Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Краса і сіла магічных слоў
(З народнай культуры Лунінеччыны)

Сцяпан Нефідовіч, краязнаўца, в. Любань

З самага ранняга дзяцінства помніцца, што мае бабуля, дзед і маці, кладучыся спаць, штовечар шапталі нейкія таямнічыя словы, якія канчаліся фразай: “Дай Божа ночку пераначаваць, а заўтра ў здароўі ды радасці ўстаць”. Бабуля казала, што яе той малітве навучыла маці, а мацер — яе маці. І мяне вучылі тым магічным словам, але я іх не запомніў, бо рос і выхоўваўся ўжо ў новых савецкіх умовах і не верыў тады ў іх уздзеянне. І толькі значна пазней зразумеў, што, адвергшы тыя мудрыя словы, перарваў спрадвечную эстафету традыцый і веры, бо паходжанне насычанага магічным значэннем зместу зарадзілася недзе далёка ў глыбіні вякоў, у асяроддзі нашых продкаў, якія былі блізка да прыроды, бачылі сувязь прыроды і чалавека, зямлі і неба, верылі ў звышнатуральную сілу і лічылі слова грознай зброяй супраць зла і трывалай абаронай.

А яшчэ помню, існавалі магічныя словы шэптаў і замоў, якія мы, даверыўшыся медыцыне, адверглі і забылі. А спрадвеку ж, пакуль не было медыцыны, людзі лячыліся народнымі сродкамі.

У гады майго дзяцінства ў вёсках жыло шмат людзей-траўнікаў, шаптуноў і шаптух. І вылечвалі. Сам зведаў. У дзяцінстве некалькі разоў (звычайна вясною) хварэў на малярыю. Бывала, што для лячэння гэтай хваробы не было хініну, тады мяне вялі да дзеда Мальяна. Той шаптаў, і “шохля” праходзіла літаральна за лічаныя хвіліны. А яшчэ здаралася, што трапляў у сітуацыі моцнага пераляку, і кожны раз спуд знімала баба Лукашыха.

Мая бабуля Тэкля таксама была шаптухай: замаўляла боль пры ўдары і ратавала маладых жанчын ды жывёлу ад выкідыша.

Зазначым, што народныя лекары ў асноўным лячылі ды і зараз часам лечаць тыя хваробы, перад якімі бяссільна медыцына. Напрыклад, акрамя пералічаных вышэй, яшчэ дзіцячыя крыксы і псоту ці страшную скураную хваробу — рожу.

* * *

Людзі, якія шэпчуць — гэта ў некаторым родзе магі. Адны валодаюць большай магічнай сілай, другія — меншай. Пераважная большасць з іх праз замовы звязваецца з Богам, са святымі і са станоўчымі сіламі прыроды. Хоць, калі ўнікаеш у сутнасць замоў, акунаешся ў загадкавы сэнс слоў і задумваешся: як гэта іншы раз бессэнсоўны або амаль казачны змест мае ўдзеянне на чалавека?

Сіла дзеяння замовы, відаць, залежыць ад унутранай станоўчай біялагічнай энергіі чараўніка. Не трэба валодаць моцнай магічнай сілай, каб нашаптаць словы на ўдачу, напрыклад, выгонячы карову на пашу ці адпраўляючыся ў шлях-дарогу, або пры пасадцы ў агародзе на добры ўраджай. Але другая справа зняць спуд ці сурокі з дзіцяці, або яшчэ складаней — вылечыць каўтун (хваробу валасоў) ці рожу, ці замовіць укус змяі і не толькі спыніць уздзеянне яду на арганізм пацярпеўшага, але і заставіць яд выйсці на паверхню на месцы укусу.

* * *

Замовы (малітвы, загаворы, абярэгі) — адзін з відаў вуснай народнай творчасці, што зарадзіўся ў далёкай мінуўшчыне. Таму ў іх змесце шмат ненатуральнага. Варта толькі ўслухацца ў змест. Вось урывак з абярэга ад хвароб: “У цёмным лесе стаіць гара высокая, там растуць дубы вялізныя, пад імі царква свянцоная, там бяжыць вада лячэбная. А я ж тую ваду брала, балючае месца абмывала, піць давала, слаўцо прамаўляла: ідзі, немач, з цела вон!” Не менш цікавы пачатак і ў другога загавора ад хвароб: “Крынічанька, сцюдзёная вадзічаньнка, святая панна-хвіліца ішла з сіняга мора пам’ягамі, не чула іх пад нагамі, дабіралася з цёмнага лесу пяскамі, праз сырое карэнне, праз цвёрдае каменне, на трыдзевяць ключы замыкала, Госпада Бога прызывала...”

Кожная замова — мастацкі твор, дзе мноства непаўторных эпітэтаў, шмат параўнанняў, цэлыя згусткі самабытных народных фразеалагізмаў і казачных сюжэтаў. Услухаемся ў змест наступнай замовы — на ўдалае паляванне: “Каля Кітай-мора ляжыць белы камень, а з-пад таго каменя выходзіла дзеўка з залатымі ключамі, клець адмыкала, руж’ё выдавала, страляць пазваляла, і не на жывое, а на мёртвае...” Ці ж не казка! І так кожная ці амаль усе. Але яны пад чараўніцтвам замоўнікаў, шаптуноў, шаптух набываюць магічны сэнс, і адны лечаць, другія — спрыяюць удачы. Прычым, існуюць замовы на ўсе выпадкі жыцця: на шчаслівую дарогу, на добры сон, на каханне, ёсць шэпты-абярэгі і ад розных хвароб. Але найбольш “слоў”, якія прамаўляюцца пры сельскагаспадарчых работах, пры дзеях, звязаных з дамашняй жывёлай і на ўдачную працу. Адсюль вынікае, што замовы нараджаліся і бытавалі ў асноўным у сялянскім асяродку.

У кожнай мясціне ў адным і тым жа населеным пункце на ўсякія жыццёвыя выпадкі маецца некалькі варыянтаў замоў. Напрыклад, калі адпраўляліся ў дарогу, то звычайна на добры шлях прамаўлялі ахоўныя словы-абярэгі. На Лунінеччыне іх існуе шмат. Возьмем два варыянты:

“Іду сама з сабою, чатыры анёлы за мною: адзін дарогу пракладае, другі жытам прасыпае, трэці наперадзе сталы засцілае, чацвёрты кажа: “Амін, амін, амін”.

“Першым разам, добрым часам, Госпаду Богу памолімся, Хрысту паклонімся. Учора з вячора сонейка іграла, добрую дарогу прадвяшчала: сягоння з ранку зара занялася, у небе на парозе з сонейкам спаткалася, залатыя ключы ў рукі брала, дубовую дзверку адмыкала, шоўкавы полаг падымала, сонейка на неба выпускала, добрую дарогу прадвяшчала. Устаў я раненька, паглядзеў у аконца, а там святы Юрый каня запрагае, добраславенныя словы прамаўляе, ад бяды-напасці зберагае. Дай жа мне, Божа, шчаслівую дарогу!”

Адны замовы — малітвы, другія — просьбы, дзе ідзе зварот да Бога, да Хрыста ці нейкіх святых. Іншы раз святыя з’яўляюцца ўскоснымі героямі ці сведкамі таго, пра што гаворыцца ў замове. Напрыклад, калі гаспадары вясной першы раз выгонілі карову на пашу (на Лунінеччыне найбольш 6 мая — на Юр’я), то гаспадыня прыказвала: “Ідзі, мая кароўка, на Юр’еву расу, на Міколаву траву. Прыходзь, мая каровачка, з Юр’евай расы, з Міколавай травы з вялікімі малакамі, з сырамі ды смятанамі. Не я знаю — Гасподзь Бог знае і нам памагае. Я са словам, а Гасподзь Бог з помаччу і Духам Святым”.

А здаралася, летам у каровы прападала малако, тады замаўляла: “Добры вечар, скацінка, прыйшла к табе хазяечка з залатой даёначкай, з шоўкавым цадзілачкам. Маці Прачыстая цябе даіла, а хазяечку малачком надзяліла ды белай смятанкай і жоўтым маслецам. Не сваімі думамі, а Гасподнімі словамі прылюбі мой дух ціхенькі, лёгенькі. Памажы, Госпадзі Божа!”

* * *

А дзе толькі не адбываюцца дзеі ў гэтых невялікіх творах! На далёкіх морах, на пустых астравах і ў высокіх гарах, а бывае, ў нашых цёмных лясах, у чыстых палях, у багне балотнай і сярод гнілых пнёў. Можна ўпэўніцца ў гэтым, праслухаўшы хаця б урыўкі з замоў: “На моры-акіяне стаіць востраў Латыр, на тым Латыры — залатая кузня, а ў той кузні Кузьма-Дзям’ян, Купальны Іван...” (з замовы на захаванне жывёлы); “На сінім моры вужы не купаюцца, а маленькія младзенцы ўцяшаюцца, к целу прыбываюць. Хай Бог дае ім спаць і гуляць, у харошае здароўе прыбываць. А ўсякаму гору ісці на крутую гору, на быстрыя рэкі, на мокрыя балоты, на ніцыя лозы...” (з замовы на шчаслівую долю дзіцяці пры нараджэнні).

* * *

Некаторыя замовы суправаджаюцца рытуальнымі дзеяннямі, рухамі. Напрыклад, чытаючы словы для дзіцяці з крыксамі, пасля апошніх слоў трэба 3 разы рабіць жэсты рукамі: хапаць паветра над хворым і кідаць яго ў бок дзвярэй і сплёўваць услед. Пры замове ад выкідышу наведвальнік прыносіць бохан хлеба. Шаптуха выразае на версе бохана скарынку ў выглядзе варонкі. Хлеб астаўляе сабе, а выразку замаўляе. Зрабіўшы замову перад абразамі, аддае нашаптаную скарынку ў рукі, каб пацярпеўшая моўчкі з’ела, а калі хворая дома і за нашаптаным хлебам прыходзіў хтосьці з блізкіх, то, аддаючы замоўленую скарынку ў рукі, наказвае ні з кім па дарозе не гаварыць і нішкам аддаць той хлеб хворай.

Калі гаспадар пачынаў сяўбу ў полі, павінен быў з галінкай пасвечанай вярбы абысці поле “за сонцам” і прачытаць тры разы: “Падыходжу к варотам рая, дзівам дзіўлюся, Госпаду пакланюся. Даў бы Ты, Гасподзь, і мне тое ж, што і ў Цябе расце, разрастаецца і наліваецца, ангелам на ўміленне, людзям на здзіўленне. Амін”.

Заўважана, што ў ранейшыя часы пачатак усякай работы добраслаўляўся замовамі, звычайна кароткімі словамі, іншы раз у 2 – 3 фразы. Кароткімі шэптамі-абярэгамі агароджвалі сябе і кладучыся спаць. Вось адзін з абярэгаў: “Спаць лажуся, на Бога спадзяюся. Крыж пада мною, Бог нада мною. Анёлы мае, станьце пры мне — што вам, тое і мне. Ва імя Атца і Сына і Святога Духа. Амін”.

Існуе шмат замоў на здароўе і найбольш з іх — ад зубнога болю. Мы цяпер, калі непакояць зубы, да доктара звяртаемся, а раней да шаптуна імкнуліся. Верылі людзі ў магічныя словы, таму і дапамагала: унушэнне — таксама лячэнне. Самае цікавае тое, што ва ўсіх замовах ад зубнога болю ідзе зварот да месяца: “Маладзік малады, у цябе рог залаты...”, “На небе месяц, у лесе — дуб тоўсты, а ў полі камень сяды...” і г.д

А вось у замовах на каханне, у так званых прысушках, найчасцей згадваецца нячыстая сіла. Як вядома, з “цёмнымі” сіламі найчасцей звязаны знахары, а народныя лекары, у тым ліку і шаптуны, зварот мелі да “светлага” боку. Нават людзі, што шукалі паратунку ад суму, тугі, гора, у Бога ды ў святых псіхалагічнай падтрымкі прасілі. А для злюбу маладых і для ладных сямейных адносін, як ні дзіўна, чамусьці светлых чараў людзі не прыдумалі.

Сярод шматлікіх запісаў замоўнага жанру Лунінеччыны ад запою знайшлася адна-адзіная замова. Калі б загаворы складаліся ў наш час, то, улічваючы сучасны маральны стан нашага грамадства, відаць, колькасць іх была б вельмі значнай.

* * *

Мэта напісання гэтага артыкула — не заклік вярнуцца да замоў, а імкненне паказаць, што творы гэтага віду народнай творчасці, як і казкі, і песні, і прыказкі, прыгожыя, сакавіта-моўныя і па-свойму непаўторныя, са своеасаблівымі мастацкімі дэталямі.

А наконт замоў: і ў наш час, калі ў каго-небудзь са здароўем вялікія праблемы і чалавек не знаходзіць паратунку ў дактароў, то шукае спосаб лячэння ў нетрадыцыйнай медыцыне, у знахараў ці ў шаптуноў.

На верх старонкі