Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Мініяцюры

(З падслуханага)

Бязглуздыя парады

  Калгаснік косіць, а вакол яго стаяць указчыкі і парады даюць:
  — Ты касу з двух бакоў натачы — прадукцыйнасць узрасце.
  — І граблі ззаду прычапі — адразу будзеш траву зграбаць.
  — Парасон у зубы вазьмі — ад спёкі сонечнай.
  Калгаснік усё кідае і бяжыць з сенажаці. Яму наўздагон крычаць:
  — Куды ты?
  — Ну вас к д’яблу. Яшчэ ліхтар да пупа прывяжаце і прымусіце ноччу касіць.

Розны падыход

  Вядуць гутарку тры фермеры — французскі, амерыканскі і наш. Француз кажа:
  — Я за атрыманую выручку дзве каровы купіў.
  — А я — адразу дзве фермы, — паведаміў амерыканец.
  — А я — вілы!
  Субяседнікі здзіўлена глядзяць на нашага вяскоўца.
  — Дык гэта ж вілы аж на тры фермы, — дадае той.

Гною хапае

  Калгаснік выступае перад дэпутатамі раённага Савета:
  — Хачу паведаміць вам, шаноўныя, дзве навіны: добрую і дрэнную. Спачатку дрэнную — гаспадарка развалілася, прадукцыі няма, застаўся адзін гной. Цяпер навіна добрая: гэта дзярма вельмі многа!

Нарэшце абудзіліся

  Фермер прачнуўся, калі яшчэ было цёмна. Напаліў у печы, падаіў каровы, паліў агарод, паправіў плот, наварыў капусты і, прысеўшы адпачыць, закурыў. Радыё аб’яўляе:  — Гаворыць Мінск. Зараз — шэсць гадзін раніцы.
  — У-у-у, нарэшце паўставалі.

Лабавое шкло

  — Колькі каштуе ваша лабавое шкло да “Жыгулёў”?
  — 20 долараў.
  — Пачакай, пачакай... Дык гэта ж маё шкло! Учора ноччу яго знялі з маёй машыны!
  — Ну, тады бяры за 10...

Уладкаваўся

  Пятроў кажа Сідараву:
  — Май сумленне, канчай лайдачыць. Я па дзве цагліны кладу, а ты па адной.
  — Гэта ты сачок: лянуешся лішні раз за цаглінай збегаць.

Прыбіваў каню ногі

  Дэпутат парламента, які прывык даваць з трыбуны парады аграрнікам, упершыню пабываў у вёсцы. Вярнуўся дамоў, расказвае жонцы:
  — Бачыў чалавека, які каня зрабіў.
  — Не гавары глупства!
  — Чыстая праўда! Калі я падыйшоў бліжэй, ён заканчваў прыбіваць яму капыты...

Куды вочы глядзяць!

  На калгасным сходзе старшыня аб’яўляе:  — У касе засталося ўсяго некалькі тысяч рублёў. Калі нічога не прыдумаем, каб яе папоўніць, — памром з голаду. Якія будуць прапановы? Гавары, Янкевіч.
  — Давайце купім добрае насенне і пасеем агародніну...
  — Грошай не хопіць. Гавары ты, Сарока!
  — Купім карову, малаком пачнем гандляваць...
  — Не хопіць! Скажы ты, дзед Арцём!
  — Фанеры трэба купіць.
  — З розуму выжыў! Навошта?
  — Купім фанеры, пабудем ераплан і паляцім з гэтага калгаса куды вочы глядзяць!..

Бліжэй да зямлі

  Мама-аграном прыйшла дамоў на абед і пытае:
  — Як ты, сынок, умудрыўся так замурзацца?
  Пяцігадовы хлопчык адказвае:
  — Дык я ж бліжэй да зямлі, чым ты!

Мудры адказ

  Па загаду калгаснага старшыні, якога прыслалі з горада “на ўмацаванне гаспадаркі”, мужыкі пабудавалі лазню. Печ злажылі, трубу вывелі, дайшла справа да паліц, на якіх парацца. І пайшла спрэчка: габляваць дошкі ці не. Доўга спрачаліся і сварыліся і нарэшце пайшлі за парадай да старшыні. А той і гаворыць:
  — Габляваць!
  Яму ў адказ:
  — Кавалак мыла трапіць на паліцу — пакаўзнешся і башку разаб’еш.
  Старшыня:
  — Гм, і то праўда. Не габляваць!
  А яму:
  — Тады стрэмку ў нагу загоніш.
  Старшыня пачухаў патыліцу, падумаў і мудра адказаў:
  — Тады ўсё-такі габляваць, але габляваным бокам пакласці ўніз.

На верх старонкі