У

У Кажан-Гарадоцкай цяпліцы. Здымак 1983 года.

Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

З летапісу сацыялістычнага гаспадарання

Цяпер Кажан-Гарадок, Дрэбск, Цна складаюць сельскагаспадарчы кааператыў “Гарадоцкі” (раней — калгас-аграфірму “Маяк»). У часы існавання СССР гаспадарка насіла назву калгас «Маяк камунізма».

Гісторыя калгаса пачынаецца ў далёкім 1940 годзе, калі жыхары Дрэбска без асаблівага націску з боку ўлад стварылі калектыўную гаспадарку пад назваю «Чырвоны баец». У Кажан-Гарадку тады стварыць калгас не змаглі: падаспела савецка-германская вайна. Драбляне тут жа, да прыходу нямецкіх войск, расхапалі з калгаснай сядзібы сваё дабро, падзялілі поле, каб сабраць ураджай. Немалая заслуга як у стварэнні, так і ў знішчэнні калгаса належала былому салдату царскай арміі дзеду Зубко Якаву Генадзевічу. 3 пункту гледжання савецкіх улад калгаснае дабро трэба было або эвакуіраваць, або знішчыць, абы толькі не здаць яго ў рукі немцаў; а вось расцягваць калгасную маёмасць па хатам — гэта ўжо рабаўніцтва, за якое ў ваенны час нярэдка і расстрэльвалі...Так што калгаснікам было чым рызыкаваць.

У ліпені 1944 года, з заканчэннем германскай акупацыі, улады зноў распачалі падрыхтоўку да стварэння калгасаў. Але справа прасоўвалася марудна: у шэрагу месцаў Лунінеччыны ўлады сутыкнуліся з узброеным супраціўленнем насельніцтва.

Пры стварэнні калгаса ў суседняй вёсцы не абыйшлося без трагедыі. Калі актывісты (як называюць у народзе, “калгасныя сабакі”) прыйшлі на падворак мясцовага жыхара, каб разабраць яго хлеў на калгасныя патрэбы, гаспадар залез на страху і, размахваючы сякераю, спрабаваў бараніць сваё дабро. Тады міліцыянер застрэліў ворага сацыялістычнай калектывізацыі, а сям’я нябожчыка — у навуку і на страх другім — была раскулачана. Жах, які ахапіў ўсю акругу, зламаў усялякае жаданне супраціўляцца калгаснаму будаўніцтву...

Цнянскі калгас «Іскра» і дрэбскі калгас «Чырвоны баец”, праіснаваўшы год, аб’ядналіся.

Прыйшла чарга стварыць калгас і ў Кажан-Гарадку. Тут у снежні 1948 года былі створаны адразу дзве калектыўныя гаспадаркі: «Новае жыццё” і калгас імя Чкалава (старшыня апошняга калгаса быў асуджаны за рабаванне)71.

Вераснёўскі 1953 г. Пленум ЦК КПСС, разглядаючы крытычнае становішча ў сельскай гаспадарцы, прымае рашэнне аб накіраванні ў калгасы 30 тысяч камуністаў — яны павінны былі ўзначаліць калгасы, саўгасы, заняць шэраг пасад у МТС.

Так у Кажан-Гарадку з’явіўся новы старшыня — “трыццацітысячнік”, вядомы пад мянушкаю “К-топ”72. Ды толькі чорную памяць ў вёсцы пакінуў аб сабе гэты чалавек... Чорную памяць, слёзы, праклёны і ...байструкоў. Любімай справай гэтага старшыні было «паляванне» на дзяўчат і маладых жанчын. Схаваўшыся ў кустах, “К-топ” выглядаў з засады: ці з’явіцца хто з маладзіц, каб накрасці з поля бульбы, саломы ці нават лебяды для свінняў? І можна было не сумнявацца: зловіць маладзіцу — згвалтуе абавязкова! Засады на сваіх ахвяр старшыня наладжваў і днём, і ноччу. Днём, прылюдна, калі ахвяра не магла быць згвалтавана, старшыня пускаў у ход кулакі, мог збіць да паўсмерці, патаптаць нагамі. Па звычаю тых часоў калгасныя кіраўнікі насілі з сабою зброю, і ўсе добра ведалі, што ў шырокіх кішэнях галіфэ “К-топ” насіў наган. Садыста ўзяць «голымі рукамі» было немагчыма: за яго спінаю стаялі партыйна-дзяржаўныя ўлады раёна. А тыя добра разумелі: калгаснікаў трэба трымаць у дысцыпліне; аслабіш лейцы — людзі разбягуцца з калгасаў! І кіраўнік станавіўся ўсё больш і больш нахабным. Любоўніц, якім надыходзіў час радзіць, старшыня выдаваў замуж, а рабіў гэта вельмі проста. Вызываў у кабінет хлопца і тут жа ставіў умову: жэнішся на ёй — будзеш жыць, а калі не — са свету зжыву! За першай «размовай» ішла другая, трэцяя... Да чацвёртай «размовы» не даходзіла: мардабой схіляў жаніха да згоды ўзяць замуж цяжарную любоўніцу старшыні.

Нарэшце чатыры смельчакі (Арлоў, Кулеш, Тарасевіч, Якубовіч) сабралі на “К-топа” кампрамат. Юрыст Пэтрусь Якубовіч быў адказны за юрыдычную бездакорнасць тайнай акцыі: паказанні сведкаў, каб надаць ім юрыдычную сілу, былі адпаведна аформлены. Пяцёра жанчын пісьмова засведчылі, што старшыня схіляў іх да сужыцельства. Нізкі паклон гэтым жанчынам, Арлову, Куляшу, Тарасевічу і Якубовічу!

Калі дасье было гатова, «подзвігі» старшыні калгаса апублікавалі ў цэнтральным друку, у газеце «Сельская жизнь». І тады мясцовым ўладам застаўся адзін варыянт выбару: убраць “К-топа” з Кажан-Гарадка. Перад тым, як пакінуць вёску, “К-топ” паспеў перапісаць на сябе калгасную хату і прадаць яе, незаконна атрымаў дакумент аб заканчэнні сямі класаў вячэрняй школы. 22 сакавіка 1961 года ён апошні раз прымаў удзел у паседжанні першай сесіі Кажан-Гарадоцкага сельсавета восьмага склікання і паставіў свой подпіс пад пратаколам №1. І больш яго ў Кажан-Гарадку не бачылі...

«Цуды», якія тварыў гэты чалавек, ва ўсёй сваёй змрочнай агіднасці паўстаюць са старонак рамана «Заходнікі”, дзе беларускі пісьменнік Генрых Далідовіч ў дакладнасці апісаў пачварны воблік нашага старшыні.

Важнай падзеяй было ўзбуйненне калгасаў Кажан-Гарадка, Цны, Дрэбска: цэнтральнай сядзібай стаў Кажан-Гарадок, а было гэта ў 1959 годзе.

У 1961 годзе калгас узначаліў Рыхцер Уладзімір Аляксандравіч — немец па нацыянальнасці. І аказалася, што пры гэтым кіраўніку не трэба нават красці! Захацеў саломы — плаці грошы, і табе выпішуць саломы! Нажнеш сярпом травы цяляці — ніхто цябе не згвалтуе і нават не аблае! Жабрацкае існаванне калгасніка змянілася больш прыстойнымі грашовымі і натуральнымі даходамі, гаспадарка стабільна займала ў раёне 1-3 месцы па асноўных паказчыках сельскагаспадарчага развіцця. Вось чаму пры Рыхцеры Кажан-Гарадок неаднаразова наведвалі шматлікія дэлегацыі па абмену вопытам, быў тут і партыйна-дзяржаўны кіраўнік БССР П.М.Машэраў. Да яго візіту праз Кажан-Гарадок праклалі асфальт, пазней гэты ўчастак вул. Пяскі местачкоўцы неафіцыйна празвалі «Рыхтэрштрассэ”, што значыць “вуліца Рыхтэра”. Гаспадарлівых людзей тут заўсёды любілі і, здавалася, Рыхцер у Кажан-Гарадку — гэта назаўсёды. Але... здарылася старшыні нанесці нейкую крыўду мясцоваму жыхару. Апошні, доўга не думаючы, паехаў на радзіму Рыхцера і сабраў там кампрамат на старшыню. І Рыхцера знялі з пасады. Цяжкім было развітанне з Кажан-Гарадком у гэтага чалавека. Праз некалькі гадоў ён прыехаў інкогніта да сваіх кажан-гарадоцкіх сяброў, і тыя не пазналі былога начальніка: дзе падзеўся жывот, і куфайка на чалавеку вісіць колам! Гэта было развітанне з Кажан-Гарадком: праз пару гадоў Рыхцер памёр.

У час гаспадарання Рыхцера спыніў сваю дзейнасць у Кажан-Гарадку невялічкі малочны завод — вядомая з польскіх часоў «млечарня». Але гэта нельга ставіць у віну Уладзіміру Аляксандравічу: у Лунінцы быў адкрыты завод сухога абястлушчанага малака, а раскіданыя па раёну невялічкія «млечарні» ліквідаваліся.

Варта адзначыць і другія змены, што адбыліся ў калгасным жыцці за час праўлення Рыхцера. 3 пачатку 60-х гадоў не сталі вырошчваць кок-сагыз - расліну, з якой атрымліваюць каўчук. Але тут жа пачалася хрушчоўская ліхаманка па вырошчванню кукурузы: пад яе загадвалі адводзіць вялікія плошчы. У 1960-х гадах у калгасе правялі цікавы эксперымент, што потым стаў вядомы далёка за межамі раёна: лён у калгасе прапалолі не людзі, а авечкі. Паколькі гэтыя жывёлы льну не ядуць, іх і выпусцілі на засеянае льном поле.

Калгас стаў плаціць стыпендыі некалькім студэнтам — будучым спецыялістам гаспадаркі.

Прыкладна з 1961 года на бульбяных палях з’яўляецца каларадскі жук. Барацьба супраць яго вялася з прымяненнем дусту, шкоду ад якога вясковыя жыхары адчулі не толькі на сабе, але і на сваіх дзецях, але гэта адбылося пазней...

Пасля Рыхцера калгас узначаліў Міхаіл Міхайлавіч Гімбатаў. У добра адладжанай гаспадарцы выконваліся і перавыковаліся планы продажу дзяржаве сельгаспрадукцыі, а калі Гімбатаў нечакана памёр, то ў яго гонар назвалі частку вуліцы Пяскі — ужо вядомую нам “Рыхтэрштрассэ”. Гэта не знайшло разумення з боку мяшчан, якія лічылі, што больш Рыхцера ніхто са старшыняў калгаса не заслужыў пашаны.

Гімбатава змяніў Р.Д. Даўгавечны. Яго назначэнне на пасаду старшыні калгаса для многіх было нечаканасцю: Даўгавечны быў ураджэнцам Кажан-Гарадка. Савецкая кадравая палітыка прадугледжвала прызначэнне на пасады старшынь калгасаў прыезжых, а не мясцовых спецыялістаў. Як паведамляла ў свой час раённая газета, «па выніках першага квартала 1983 года за поспехі ў вытворчасці і продажы мяса калгас «Маяк камунізму» ўдастоены пераходнага Чырвонага сцяга ГК КПБ, выканкама работнікаў Савета народных дэпутатаў, райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі, гаркама ЛКСМБ. ...Першы сакратар гаркама партыі М.А. Прасмыцкі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў калгасу высокую ўзнагароду. Старшыня праўлення Р.Д. Даўгавечны ад імя калгаснікаў заявіў, што жывёлаводы гаспадаркі зробяць усё для таго, каб у далейшым працаваць яшчэ лепш, унесці дастойны уклад ў выкананне Харчовай праграмы”73.

У час праўлення Р. Даўгавечнага канчаткова прыйшоў у запусценне вадзяны млын у Кажан-Гарадку. Пазней нехта толькі падагнаў кран і выцягнуў з вады турбіну, чым і закончылася варварская акцыя.

Вельмі нават не проста аказалася адправіць Даўгавечнага па хваробе на пенсію. Вельмі ж не хацелася яму здаваць ключы ад сейфа і калгасную пячатку! Не дзейнічалі на Даўгавечнага ні ўгаворы раённага начальства, ні пагрозы. Нарэшце,старшыня здаўся...

З 1985 года калгас «Маяк камунізму» узначаліў Адзішчаў Віталь Мікалаевіч, родам з Кастрамской вобласці. На гэтай пасадзе замяніў Адзішчава Чырэц Міхаіл Іванавіч, якому і выпала вырашаць складанейшыя гаспадарчыя праблемы эканамічнага крызісу, што ахапіў постсавецкую прастору ў пачатку 1990-х гадоў.

Асобнай гаворкі заслугоўвае СВК “Цна” (ранейшае Гарадоцкае міжкалгаснае цяплічнае аб’яднанне, а потым — калгас-кабінат “Крыніца”), якое ўзначальваецца Мікалаем Мікалаевічам Лятчэняю.

Павелічэнне калгасных прыбыткаў за кошт вырошчвання гарод-ніны — даўняя мара старшыні Рыхцера У.А. Таму яшчэ ў пачатку 1950-х гадоў на калгасных палях быў закладзены агарод, дзе вырошчвалі агуркі, памідоры, цыбулю і іншыя гароднінныя культуры74.

“У 1974 годзе на ўскраіне Кажан-Гарадка поўным ходам ішла будоўля міжкалгаснага цяплічна-гародніннага камбіната з плошчай ахоўваемага грунту 6 гектараў. Згодна з праектам, з яго цяпліц за год павінна паступаць каля 3000 тон гародніны. Камбінат павінен быць уведзены ў строй у першым паўгоддзі 1974 года, а першая чарга — яшчэ раней»75.

Такім чынам, на сённяшні дзень у Кажан-Гарадку існуе два сельскагаспадарчыя кааператывы. Цяжкім для іх выдаўся 1993 год — год, у які Кажан-Гарадок адзначаў 500-годдзе. Наогул, пачатак 90-х — час, калі паказчыкі эканамічнага развіцця амаль не публікаваліся. Як толькі знік з карты свету СССР — спынілася публікацыя статыстычных дадзеных па выкананню планаў, валаваму выпуску прадукцыі. Чаго сколькі выпускалася ў першыя постсавецкія гады — невядома; куды ўсё падзелася-прывацізавалася — ніхто не дакапаецца...

І ўсё ж такі некалькі абсалютных лічбаў валавай вытворчасці малака на фермах калгаса “Маяк” было апублікавана. Гэта афіцыйная статыстыка.

Вынікі работы малочных фермаў у 1993 годзе
КалгасВёскіВалавы надой малакаАтрымана цялят на 100 кароў


1993у % да 19921993у % да 1992
МаякЦна91909510182
МаякКажан-Гарадок12000895880
МаякДрэбск8190887367