Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Фармаванне і сучасны стан гістарычнага ландшафту Кажан-Гарадка14

Гістарычны ландшафт Кажан-Гарадка немагчыма ўявіць, перш за ўсё, без трох помнікаў пражскай культуры («Паселішча»; «Гарадзішча-1»; «Гарадзішча-2»), якія ахоўваюцца дзяржаваю. Вялікую цікавасць для даследчыкаў уяўляюць таксама такія неахоўваемыя часткі гістарычнага ландшафту, як урочышча Вялікае Поле; узгорак, на якім збудавана ў 1818 г. царква; урочышча Панскі Сад; пасады старажытнага абарончага замка; Цвінтар (могільнік у цэнтры вёскі); шэраг іншых памятных месц.

Адно з мясцовых паданняў сцвярджае, што да XVI ст. забудова вёскі была хаатычнаю, неўпарадкаванаю. Але адсутнасць строга прамалінейнай планіроўкі вуліц у паселішчах Рэчы Паспалітай не задавальняла каралеву Бону Сфорцу (1494–1557 гг.), якая была ў дзяржаўных справах асобаю не менш актыўнаю, чым яе муж — кароль Жыгімонт I. Згодна з пажаданнем каралевы рэканструкцыя закранула і Кажан-Гарадок: была пашырана цэнтральная плошча «Место», з цэнтра вёскі прамыя вуліцы разыйшліся ў пяць напрамкаў. Ранейшы гістарычны рэльеф часткова быў страчаны, часткова набыў новыя абрысы. Аднак планіроўка, нададзеная цэнтру вёскі, ужо была характэрнай для гарадоў і мястэчак. Праз два гады пасля смерці каралевы Кажан-Гарадок згадваецца ў дакументах ужо як мястэчка (з 1599 г.), а не як вёска.

У трагічным 1655 годзе адбыліся новыя змены ў гістарычным ландшафце: мястэчка было спалена атрадам рускіх войск. Кажан-Гарадок адбудаваўся не адразу, бо насельніцтва было амаль поўнасцю знішчана. Паўстала пытанне: аднаўляць пабудовы на пажарышчах ці перанесці паселішча ў іншае месца? Але Кажан-Гарадок быў адбудаваны на тым жа месцы і з захаваннем той жа планіроўкі вуліц, што засталася з часоў Жыгімонта I Старога і каралевы Боны.

У 1706 г. у мястэчка прыйшлі атрады шведскага караля Карла XII. Згодна з паданнем, варожыя салдаты пачалі рабаваць Кажан-Гарадок, але мясцовае насельніцтва перабіла іх — і гістарычны ландшафт дапоўніўся трыма курганамі на ўскрайку вёскі — Шведскімі Магіламі.

Існуе таксама паданне, згодна з якім Кажан-Гарадок знаходзіцца ўжо на трэцім месцы. Лічыцца, што спачатку людзі жылі каля Загор’я, потым — ва ўрочышчы Вялікае Поле.

Ва ўрочышчы Загор’е археолагі адкрылі паселішча пражскай культуры (VI–VII ст.); гэтае месца вядома як помнік археалогіі «Паселішча».

Што да Вялікага Поля, то культурны слой на ім поўнасцю разбураны шматвяковай культывацыяй і эрозіяй верхняга слоя глебы. Рэшткі курганаў Вялікага Поля былі знішчаны ў 1880-х гадах пры пракладцы чыгуначнай магістралі Лунінец – Гомель. З даўніх часоў, магчыма ад пачатку заснавання паселішча на Вялікім Полі, левае ўзбярэжжа ракі Цны сталі называць Зарэччам. Сапраўды, для жыхароў старажытнага паселішча гэтае месца было «за ракою». Але Кажан-Гарадок перамясціўся на трэцяе месца — з правабярэжжа Цны на левы бераг — у самое Зарэчча. Так Зарэчча стала часткаю сучаснай вёскі. Як бачым, тапонім Зарэчча пацвярджае паданне аб тым, што Кажан-Гарадок быў раней размешчаны на іншым месцы. Ёсць яшчэ два тапонімы, Праход і Загацкае балота (ад слова «гаць»), якія таксама пацвярджаюць паданне аб тым, што вёска перамясцілася з правага на левы бераг Цны.

Вайна 1812 г. прынесла новыя змены ў гістарычны ландшафт. Палонныя разгромленай Вялікай Арміі, носячы пясок торбамі, дасыпалі ў цэнтры Кажан-Гарадка высокі ўзгорак, на якім у 1818 г. памешчык Шчытт збудаваў уніяцкую царкву. Пясок бралі з іншых узгоркаў блізка ад цэнтра мястэчка, ад чаго зноў жа пацярпеў ранейшы гістарычны ландшафт. Магчыма, пад царкоўным узгоркам быў засыпаны старажытны могільнік, бо ў паўднёвай частцы гэтага ўзгорка на глыбіні ўсяго ў штык рыдлёўкі можна знайсці мноства чалавечых касцей колеру бурай охры.

На працягу двух апошніх стагоддзяў паступова прыходзіў у запусценне Цвінтар — старажытны уніяцкі могільнік у цэнтры Кажан-Гарадка. У час існавання 2-й Рэчы Паспалітай клопат аб захаванні Цвінтара ўзялі на сябе мясцовыя ўлады: месца, дзе захаваліся пахаванні, абгарадзілі, пабочным асобам заходзіць за браму не дазвалялася. Праўда, святасці месца ніяк не пасаваў «струмант» — хлеў з супрацьпажарным інвентаром, збудаваны пасярод Цвінтара. Але затое на паўднёвым ускрайку Цвінтара ўзвышалася капліца, што была ў якасці касцёла для мясцовай каталіцкай абшчыны.

З прыходам Савецкай улады (1939 г.) — новыя змены ў гістарычным ландшафце. Быў знішчаны бюст Тадэвуша Касцюшкі, устаноўлены ў скверы на ўскрайку цэнтральнай плошчы; на Цвінтары разабралі «струмант», а ў пачатку 1960-х гг. такі ж лёс напаткаў касцёл; знішчаны фамільны склеп — усыпальніца былых уладальнікаў Кажан-Гарадка.

Цяпер наўрад ці магчыма ўстанавіць, пахаванні якіх уладальнікаў Кажан-Гарадка былі знішчаны на Цвінтары ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х гг. Іх знішчэнне — адна з самых брудных плям у мясцовай гісторыі. Надмагільныя пліты з выгравіраванымі гербамі і эпітафіямі некаторы час ляжалі ў суседскім падворку на вул. Лахаўскай, але наўрад ці захаваліся да гэтага часу.

Балючы ўдар па гістарычнаму ландшафту нанесла і перайменаванне вуліц. Страцілі гістарычныя назвы вуліцы Бірукоўка, Гаманоўка, Замкавая (яна ж — вул. Панская), Лахаўская, Парахонская, Шлях і іншыя. Як ланцуговая рэакцыя перакройвання гісторыі — сціранне межаў і забыццё назваў урочышчаў, што апынуліся ў межах вёскі (пра аддаленыя ўрочышчы гаворка не ідзе); цяпер не кожны вясковец назаве, дзе ў Кажан-Гарадку ўрочышчы Абалонне, Горкі, Замесце, Паўлюкоўшчына, Пацярэбля, Посічы, Самок. Гістарычныя назвы змаглі захаваць толькі вул. Зарэчная, часткі Майдана і Пяскоў.

Гістарычны ландшафт Кажан-Гарадка нельга ўявіць і без урочышча Панскі Сад, дзе знаходзілася ў XIX ст. памешчыцкая сядзіба. Як яна выглядала — меркаваць цяжка, бо частка пабудоў была знішчана пасля рэвалюцый 1917 года; другая частка забудовы — пасля верасня 1939 г. У пачатку XX ст. Панскі Сад уяўляў сабою так званы «натуральны парк» — амаль не крануты рукою чалавека астравок лясной глухамані. Натуральны парк упрыгожвалі аброслыя мохам валуны, сажалкі, альтанкі. Зімою сюды нярэдка заходзілі касулі, сустракаліся курапаткі. Яшчэ ў сярэдзіне 1960-х гг. тут расло некалькі дрэў-волатаў: два з іх ахоўваліся дзяржаваю як помнікі прыроды.

Планы мясцовасці, тапаграфічныя карты XIX — пачатку XX стагоддзяў маглі б даць больш дакладнае ўяўленне аб натуральным парку. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі выяўлена нямала картаграфічных матэрыялаў па Кажан-Гарадку, але ні на адным са згаданых карт і планаў не абазначаны нават контуры памешчыцкай сядзібы15.

Вялікую цікавасць пры даследаванні гісторыі Кажан-Гарадка ўяўляюць не толькі Загор’е і Панскі Сад, але і пясчаны вал на поўдзень ад Кладак праз Цну. Гэта месцы магчымага размяшчэння трох замкавых пасадаў.

У савецкі час у Панскім Садзе збудавалі інкубатарную станцыю, птушкаферму, бальніцу, стадыён, дом для старшыні калгаса, частку ўрочышча занялі пад індывідуальную забудову. На сённяшні дзень існуе рэальная пагроза пашырэння будаўніцтва ў Панскім Садзе канчатковага знікнення рэшткаў яго прыроднага і гістарычнага ландшафтаў.

Савецка-германская вайна 1941–45 гадоў паклала свой адбітак на гістарычны ландшафт: ад высокага берага ракі ў урочышчы Посічы — у бок урочышча Катовы Алёс, праз пясчаныя ўзгоркі ў хвойніку на Бондзе, праз Жуковыя Хвойкі і Загор’е працягнуўся ланцуг акопаў.

Рэшткі акопаў можна бачыць на ўзгорках Вялікага Поля, паміж Майданом і Цынянскім Балотам. Акопы, выкапаныя ў часы нямецкай акупацыі, практычна акружалі вёску з усіх бакоў.

На працягу 1970-90-х гадоў узнікла трывожная сітуацыя на хрысціянскіх могілках: знікла некалькі надмагільных пліт з даціроўкаю XVII і XVIII стагоддзяў і эпітафіямі на латыні і іншых заходнееўрапейскіх мовах. З іх знікненнем могілкі «памаладзелі» і «русіфіцыраваліся»: чым не змены ў гістарычным ландшафце?

Можна адзначыць яшчэ адну, характэрную для нашага часу, змену ў гістарычным ландшафце. Ужо пасля абвяшчэння суверэнітэту Рэспублікі Беларусь на ўсходняй ускраіне вёскі, на месцы масавага растрэлу яўрэяў у час мінулай вайны, на сродкі «Аб’яднання яўрэяў з Лунінца і Кажан-Гарадка ў Ізраілі» быў адбудаваны велічны мемарыял. Мясцовыя жыхары з вялікай пашанай адносяцца да гэтага свяшчэннага месца, без якога ўявіць сучасны гістарычны ландшафт проста немагчыма.