Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Царкоўныя запісы аб падзеях у Кажан-Гарадку 1795 – 1904 гг.

Згодна з царкоўнымі запісамі, у канцы XVIII стагоддзя амаль усіх памершых у Кажан-Гарадку хавалі на Цвінтары. На могілках за вёскаю — Могліцах — хавалі толькі бедных або чужых — “прышлых і ўбогіх”. У 1795 г. пахаванні уніятаў на Цвінтары практычна спыніліся. Чым гэта выклікана – невядома. Магчыма, у гэты час на Цвінтары пачаў дзейнічаць касцёл і Цвінтар перайшоў ад уніятаў да католікаў? Але магло быць і такое, што хаваць на Цвінтары было забаронена памешчыкам. Ды і цесным ужо стаў Цвінтар...

“Царкоўныя роспісы” 1835–1850 гг., якія ўяўляюць сабою павулічны перапіс усіх уніятаў-парафіян, указваюць, што “ў мястэчку Кажан-Гарадок вуліц восем, у якіх двароў мясцовых сялян, прыналежачых да уніяцкай парафіі, лічыцца сто шэсцьдзесят; а менавіта на вуліцах: Замкавай, душ мужчынскага полу 109, паміж якімі знаходзяцца 2 душы рымскага абраду; у Парахонскай душ мужчынскага полу 68; у Чабатарскай 31; у Зарэчна-Парахонскай 18; у Зарэчнай 94; у Бірукоўскай 62; у Гомоноўскай 51; у Лахаўскай 41, а ўсяго ў мястэчку Кажан-Гарадок знаходзіцца мужчынскага полу душ чатырыста семдзесят чатыры...”

У тых жа “роспісах” пасля пафамільнага спіска асобна перапісана такая катэгорыя сялян, як “неаседлыя” — усе яны жылі па вул. Зарэчнай. (Звернем увагу, якая на Зарэччы зямля: месцамі там нядрэнныя агароды!) “Неаседлых” налічвалася 25 мужчын (з іх дваіх здалі ў рэкруты, а двое — служачыя плебаніі) і 33 жанчыны (у асноўным удовы і рэкруткі).

Звяртае на сябе увагу саслоўная прыналежнасць насельнікаў Кажан-Гарадка. Так, можна выдзеліць такія катэгорыі, як “сын працавітых, або мяшчан, або шляхты”, “мешчанін мястэчка Кажан-Гарадка” (з кнігі хрышчэнняў 1827 – 1834 гг.)

У “Метрыцы народжаных” за 1755 г. ёсць адзінкавыя выпадкі, калі людзі не мелі прозвішчаў, напрыклад, “Еўдакія Lunuezka лаўніка цнянскага”, “Іван, сын мельніка з Кажан-Гарадка”...

Як бачна з рэгістрацыі памершых, п’янства (а гэтая загана была вельмі рэдкаю з’яваю ў Кажан-Гарадку), рэзка асуджалася: п’яніц фактычна адлучалі ад грамадства, пазбаўлялі хрысціянскага пахавання: “1793 года, лістапада 27 дня. Убогі Міхал Подкас, што без рэфлексіі і аплення святымі Сакрамэнтамі (без асвячэння і Прычасця — В. Т.) з гарэлкі п’яны памёр, без абраду хрысціянскага і не на людскім месцы пахаваны”. Гэта адзіны выпадак алкагалізму, зафіксаваны ў Кажан-Гарадку ў канцы XVIII – сярэдзіне XIX ст.ст.

Рэгістрацыя памершых дазваляе прасачыць, ці былі ў Кажан-Гарадку пахаваны забітыя ў паўстаннях або войнах — гэта значыць, прасачыць за ходам асобных падзей у гэтай мясцовасці.

1793 год, другі разбор (падзел) Рэчы Паспалітай, у выніку якога Кажан-Гарадок пераходзіць да Расіі. Ці быў хто пры гэтым у Кажан-Гарадку забіты, пакараны смерцю? Царкоўныя запісы не даюць поўнага адказу, бо прычыны смерці ў царкоўных дакументах не ўказалі. Але ў 1793 г. тут пахавалі дваіх “захожых людзей”! Хто яны?

24 сакавіка – 16 лістапада 1794 года на Беларусі — паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. У Кажан-Гарадку зноў больш звычайнага “людзей захожых” і адзначаны выпадкі іх пахавання. Магчыма, сярод іх былі і паўстанцы... “27 жніўня31 Якуб з Літвы захожы, маючы гадоў 37, св. Сакрамэнтамі ачышчаны, памёр і могілках Кажан-Гарадзецкіх пахаваны”, “Год 1794, дня 24 жніўня32 ... Сямён з Лейшацка пры магазіне тутэйшым, маючы гадоў 24 ...памёр”.

Больш дакладную карціну гістарычных падзей 1793–95 гадоў можна было б уявіць, вывучаючы касцёльныя запісы, але аб іх існаванні нічога невядома. Не даследаваны царкоўныя і касцёльныя дакументы за 1831 і 1863–64 г.г. — за час двух паўстанняў, што прайшлі ў нашым краі. Дарэчы, мясцовае паданне сведчыць, што ў час паўстання 1863–64 г.г. у Кажан-Гарадку былі людзі Кастуся Каліноўскага.

Нарэшце, аб вайне 1812 года. Каля Кажан-Гарадка не было ні баявых дзеянняў, ні забітых, ні памершых ад ран. З кнігі рэгістрацыі памершых бачна, што ўсе пахаваныя — старыя або дзеці: ніхто з іх не мог быць удзельнікам ваенных сутычак.

Запісы ў кнігах царкоўнай рэгістрацыі ўтрымліваюць і іншыя звесткі. Згадваецца, напрыклад, пажар 1810 года, аб памерах якога меркаваць цяжка. “Ведомость о церкви” за 1842 год дае звесткі аб царкоўных землях “Земли при ... (приходской) церкви по давней мере 178 прентов, пашенной 54 моргов 189 прентов, из коей третья часть по причине наноса желтого песку не пашется. И сенокосной 16 моргов 173 прентов … Приписной к сей церкви нет, а имеется при настоящем местечке кладбищенская во имя Симеона Столпника, деревянная крепкая, когда построена неизвестно… Совершается в ней богослужение поминальные дни”.

Захавалася ўпамінанне і аб двух прадпрыемствах Кажан-Гарадка, датаванае 5 верасня 1861 г. Гаворка ідзе аб млыне памешчыка Шчытта і скарбавай (дзяржаўнай) вінакурні: у апошняй “выганялі піва і гарэлку”.

“Исповедные ведомости” за 1904 год даюць звесткі аб мясцовай інтэлігенцыі: “Настаўнік народнага вучылішча Уладзімір Іосіфавіч Пазднякоў, 39 гадоў; жонка яго Канстанцыя Антонаўна, 38 гадоў; дачка Алена, 14 год. Валасны пісар Дзмітрый Дзмітравіч Пятроў, 45 год; жонка яго Мелання Аляксандраўна, 26 гадоў. Загадчык віннай казённай лаўкі Мікалай Мікалаевіч Семяновіч, 36 год; жонка яго Ганна Іванаўна, 26 год. Валасны фельчар Бенедыкт Ляонцявіч Сокалоўскі, 41 год”.

У гэтым жа дакуменце — спіс дваран Карташэўскіх — 50 душ; ваенных і іх дамашніх — 113 душ мужчынскага полу і 124 — жаночага.