Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Спакуса

  Цёплы летні дзень павольна апускаўся на ўжо добра прагрэтую зямлю. Вецер сціхаў. Сонца жар-птушкай садзілася ў лес. Змрок ахутваў усё наваколле. Сцяпан Парэчка павольна крочыў дамоў.  — Гэй, Сцёпа, а Сцёпа! Чуеш ты ці не чуеш? Ты куды чапаеш? — Такімі пытаннямі спыніў Парэчку Іван Сухота.
  — Дамоў, а куды ж яшчэ, — не спыняючы хаду, адказаў Сцяпан і шпарка пакрочыў далей.  — Пачакай, пачакай, паспееш яшчэ. Сонца толькі-толькі заходзіць. Дый куды табе спяшацца — дзеці ў цябе не плачуць. Давай заходзь да мяне, пасядзім, пабалакаем. Я свежаніну “зрабіў” — падсвінка закалоў. Ды ў маёй Валюхі заначка ёсць. Расколем яе на паўлітэрку. Заходзь, грэх на свежаніну не зайсці. Паспрабуеш мяса. Бо ты ж сваіх падсвінкаў не гадуеш. Ну, а дзе свежаніна, там і чарка.
  — Ды кінуў я, шчыра кажучы, зусім завязаў, Іване...  — Ведаю я, ну дык што? Змог жа ты паўгода не піць, зможаш і яшчэ. Ты ж мацак, мужык! Так што шкляначка не пашкодзіць.   Іван Сухота ўгаворваў яго, але ў Парэчкі была іншая думка. Сабраўся заўтра ў райцэнтр. Накапіў грошы, трэба было хоць трошкі прыапрануцца — знасіў усё, пакуль піў. Ды і ў хату неабходна што-небудзь купіць, бо адзін ложак ды стол з табурэтам толькі і засталіся. Прыстойнага чалавека запрасіць сорамна, так запусціў сваю халасцяцкую бярлогу. Так што зноў “пачынаць” яму зараз не хацелася, але ж... Шклянкі, падумаў ён, адной і сапраўды не пашкодзіла б? Асабліва са свежанінай...
  — Што тут доўга думаць? — перарваў яго ваганні Іван Сухота. — Пайшлі! Усяго толькі па адной шкляначцы!
  Гаспадыня, убачыўшы “госця”, хуценька накрыла стол: хлеб, свежаніна, агуркі. Затым наліла гарэлку ў дзве вялікія шклянкі для мужыкоў і маленькую — для сябе. Чокнуліся, выпілі. На зубах апетытна захрусцелі салёныя агурчыкі. Спакусліва пахла свежым мясам.
  — Ну і закусь! — прыцмокнуўшы, усклікнуў гаспадар. — Пад такую і яшчэ не грэх. Валюха! Ідзі ў кладоўку ды прынясі яшчэ адну паўлітэрку, я там паставіў у шафе.
  — Добра! — толькі і адказала жонка.
  Сухота ўзяў у руку бутэльку і хуткім рухам напоўніў шклянкі.
  — Ты што гэта, Іван? Напаіць мяне ўздумаў? Мы ж дамаўляліся ўсяго толькі па шклянцы, — занепакоіўся Парэчка.
  — Для мяне галоўная радасць — госця задаволіць, каб яму было добра. Не пакрыўдзь, Сцёпа! Ты ж мяне колькі разоў частаваў, і я не адмаўляўся. А доўг адплатай дарагі. І не пярэч.  Пасля другой шклянкі ў Сцёпы на душы зрабілася лёгка і свабодна. І Парэчка за абедзве шчакі “шамаў” свежаніну з агуркамі, а з галавы не выходзіла думка, што заўтра ж яму трэба ехаць у горад...  Асабістае жыццё ў Сцяпана Парэчкі не склалася. Ён рана прыахвоціўся да віна і, ледзь толькі ажаніўшыся, застаўся адзін: жонка не вытрымала п’яных скандалаў. І жыццё пакацілася, як у нас кажуць, пад ухіл.  Але пакуль была жывая маці, ён быў дагледжаны і накормлены. Вочы маці не высыхалі ад слёз з-за такога сына. Вёска — не горад, тут усе людзі навідавоку. Рэдка матуля выходзіла пасядзець з людзьмі, сорамна было паказацца на іх вочы. Можа, таму і памерла яшчэ не старой, так і не дачакаўшыся ад сына ўнукаў. З таго летняга дня, калі пахаваў маці, жыццё для яго згубіла ўсялякі сэнс. Суцэльныя п’янкі. У рэдкія дні прасвятлення марыў, праўда, аб сямейным шчасці, аб добрым жыцці, але... І ўсё ж такі апошні раз ён здолеў пратрымацца паўгода, перамагчы сябе на цэлых паўгода! І вось...  Ад выпітай гарэлкі па ўсяму целу разлівалася прыемная млявасць. Галаву бударажылі лёгкія хмяльныя думкі. “А яны сапраўды вельмі добрыя, харошыя людзі, — думаў Парэчка, пазіраючы на гаспадара, які не выймаў цыгарэту з зубоў, усё смаліў і смаліў, пускаючы кольцы дыму да самай столі і на гаспадыню, якая зноў завіхалася каля пліты. — Мабыць, шкада ім мяне, душу маю сагрэць захацелі”.
  — Аб чым задумаўся, Сцёпа? — спытаў Сухота госця. — Ці што не так, га?
  — Ну што ты, Іван! — хутка адказаў Парэчка. — Добра ў вас, ой, як добра, утульна! Ды толькі пара мне ісці ў сваю бярлогу. Заўтра рана ўставаць — у раён сабраўся, купіць сёе-тое трэба.  Паціснуўшы рукі гаспадару і гаспадыні, ён памкнуўся ісці.  — Ды не спяшайся ты, Сцёпа, адпачні, мы да цябе ўсёй душой, з адкрытым сэрцам, — амаль запела гаспадыня, якая расчырванелася каля пліты. — Я вось зноў вам свежанінкі падсмажыла. Трэба, вядома, яшчэ бутэлечку, ды дзе яе возьмеш? Час позні, магазін зачынены. У маёй свякрухі, сам ведаеш, ёсць, ды пасварыліся мы з ёю, я цяпер носа туды не паказваю...
  Парэчка выйшаў на ганак, пачухаў патыліцу. Няхораша неяк атрымліваецца, няёмка. Людзі да яго ўсёй душой, а ён сваё цяпнуў — і ўцякаць. Па-людску і пасядзець як мае быць не паспелі. Нядобра! Схадзіць хіба да маці Сухоты? Ужо ж не адмовіць. Уся вёска ведае, што яна самагонку гоніць поўным ходам. Напэўна, прадасць бутэльку. Гэта Валянціне яна свякруха, нам з ёю дзяліць няма чаго, не сварыліся. Яшчэ, наадварот, будзе задаволеная, што даў выручку.  ...Прачнуўся ён на падлозе. У роце было горача. Балела галава. Дрэнна кумекаў, дзе знаходзіцца, стаў успамінаць. А скеміўшы, паціху, каб не разбудзіць гаспадароў, устаў, выйшаў на вуліцу. І, ужо не думаючы, зноў накіраваўся да Сухоцінай маці. Дастаў з кішэні і працягнуў ёй апошнія грошы:   — На ўсе...