняў і 30 вершаў пісьменніцы. В. Туміловіч не толькі сабраў іх, але і напісаў прадмову і каментарыі.

У 2003 годзе у Лунінцы была выдадзена брашура Льва Коласава «Вымершие и умирающие профессии» (на аснове ранейшага цыклу нарысаў ў газеце «Лунінецкія навіны»). У той жа газеце аўтар змясціў іншыя цыклы нарысаў — па перыяду акупацыі, пасляваенных гадах, гісторыі мясцовага спорту, па сялянскіх хваляваннях XIX-XX ст.

Пад адной вокладкай і большым тыражом выдалі ў Мінску свае ранейшыя працы Ларыса і Іван Панасюкі — «Лунінецкі раён: Чырвоны сшытак. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі». Цікавыя газетныя публікацыі ў штотыднёвіку «Информ-прогулка» змясціў Сцяпан Нефідовіч. Плённа працавалі па абраных тэмах Ігар Цітовіч, Яўген Хвастоў, Віталь Калужа. З нашага «Сшытка» №1 перадрукавана ў «Краязнаўчай газеце» ў 2004 годзе даследванне Эльжбеты Ліберман аб гісторыі касцёла на Лунінеччыне.

Вадзім Жылко ў 2004 годзе выступіў з паведамленнем «Навукова-даследчая і выдавецкая работа па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Лунінецкім раёне» на рэспубліканскай канферэнцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў «Навекі ў памяці народнай» (гл. у дадатку). Яго даклад «Змены ў гарадскім ландшафце гістарычнай часткі Лунінца» (з канферэнцыі таго ж таварыства 2002 года) змешчаны ў зборніку «Каштоўнасці мінуўшчыны» №6 (Мінск). Аўтар таксама падрыхтаваў у 2004 годзе сцэнарый відэафільма, радыёгазету і частку раздзелаў каляровага буклета да 555-годдзя Лунінца, тэкст да карты горада і раёна, распрацаваў некалькі турысцкіх маршрутаў.

Летам 2004 года на Лунінеччыне працавалі этнаграфічная экспедыцыя студэнтаў Брэсцкага дзяржуніверсітэта (кіраўнік Сафрон Жлоба), з якой музей наладзіў «круглы стол» па краязнаўству, і фальклорная экспедыцыя Мінскага педуніверсітэта імя Танка (кіраўнік Алесь Лозка).

З краязнаўцаў-школьнікаў найперш вызначым гурток ліцэістаў на чале з І.І. Жук, прадстаўніца якога Таццяна Рафаловіч ў 2003 годзе выступіла на 3-х Лунінецкіх чытаннях з цікавым дакладам «Лунінскі палацава-сядзібны комплекс».


Помнік у в. Сінкевічы
Помнік камсамольцам-падпольшчыкам у в. Сінкевічы

Палац культуры
Палац культуры «Граніт» у р.п. Мікашэвічы