Творчы клуб “Лунінецкая муза”

Блакітныя вочы нашага краю

У межах Лунінеччыны знаходзіцца больш за 70 азёр, не лічачы такіх водных аб’ектаў, як штучныя вадасховішчы і сажалкі ці малазначныя па плошчы, хаця і глыбокія, так званыя ў народзе віры і ямы. Яны разнастайныя па абрысах. Большасць з іх размешчана бліз Прыпяці, дзе пераважаюць дробныя, даволі аднастайнага выгляду старычныя азёры, прычым многія паступова знікаюць пад уздзеяннем лазнякоў і густых траў.

Азёры належаць да тых водных аб’ектаў, якія з акружаючымі іх дрэвамі, кустамі і травастоямі ствараюць своеасаблівую разнастайнасць і прыгажосць надпрыпяцкага ландшафту. Яны з’яўляюцца не толькі накапляльнікамі чыстай прэснай вады, але і рэгулятарамі рачных і падземных вод, захавальнікамі рыбных запасаў і азёрна-воднай расліннасці. У некаторых азёрах знаходзіцца шмат каштоўнай арганічнай сыравіны — сапрапеляў.

На Лунінеччыне азёрныя катлавіны размешчаны пераважна ўдоўж Прыпяці. Іх мноства, ад маленькіх да вялікіх. Калі паглядзіш на карту, то ўбачыш іхнія абрысы — круглыя і доўгія, цэлыя спляценні і ланцугі — і лёгка заўважыць, што гэта астаткі даўніх рэчышчаў Прыпяці і яе шматлікіх прытокаў і завадзяў, якія ў выніку змены рэчышчаў сталі старыцамі і на працягу тысячагоддзяў абрасталі кустамі і травамі, аздобіліся берагамі і сталі самастойнымі воднымі аб’ектамі — азёрамі, азёрцамі, ямамі. У такія сістэмы аб’яднаны Яцель, Вязок, Лебедзь, Вялікая і Малая Орлі; Падасінавік, Сельскае, Хацетава; Капыльнае, Любушын, Доўгае, Карасін, Старуха. З сістэмы старыц складзены азёры Празарцэ. Шмат якія злучаюцца пратокамі.

У час веснавой паводкі ўсе азёры заліваюцца вадой, губляюцца ў разліве і толькі ў сухі перыяд года становяцца самастойнымі, кожнае з іх “жыве сваім жыццём”.

Частка азёр згублена ў часы меліярацыі: засыпаны, згладжаны — не засталося не толькі ніякага знаку, але і назва забыта людзьмі.

У паўднёвай зоне Лунінеччыны на адлегласці 5-14 кіламетраў ад Прыпяці размешчаны тры сажалкі рыбгаса “Лахва”: “Моршчынавічы”, “Ваган”, “Кукуцелка”. Яны лічацца штучнымі вадаёмамі, але мала хто ведае, што гэта былыя азёры ледавіковага паходжання — падпрудныя катлавіны. Усе яны размяшчаюцца на шляху скату даўніх рэчак, выток якіх у масіве Грычына. Так, возера Луцкое каля Моршчынавіч жывілася водамі рэчак Луцкова і Хартовіца (цяпер ператвораныя ў Галоўны канал); праз Ваган працякала Глухая Лана; у Кукуцелку ўпадалі зніклая ўжо Гнеўка і Журавінная (пазней ператворана ў рыбгасную канаву Маентковая). На працягу тысячагоддзяў названыя рэчкі сваёй плынню неслі балотны глей у лона азёр, які змялелі, сталі балотамі. У 1920-30-х гадах іх абвалавалі, пабудавалі водныя рэгулятары, запусцілі ваду, стварылі рыбныя гаспадаркі. Усе вадаёмы маюць даволі значную плошчу: “Лахва” — 166 га, “Ваган” — 63 га, “Моршчынавічы” — 150 га.

У сярэдняй паласе Лунінецкага раёна размешчаны тры возеры — самыя значныя ў нашым краі: Белае, Чорнае і Вулькаўскае. Усе яны карставага паходжання — вынік ледавіковага працэсу — правалы-паглыбленні, якія ўзніклі ад растварэння горных парод прыроднымі водамі.

Вулькаўскае возера (плошча 0,12 км2) у даўнейшыя часы, пакуль праз яго ішоў працэс цыркуляцыі вады (упадала рэчка Валчанка, а выцякала Выдранка), было чыстым. Хаця з цягам часу і заглейвалася. У 1960-х гадах меліяратарамі быў зроблены адвод рэк у канал Валчанка-Выдранка, мінаючы возера, і вадаём падвергся маруднаму забалочванню: пойма зарастае хмызняком.

Азёры Чорнае і Белае — антыподы не толькі ў назве, але і ў рэльефе мясцовасці, і ў стане расліннага свету, і ў біялагічным складзе вады.

Чорнае возера (плошча 0,31 км2) знаходзіцца ў моцна забалочанай катлавіне, цяжкадаступнай для чалавека. Берагі нізкія пад лесам. На дне вялікія залежы сапрапелі. Групай спецыялістаў быў распрацаваны спосаб дабычы гэтага аргамінеральнага глею, але з-за цяжкасці доступу да вадаёма работа пакуль спынена.

Белае возера (плошча 0,22 км2) знаходзіцца ў лоне пясчаных берагоў, паросшых хваёвым лесам. Берагі вышынёй да 2 метраў. Дно пясчанае, светлае, толькі ў берагавой лініі маюцца раслінныя зараснікі, сярод якіх палушнік азёрны і лабелія Дортмана — рэдкія для Беларусі віды раслін, занесеныя ў рэспубліканскую Чырвоную кнігу. Лабелія Дортмана — сімвал нашага раёна, на гербе Лунінеччыны кветка заняла пачэснае месца.

У адрозненне ад рэк азёры вызначаюцца запаволеным водаабменам, з’яўляюцца назапашваючымі сістэмамі. Кожнае возера — утварэнне пэўнай прыроднай зоны, якая і абумовіла іх уласцівасці і характар. Рэжым вадаёма звязаны з будовай падводнай часткі катлавіны: мелкаводнай прыбярэжнай зоны, яе схілу да глыбіні і асноўнай глыбокаводнай часткі, якая мае індывідуальныя асаблівасці ў будове.

У прыпяцкай зоне маецца некалькі дзясяткаў больш значных па плошчы азёр і сотні малых азёрцаў-ямак, і, здавалася б, яны знаходзяцца ў адным рэжыме, бо залежаць ад веснавых і асенніх апаводак, але кожны з гэтых водных аб’ектаў мае адрозненне ў стане дна, у рэжыме вады і ў разнавіднасці раслінных і жывёльных насельнікаў. Самы значны ўплыў на існаванне і згубу возера мае заглейванне і наяўнасць раслін у ім.

Азёры з утрыманнем пажыўных для раслін рэчываў (калій, фосфар, кальцый, магній і інш.) энергічна абжываюцца водарасцямі і берагавой расліннасцю, паступова забалочваюцца. А пазбаўленыя воднага сілкавання вадаёмы і зусім знікаюць, ператвараючыся або ў багну, або ў тарфяны пласт. Такі лёс напаткаў Наўдзіцкае і Гневанскае азёры, якія цяпер носяць назвы Наўдзіцкі і Гневанскі Мох. Можна меркаваць, што і вялізны заліў колішняга мора Герадота — Грычын — з’яўляўся возерам і за больш чым два тысячагоддзі таксама ператварыўся ў балота.

Калі вада ў возеры ўтрымлівае мала солей, інакш кажучы, прэсная (а гэта яшчэ з часоў ледавіка), то расліннасць тут развіваецца слаба. У нашым раёне ў такім рэжыме існуе толькі адно возера — Белае.

Возера — асяроддзе жыццядзейнасці разнастайных раслін і жывёл. Раслінны свет вадаёма залежыць ад яго глыбіні, ад заглеенасці дна, ад навакольнага берагавога асяродку.

Напрыклад, возера ў лесе, дзе пастаянна ў ваду падаюць адмершыя часткі дрэў, і возера ў лузе, які абкошваецца, маюць розную колькасць і якасць біягенных рэчываў. Гэтаксама розныя ўмовы існавання ў азёр з праточнай вадой і азёр, што існуюць у ізаляваным рэжыме. Там нават розняцца асноўныя водныя насельнікі — водарасці — і прысутнасцю відаў, і сваім скопішчам.

У азёр ёсць і агульныя насельнікі расліннага свету — надводныя. У балотных вадаёмах акаймоўкай распаложаны асаковыя зараснікі. Ва ўсіх азёрах у мелкаводдзі выражаны палосы надводных або паўпагружаных раслін (чарот, трыснёг, сітнік), глыбей — з плаваючымі лісцямі (жоўтыя гарлачыкі, лілеі) і падводных або пагружаных (эладэя, рдэст, разак). У некаторых азёрах каля Прыпяці можна ўбачыць вадзяны арэх.

У залежнасці ад воднага рэжыму і расліннага складу існуюць жывёльныя арганізмы. Кожны вадаём багаты сваімі насельнікамі ад самай нізкай ступені па ўзроўні арганізацыі водных (галінаставусыя, весланогія рачкі, калаўроткі і інш.) і насельнікаў дна (малюскі, малашчацінкавыя чэрві) да рыб, якія кормяцца вышэйуказанымі прадстаўнікамі воднага царства.

У нашых азёрах водзіцца больш за 20 відаў рыб, якія насяляюць вадаёмы ў залежнасці ад кормнасці. Але ў кожным возеры можна вылавіць шчупака, плотку, ліня, акуня, ляшча, карася, ярша. У самай заіленай вадзе водзяцца ўюны, у самых чыстых вадаёмах — ракі.

Шмат загадак таяць у сабе назвы азёр. Калі найменні рэк і балот нашага краю даступны для разгадкі, бо ў большасці сваёй адпавядаюць прыкметам назвы па характару аб’екта, флоры і т.п., то ў найменні азёр мноства тайнаў.

Ёсць назвы, што нават уявіць немагчыма, на якой аснове так «ахрысцілі» гэты водны аб’ект. З якой нагоды, напрыклад, назвалі: Ратона, Хацетава, Яцель, Перамен, Озьбіна, Сунье, Сталпецкае, Сліжына, Лічын, Барэцкае, [Устрыцко], Баба, [Прогорэц], Капыльнае, Поратынь, Некрын, Мікула, Церэбакоў, Сельцо, Каржаніца, [Турэнец], Пацярэбы, [Пэржого], Жобод?

Заўвага: каб зберагчы дакладнасць народных назваў азёр, на пісьме некаторыя найменні падаюцца ў мясцовадыялектным варыянце, пры значным адрозненні ад літаратурнай нормы — узяты ў дужкі [—].

Важным матывам для надання імя возеру, відаць, з’яўлялася ўспрыманне ландшафту: месца, што ўдзейнічала на настрой і стан чалавека, ці размяшчэнне аб’екта ў глухім або цяжкадаступным месцы: Тучнае, Чорнае, Закутнае, Кут, Нямецкае, Глушыца, [Воўцельно]. І наадварот, ёсць прыгожыя азёры, таму і назвы прыемныя: Белае, Свяцкае, Пясчаніца, Любушын.

Большасць назваў азёр хоць і славянскія, але не супадаюць з тымі рэаліямі, якія маюць у найменнях зараз гэтыя водныя аб’екты, таму што з часу надання ім імён змяніліся і флора, і фаўна нашых месц. І толькі як памяць засталіся тыя даўнія прыкметы: прысутнасць дрэў ці раслін каля воднага аб’екта — Вязок, Падасінавік, Арабінаўка, Дрыстуха, [Вэтліца], [Жынскэе] — ад ажыны, [Дубішчэ]; прадстаўнікоў жывёльнага свету — Жабкі, [Кунішчэво], Воўчае, Жабацень, Барсукі, Лебедзь, Орлі Малая і Вялікая, Жабанец, Карасін.

У назвах адлюстравана форма або глыбіня возера, лучнасць з іншымі вадаёмамі: Лучын, [Колесо], Кругліца, Лучыца, Галя, Залуненне, Карыта, [Обод], Завір’е, Доўгае, Броднае.

Маецца некалькі азёр з назвай Старуха — гэта былыя рэчышчы Прыпяці ці іншых рэчак, перагароджаныя пераміламі, паступова стаўшыя самастойнымі воднымі аб’ектамі. Ёсць у нас і некалькі дзесяткаў малых па плошчы, але значных па глыбіні азёраў, якіх у народзе называюць Яма або Вір.

Ёсць азёры са стараславянскімі найменнямі: Оз, Ез, Яз, (Язвіно), [Прозорэц] — па-беларуску — акно, і ланцуг азёр — Прозорцэ.

Некалькі назваў паказваюць на прыналежнасць да ўгоддзяў нейкага населенага пункта, на якіх знаходзіцца водны аб’ект: Лахаўскае, Любанскае, Лунінецкае, [Коробч’е], Вулькаўскае, Сельскае, Папоўшчына.

На працягу апошніх 50 гадоў стан азёр Лунінеччыны значна змяніўся ў горшы бок.

Не абкошваюцца, як некалі, прыпяцкія азёры, таму адзічэлі берагі: зараслі лозамі, чаротамі. Дзеецца ў іх масавае развіццё водарасцей, адбываецца хуткае стварэнне азёр, пагаршаецца якасць вады, ствараецца дэфіцыт кіслароду, таму заморваецца рыба.

Парушыўся водны рэжым Вулькаўскага возера — у выніку адводу грычынскіх вод ад яго і ў выніку скідвання ў вадаём бытавых адходаў і сельскагаспадарчых сцёкаў.

Дрэнна адбілася на стане шэрагу азёр меліярацыя. Так, у выніку пальдзіравання аб’екта «Лахаўка» перасыпана дамбай возера Воўчае, а разам з тым перапынена цэлая водная сістэма ў азёры Лахаўскае — Некрын — Прыпяць і Воўчае — Самініцкая канава — Прыпяць.

У блізляжачых да меліярацыйных сістэм вадаёмах панізіўся ўзровень вады, што адмоўна ўздейнічае на іх флору і фаўну.

У той жа час на аб’ектах асушальных сістем пабудаваны штучныя вадаёмы — вадасховішчы. Два: Велута (760,2 га) і Собальскае (269,1 га) — значна большыя па плошчы, чым азёры: Белае (22 га), Чорнае (31 га), Вулькаўскае (19 га). Вадасховішчы служаць добрымі рэгулятарамі грунтовых вод і вільготнасці прылеглых меліяруемых зямель. Яны наліўнога тыпу: вада падаецца пры дапамозе помпаў. Паступова іх узбярэжжы абрастаюць раслінамі, водная гладзь набывае выгляд натуральнага возера.

Азёры Лунінеччыны — блакітныя вочы нашага краю. Хочацца, каб кожны імкнуўся захаваць іх чысціню для нашых нашчадкаў.

Сцяпан Нефiдовiч (“Лунінецкі сшытак №12”, 2012 год)