Сінагога

Кажан-Гарадоцкая сінагога
(другая палова 18 ст.). Выгляд з паўднёвага захаду. Фота 1920-х гадоў. Спалена нацыстамі ў 1942 годзе.

Інтэр’ер

Інтэр'ер залы Кажан-Гарадоцкай сінагогі з выглядам на арон-кодэш. Фота 1920-х гадоў.

Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Яўрэі Кажан-Гарадка ў XVII ст. — жніўні 1942 года

Яўрэі пасяліліся ў Кажан-Гарадку не пазней XVII стагоддзя. У 1646 годзе, 21 красавіка, Марк Давыдавыч, арандатар «городка названного Кожангородецкого в воеводстве Новогородецком будучего», напісаў скаргу ў Пінскі гарадскі суд46.

Як бачна з імені гэтага чалавека, арандатар быў яўрэеем. Наўрад ці ў Кажан-Гарадку ён быў адасобленым ад яўрэйскай абшчыны: звычайна яўрэі сяліліся гуртом. Да таго ж і пасаду Марк Давыдавіч займаў высокую, што дазваляла яму акружыць сябе ў Кажан-Гарадку яўрэямі-пасяленцамі.

У 1679 г. пінскія жыхары пазычылі Лагішынскаму іезуіцкаму манастыру 1500 злотых, а сярод яўрэйскіх абшчын, якія пералічвалі грошы, упамінаецца і Кажан-Гарадок.

1766 год — яўрэйская абшчына ў Кажан-Гарадку стала самастойнай.

1795 год — у мястэчку 129 хрысціянскіх і 21 яўрэйскі двор47. Лёгка падлічыць, што 14% двароў належала яўрэям.

Яўрэйскае насельніцтва Кажан-Гарадка хутка расце: калі ў 1870 г. тут быў адзін малітоўны дом, то праз 26 гадоў — 2. З завяршэннем у 1870-х гг. будаўніцтва Палескіх чыгунак і ператварэннем Лунінца ў вузлавую станцыю, значная колькасць кажан-гарадоцкіх яўрэяў перасялілася ў Лунінец. Колькасць яўрэйскага насельніцтва пачала хутка расці і ў Лунінцы, але амаль да канца XIX ст. лунінецкія яўрэі не мелі нават сваіх могілак, што бачна з прыведзенага ніжэй архіўнага дакумента:

«Минское Губернское Присутствие, препровождая: прошение мещан пос. Лунинца Мордуха и Мовши Гофштейнов, Давида Гринштейна и других... о приобретении ими у крестьян с. Лунинца Константина Санюковича и Николая Павлюковца 1860 кв.сажен для устройства лунинецкого еврейского кладбища. ...Участок земли, продаваемый под еврейское кладбище... представляет собой гористую песчаную бесплодную площадку верстах в 3-х от Лунинца. Евреям кладбище крайне необходимо, т.к. теперь им приходится хоронить умерших в м. Кожан-Городке в 14 верстах от Лунинца, что при значительности еврейского населения и его бедности является тяжким бременем”.48

Па перапісу 1897 г. колькасць насельніцтва Кажан-Гарадка — 3294 чалавекі, з іх — 1597 яурэяў. Такім чынам, яўрэі ужо складалі 48% насельніцтва гэтага мястэчка.

* * *
У часы польскай улады сярод яўрэяў Кажан-Гарадка значна распаўсюдзіліся камуністычныя настроі. Арганізатар камуністычнай ячэйкі Хаім Белагуцкі лунінецкім судом быў асуджаны на 4 гады турмы. Выязная сесія суда працягвалася 3 дні. І тры дні будынак суда быў акружаны народам. Суддзі не асмеліліся чытаць прыгавор у Лунінцы, таму чыталі яго ў Пінску... Прысуд быў аб’яўлены пінскім акруговым судом 2З лютага 1933 г. і пацверджаны 4 ліпеня апеляцыйным судом у Вільні.

Як сведчаць дакументы павятовай паліцыі, у Кажан-Гарадку дзейнічалі «наступныя яўрэйскія грамадскія арганізацыі:

а) Аддзяленне яўрэйска-асветніцкага таварыства “Таргут», створанае у Кажан-Гарадку ў 1925 г. Налічвала 15 сяброў. Старшыня Мазе Міхэль, сімпатыя сіянісцкай арганізацыі. Дзейнасць таварыства слабая, сродкаў амаль не было;

б) “Грамадства апекі над яўрэйскімі сем'ямі на Палессі”. Аддзяленне ў Кажан-Гарадку створана ў 1926 г. Налічвалася 116 сяброў. Старшыня – Дрэбскі Менахім (сіяніст). Дзейнасці не праяўляла.

в) Яўрэйская дабрачынная арганізацыя «Гемулус Хэсэд». Аддзяленне ў Кажан-Гарадку створана ў 1927 г. Налічвалася 95 сяброў. Старшыня Луцкі Ёсель (сіяніст). Дзейнасць — актыўная. Аб фінансах звестак няма. Палітычнага ўплыву (на арганізацыю) не было;

г) “Саюз яўрэйскіх рамеснікаў». Аддзяленне ў Кажан-Гарадку ўзнікла ў 1928 годзе. Налічвала 400 сяброў. Старшыня Голін Міхель (падазраваўся паліцыяй у камунізме). Дзейнасць слабая. Сродкі — членскія ўзносы. Уплыў КПЗБ даволі моцны.

* * *
1 верасня 1939 г. Германія, а 17 верасня СССР распачалі вайну супраць Польшчы, і ў Заходнюю Беларусь хлынуў паток уцякаючых ад германскіх расістаў яўрэяў. Яўрэі Кажан-Гарадка з радасцю сустракалі ўстанаўленне савецкай улады ў Заходняй Беларусі.

У настаўніцкім калектыве Кажан-Гарадоцкай школы ў пачатку германа-савецкай вайны працавала мясцовая яўрейка Эстэр Маісееўна, растраляная пазней у гета.