Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Франтавы фотаздымак

  Сустрэчы, сустрэчы... Яны могуць быць ярка-ўрачыстыя або горка-сумныя. Усе сустрэчы не ўзнікаюць самі па сабе. Іх нараджае жыццё, час.
  Вельмі часта мне па вытворчых справах даводзіцца бываць у дарозе, ездзіць у паяздах, сустракаць розных людзей. Пры сустрэчах у адных на твары сур’ёзнасць, у другіх — абыякавасць, трэція — вясёлыя і бесклапотныя. Але ўсе сустрэчы запамінальныя.  ...Цеплавоз даў кароценькі гудок. Праз нейкую хвіліну поезд, перастукваючы коламі, набіраў хуткасць. Я зайшоў у вагон. Ехалі прызыўнікі. Ну, думаю, дзве ночы не спаў і зноў не прыйдзецца. Стаў у купэ, задумаўся, пазіраю ў акно. Побач бачу хлопца, які спіць на сярэдняй паліцы. Пад галавою рыжы мяшок, на плячах — старэнькі, зношаны пінжачок. На нагах шырокія, рыжыя, такія ж, як і штаны, боты.
  Праз нейкую хвіліну хлопец прачнуўся, паглядзеў на мяне. Яго твар па-дзіцячаму быў румяны, выклікаў прыхільнасць. Блакітныя вочы пазіралі пяшчотна.  — Скажы, дружок, калі твае боты апошні раз ваксу бачылі? — пазіраючы то на боты, то ў твар хлопцу, спытаў ляжаўшы ўнізе хлопец у моднай шарсцяной фуфайцы.  — Вось бы твіст у такіх, — тут жа дабавіў, з’явіўшыся ў купэ, прызыўнік з гітарай у руках.  — Уявіце сабе, што і на танцы ў такіх хадзіў, — ціха адказаў хлопец.  — О, так! У іх яшчэ яго дзед з бацькам вытанцоўвалі, — не адставаў хлопец у моднай фуфайцы. — Гэта ж, так сказаць, сямейная рэліквія.
  У адно імгненне твар юнака зрабіўся суровым. Поўныя цеплыні вочы сталі калючымі. Далонь правай рукі сціснулася ў кулак. Прыкусіўшы ніжнюю губу, ён злосна паглядзеў на крыўдзіцеля. Здавалася, скажы той яшчэ хоць слова — і хлопец кінецца з кулакамі на яго.  — Слухайце пераклічку! — пад перастук вагонных колаў данёсся голас чалавека ў ваеннай форме.  У момант вагон запоўніўся рознымі галасамі:
  — Я! Тут!.. Я...  А поезд ішоў і ішоў, імкліва ўносячы ў новае жыццё дзесяткі бязвусых хлопцаў-прызыўнікоў.  У вагоне спявалі, забівалі “казла”, расказвалі былі і небыліцы. Юнак з гітараю пайшоў па вагону і цяпер з апошняга купэ даносіўся яго звонкі голас.  Асвоіўшыся, прызыўнікі даведаліся, што я ўжо адслужыў “тэрміновую” і сталі пытаць пра службу ў арміі. Пытанняў было шмат. Маўчаў толькі Сакалоў. Пасля размовы з хлопцам у моднай фуфайцы ён ляжаў на бакавой паліцы і, здавалася, да ўсяго быў абыякавым. Боты яго стаялі дзесьці пад ніжняй паліцай.  Прайшоўшы па вагону, вяртаўся да свайго купэ юнак з гітарай. У гэты час пачуліся галасы:  — Глядзіце, глядзіце, рака!
  — Дык гэта ж Днепр, — прабасіў нехта.  — Які там Днепр, адкуль яму тут быць? — запярэчыў яго сусед.
  Усе, як па камандзе, падняліся і сталі пазіраць на раку.
  — Вядома, Днепр. Ён суднаходны. Вунь, бачыце — бакены.
  — Напэўна, тут і партызанскія сцежкі ёсць, мабыць, тут і баі праходзілі.  Прызыўнікі цясней прытуліліся да акна.
  — Бачыце, акоп на тым беразе відаць, столькі часу прайшло пасля вайны, а ён яшчэ поўнасцю не зарос, — даносілася з купэ.
  А рака, шырачэзная, як акінуць вокам, аддалялася, і праз хвіліну паказаўся бярозавы гай. На пажоўклых лісцях дрэў на сонцы блішчэла раса.
  Вагон зноў загаманіў. Зазвінела гітара, пайшла ажыўленая размова, жарты, смех.  — Можна вас спытаць? — пасля маўчання аклікнуў мяне Сакалоў.
  — Калі ласка.  — Вы служылі ў арміі? Калі служылі, то я хачу даведацца, якія асабістыя рэчы дазваляецца мець салдату пры сабе.
  Адказаць я не паспеў. Мяне апярэдзіў хлопец у моднай фуфайцы.
  — А ці не боты свае ты хочаш пакінуць? — не задумваючыся, выпаліў ён.  — Ды пры чым тут боты, — з крыўдаю ў голасе прагаварыў Сакалоў.   — А, напэўна, пінжачок! Рэдкасны экземпляр. Абавязкова зберажы, — не ўціхаў свавольнік.  Я растлумачыў прызыўнікам, якія асабістыя рэчы можна захоўваць у тумбачцы і што пры сабе насіць.  — А фотаздымак можна? — нясмела спытаў Сакалоў. — Ён з’яўляецца асабістым прадметам.  На імгненне купэ сціхла. Але праз хвіліну з’явіўся ў праходзе хлопец з гітараю ў руках і, падміргнуўшы суседу, спытаў:
  — А ці не каханую ты сваю вырашыў ля сэрца захоўваць? Давай-давай, захоўвай. Яна там за два гады не такога героя, як ты, знойдзе.  Пакрыўджана глядзеў на хлопцаў Сакалоў, яўна шукаў падтрымку. Але ўсе маўчалі. Тады ён хутка, адным рухам засунуў руку ў бакавую кішэню пацёртага пінжачка. Дастаў адтуль невялічкі скрутак, спытаў:  — Вось гэта можна?  Усе з цікавасцю сачылі за пальцамі хлопца, якія беражліва разгортвалі чырвоную хусцінку. Сакалоў дастаў адтуль запісную кніжачку, абгорнутую ў цэлафан.  Стукалі колы вагонаў. За вокнамі прабягалі кудлатыя елкі, беластвольныя бярозы. Але іх ніхто не заўважаў. Нашы позіркі былі скіраваны да невялікага пажоўклага ад часу фотаздымка.  — Гэта мой бацька, — ціха сказаў Сакалоў. — У сорак пятым ён з фронта прыйшоў, паранены ў галаву асколкам. Працаваў у калгасе, доўгі час хварэў. Але рана ўвесь час не давала спакою. Бацька памёр у той год, калі я толькі нарадзіўся. Ён мяне так і не паспеў убачыць. Пераязджаючы па масту Днепр, мне здавалася, што тут, у гэтым месцы, быў паранены мой бацька.
  Крыху памаўчаўшы, Сакалоў дабавіў:
  — У памяць аб бацьку застаўся толькі франтавы фотаздымак. З ім ішлі ў армію мае старэйшыя браты. А цяпер... Цяпер вось я, — ужо зусім ціха вымавіў ён.
  З фотаздымка на нас глядзеў вясёлы салдат-франтавік у бушлаце з аўтаматам на грудзях. Ён стаяў па калена ў снезе на фоне бярозавага гаю.
  Фотаздымак пайшоў па руках. Выдаўшы слабы гук, сціхла ў руках хлопца-свавольніка гітара. Па ўсім вагоне, як па камандзе, змоўклі песні, смех, размова.  Усе ўважліва глядзелі на маленькі салдацкі фотаздымак і маўклівага плячыстага юнака, які свята захоўваў памяць аб бацьку, памяць аб тых, хто цаною свайго жыцця заплаціў за наша мірнае сёння.