Паметка

Паметка ў "Спавядальных роспісах" Кажан-Гарадоцкай царквы аб "бунце" уніятаў.

Васіль Туміловіч
Кажан-Гарадок 500-гадовы

Бунты ХІХ стагоддзя: 1842–43, 1847, 1857 гады...

Для Кажан-Гарадоцкай парафіі, дзе дажываў свой век уніяцкі прэсвітэр Рыгор Шэмеціла, 3 красавіка 1822 года быў рукапаложаны новы святар — былы выхаванец Слуцкага духоўнага вучылішча Андрэй-Фелікс Іванаў Сушчынскі. Але айцец Рыгор не думаў уступаць сваё месца Сушчынскаму, і апошняму давялося шукаць службу ў Ровенскім уездзе на Валыні.

У 1830 г. памірае айцец Рыгор Шэмеціла і вакантную пасаду заняў яго сын Іван. Згодна з “Рэвізскаю сказкаю” 8 мая 1834 г. настаяцелем у Кажан-Гарадку быў яшчэ уніяцкі прэсвітэр Іван Шэмеціла. Але ў 1836 годзе парафію ўзначальвае ўжо айцец Андрэй-Фелікс Сушчынскі, які не хавае сваіх сімпатый да праваслаўя: у царкоўнай дакументацыі ён пазбягае ўжываць слова “унія”, дзе толькі можа.

У 1839 г. на Полацкім саборы было прынята рашэнне аб ліквідацыі Берасцейскай царкоўнай уніі. І ў такіх людзей, як уніяцкі свяшчэннік Іван Шэмеціла, выбару не засталося: або пераходзь у праваслаўе, або заставайся без парафіі. Апошні варыянт “выбара” азначаў пазбаўленне сродкаў для існавання сям’і і непазбежны пераход у прыгоннае сялянскае саслоўе.

Сушчынскі выгнаў сям’ю Шэмецілы яшчэ да сумна вядомага ў уніяцкім асяроддзі Полацкага сабора: ужо ў 1836 г., згодна з “Ведамасцю царквы”, ніхто з папярэднікаў Сушчынскага ў Кажан-Гарадку не пражываў. Куды падзелася сям’я айца Івана Шэмецілы — невядома. Ясна, што па сваёй волі Шэмецілы адсюль не выехалі б: тут былі святарамі і бацька, і дзед айца Івана — Якаў Шэмеціла.

Расправіўшыся з Шэмеціламі, айцец Андрэй-Фелікс прыкладае ўсе сілы, каб перавесці Кажан-Гарадоцкую парафію ў праваслаўе. Не скрывае ён і крайне варожыя антысеміцкія погляды. У хуткім часе ў “Спавядальных роспісах” насупраць прозвішчаў некаторых парафіян з’яўляюцца зробленыя рукою святара заўвагі: “Николай Іванович Козярский ...нанимался еврею в 16 дне месяца июля возить дрова двомя возы...

Иван Решецкий… 1839 г. июля 6 дня нанимался еврею возить двома возами дров и 3 раза завёз”. Нават такі пошук заробку бацюшка лічыў грахом!

Празмернымі “клопатамі” айца Андрэя скоўвалася ўсякая прадпрымальніцкая ініцыятыва, так неабходная для капіталізацыі гаспадарання на вёсцы!

Настаў 1842 год. Клопатамі айца Андрэя Сушчынскага парафіяне былі пераведзены ў праваслаўе, што выклікала іх абурэнне і “бунт” 1842-48 г.г. “Бунт” уяўляў сабою шэраг антыправаслаўных выступленняў жыхароў Кажан-Гарадка і Дрэбска.

Як пазначана на старонках спавядальных роспісаў, “10 лютага 1842 г., у аўторак, чатыры “зачыншчыкі” — Апанас Каратыш, Мірон Якубовіч, Патрук і Міхаль Рашэцкія — “бунт напротив братчикам и священника зделали”: арганізавалі выступленне супраць праваслаўнага святара з мэтаю вярнуць уніяцтва для свае парафіі.

Бунты пракаціліся і ў Дрэбску: там узначаліў выступленне сялян Сяргей Марза.

Усіх кіраўнікоў, або зачыншчыкаў выступлення, было пяць чалавек, але самым галоўным арганізатарам айцец Андрэй называе Апанаса Каратыша.

У Кажан-Гарадку бунтавалі спачатку роўна месяц, пасля чаго Апанас Каратыш сабраў супраць праваслаўнага святара “громоду судить его 1842 года 9 марта месяца”.

Сабраць грамаду без дазволу павятовай паліцыі — ужо адно гэта расцэньвалася як бунтарскае праяўленне! Але за бунтаўшчыкоў быў “войт мейсцкі”, ён жа “кцітар царкоўны” Цімох Каратыш - асоба вельмі вядомая і аўтарытэтная сярод парафіян. Грамада, між іншым, выносіць прыгавор: вярнуць у мястэчка сям’ю уніяцкага прэсвітэра, усім парафіянам вярнуцца ў уніяцкую веру, выгнаць праваслаўнага айца Андрэя-Фелікса Сушчынскага. Найбольш рашуча настроеныя жанчыны пагадзіліся між сабою так: як не выганім праваслаўнага папа — спалім царкву!

Бунты працягваліся ўвесь 1842 год, а ў снежні Апанс Каратыш, Мірон Якубовіч і Сяргей Марза былі пакараны па прыгавору дваровага ўпраўлення памешчыка Шчытта 20 ударамі розгамі... Рашэцкія Міхаль і Патрук пакараны розгамі не былі: верагодна, іх выратавала шляхецкае прозвішча. А шляхту — дваран — не дазвалялася караць, як мужыкоў, розгамі.

Бунты працягваліся і ў пачатку 1843 года. Улады зноў пускаюць у ход розгі. “Апанас Каратыш ... першы зачыншчык супраць свайго пастыра, а студзеня 10 1843 года цераз дваровае ўпраўленне пакараны быў 20 ударамі розгамі і запісаны ў чорную кнігу ўправіцелем Савіцкім”.

Нарэшце, 16 студзеня 1843 года Апанаса Каратыша яшчэ раз караюць розгамі і на гэтым паметкі аб бунце на старонках “Спавядальных роспісаў” абрываюцца.

Але уніяцтва не здавала сваіх пазіцый: уніяцкія традыцыі захоўваліся ў быту, звычаях, многіх абрадах палешукоў. У Кажан-Гарадку хрэсны ход у Вялікодную ноч праводзілі не па-праваслаўнаму, а згодна з уніяцкай традыцыяй: мяшчане, што ішлі “у галаве” працэсіі, вялі за сабою хрэсны ход “як сонца ходзіць” — у напрамку, прынятым уніятамі. Тады айцец Андрэй, не змогшы ўгаворамі пераламаць уніяцкі звычай, выклікаў казакоў. Настаў Вялікдзень — найвялікшае хрысціянскае свята. Як толькі хрэсны ход выйшаў з прытвора і павярнуў управа, казакі сустрэлі працэсію бізунамі — “нагайками”. Куды падзецца? Спераду сякуць казакі, ззаду напірае працэсія — і “галава” хрэснага ходу павярнула ўлева. Хрэсны ход упершыню пайшоў “в истинно православном направлении”. З таго крывавага Вялікадня і пачалося на парафіі “торжество православия”. Праўда, казачымі “нагайками” аказаліся высечаны не толькі “ерэтыкі”-уніяты, але і “стукачы” бацюшкі, і ні ў чым не павінныя вернікі.

Згодна са сведчаннямі старажылаў, бунты насілі ярка выражаны рэлігійны характар. І яшчэ: злева ў царкоўным прытворы пасля скасавання уніі з’явілася спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе жалезнай дужкі, дзе прывязвалі найбольш упартых уніятаў, што адмаўляліся наведваць праваслаўнае богаслужэнне. “Стоўп ганьбы” — нязменны атрыбут рыначных плошчаў сярэднявечча — знайшоў сабе “прыпіску” у Божым храме!

Калі звярнуцца да біяграфіі завадатараў бунту 1842–43 г.г., то можна бачыць, што яны — пераважна маладыя людзі, якія нарадзіліся не пры Рэчы Паспалітай, а ўжо ў часы гаспадарання на Палессі Расійскай імперыі.

Так, Апанас Фларыянавіч Каратыш з вул. Бірукоўкі, узначаліўшы бунт, меў усяго толькі 28 гадоў ад роду.

Мала старэйшым за яго быў Цімох Мікітавіч Каратыш (36 гадоў) — “войт мейскі”, “кцітар царкоўны” — родзіч Апанаса. Дарэчы, войт Апанас вядомы яшчэ і тым, што яго подпіс двойчы (!) стаіць пад кантрактам на збудаванне царквы; ён жа ў 1810 годзе ахвяраваў на пабудову царквы аж дзве тысячы злотых — “каб з яго патомства не бралі рэкрута”.

Другі завадатар бунтаўшчыкоў — Мірон Мікалаевіч Якубовіч з вул. Бірукоўкі — узначаліў бунт у 34-гадовым узросце.

Маладымі былі Пятро Рашэцкі (25 гадоў) і Міхаіл Ігнатавіч Рашэцкі (30 гадоў) — абодва з роду Гарбараў, вул. Зарэчная.

У справах царкоўных Гарбары былі парафіянамі, шчодрымі на ахвяраванні: бацька аднаго з бунтаўшчыкоў, “Ігнат Рашэцкі Гарбар даў злотых сто” для пакупкі царкоўнага звона 11 верасня 1820 года.

* * *
З прадвесцем “вясны народаў” можна параўнаць антыфеадальнае выступленне жыхароў Кажан-Гарадка, што адбылося ў 1847 годзе. “Вясна народаў” — гэта хваля магутных антыфеадальных і нацыянальна-вызваленчых выступленняў, што пракаціліся па краінах Еўропы ў пачатку 1848 года. ...У канцы 1840-х гадоў беларускія вёскі поўняцца чуткамі аб адмене прыгоннага права, аб антыфеадальных выступленнях украінцаў у Галіцыі. Бунтарскія настроі перадаліся і жыхарам Кажан-Гарадка, дзе зусім нядаўна — усяго чатыры гады назад — пракаціўся бунт іншага кшталту, антыправаслаўнае уніяцкае выступленне.

У 1847 годзе жыхары Кажан-Гарадка бунтуюць зноў: на гэты раз яны патрабуюць ні многа — ні мала, як адмены для іх прыгоннага права! Уладзіць канфлікт з бунтаўшчыкамі ўзяўся ўпраўляючы маёнткам Савіцкі. Сабраўшы сялян, ён уручыў ім паперы, быццам бы гарантуючыя свабоду ад прыгону. На самай справе згаданыя дакументы не мелі юрыдычнай сілы на адмену прыгоннага права. Сяляне, узрадаваўшыся “перамозе”, спынілі бунт, а дакументы аб дараванні “волі” прыняў на захоўванне Павел Каратышэвіч (вядомы потым пад прозвішчам Каратыш, а яшчэ больш вядомы пад клічкаю “Місцюк”). Не разабраўшыся ў ілжывасці атрыманых ад упраўляючага маёнткам папераў, Каратышэвіч-Місцюк запэўніў сялян, што прыгоннае права для местачкоўцаў адменена і сяляне, не падазраючы, што іх падманулі, разышліся.

У 1857 годзе мястэчка зноў скалыхнулі сялянскія хваляванні (падрабязней аб іх можна прачытаць ў артыкуле Льва Коласава, змешчаным ў раздзеле «Дадатак»).