Альманах“Лунінецкая муза” № 20

Максім Казун
Голас белых буслоў

Апавяданні

Кофта для свякрухі

  Калі Уладзімір, ціхі, маўклівы, доўга не жаніўшыся пасля арміі, прывёў у хату Яніну, матуля раптам горка заплакала.  У бацькоўскім доме слёз Яніна не бачыла, жыла бестурботна і цяпер збянтэжана глядзела на свякруху блакітнымі, колеру неба, вачыма: “Прытвараецца ці што? Няма ж прычыны плакаць”.  Уладзімір, загарэлы да чарнаты пад летнім спякотным сонцам, не ведаў, куды дзець рукі, нясмела таптаўся каля жонкі, вінавата глядзеў у бок маці. А тая, адчуваючы няёмкасць сына, яшчэ мацней стала церці вочы.  Яніну ўсе ў вёсцы лічылі прыгажуняй. Многія, паглядаючы ў бок маладых, не раз казалі: “Не пара яна яму”. Чуткі гэтыя даходзілі да абодвух і дзейнічалі на кожнага па-рознаму: Уладзімір кахаў Яніну яшчэ мацней, а яна ўсё часцей і часцей задумвалася над тым, ці не паспяшалася выходзіць замуж.  Уладзімір працаваў старанна, за дваіх. Імкнулася не турбаваць нявестку дамашнімі справамі і свякруха. “Пакуль сіл хопіць, чаго няволіць, — думала, — калі ўжо здароўя не стане, тады і Яніна папрацуе, адробіць за дабрыню”.  Здароўе ў маці з часам і сапраўды пагоршала. Усё цяжэй і цяжэй станавілася падымацца з пеўнямі, паліць печ, прыбіраць у хаце, ставіць маладым раніцою на стол гарачае снеданне. Па свайму характару жанчына сціплая, сказаць прама ў вочы Яніне, каб тая ўзяла частку турбот па дому і гаспадарцы, яна саромелася. А тая, ці то не здагадвалася, што свякрусе цяжка адной, ці то не хацела абцяжарваць сябе, па-ранейшаму салодка адсыпалася да позняга часу, не імкнулася хоць бы вядро вады прынесці. І ў душы свякрухі расла крыўда, нікому не выказаная і ад таго яшчэ больш горкая. Некалі вельмі жыццярадасная жанчына, яна цяпер рэдка ўсміхалася пры сустрэчы з суседзямі, не бачылі ўсмешкі на яе вуснах і нявестка з сынам.
  Яніна адчувала на сабе іншы раз цяжкі позірк свякрухі, незадаволена сціскала рот і старалася куды-небудзь пайсці. “Яна не любіць мяне, а чаму ж я павінна яе любіць?” — разважала яна. Такія адносіны ў доме вось-вось павінны былі выліцца ў скандал. І хто ведае, чым бы ўсё закончылася, калі б аднойчы не адбылася гэтая сустрэча.  Яніна вырашыла купіць модныя чаравікі “на платформе”. Але ні ў вясковым, ні ў раённых магазінах іх не было.
  — Можаш у Мінск з’ездзіць, — панура сказала свякруха.
  — А што, і паеду, — узняла галаву Яніна. І пачала збірацца ў дарогу.
  Плацкартных і купэйных месцаў не аказалася. Яніна, крыху пабурчэўшы, узяла білет у агульны вагон. Сюды яна зайшла разам з сярэдняга росту жанчынай. На ніжняй паліцы драмала хударлявая, маленькага росту бабулька. Пад бокам яе ляжала скамечаная падушка ў сітцавай, з чырвонымі кветкамі, навалачцы.  — З камфортам едзеце, бабуля, — усміхнулася жанчына, — хоць у агульным, але з падушкай.  Бабулька расплюшчыла вочы, акінула позіркам сваіх новых суседзяў, мірна спытала:  — Колькі да Мінска ехаць засталося, дачушка?
  — Ды гадзін шэсць яшчэ.  — Ну, вось і дамучылася. Дабяруся да сталіцы, а там да Барысава рукой падаць, а далей у родную вёску.  — А ці здалёку едзеце, бабуля?
  — Здалёк, дзетка, здалёк, аж з-пад Брэста.  — І ўсё у агульным?
  Бабуля кіўнула галавой і пачала расказваць.  ...У Марыі Нічыпараўны было тры сыны – адзін прыгажэй другога. Радавалася матуля за іх. Страціўшы ў гады вайны мужа, яна не шкадавала сябе, толькі б дзеці не ведалі бяды. Працавала ў калгасе не пакладаючы рук, за асабістай гаспадаркай глядзела, па нядзелях нават паспявала базар наведаць у райцэнтры: прадаць там масла, яйкі, агародніну. На заробленыя грошы то матэрыі кавалак купіць, то што-небудзь з абутку дзецям. Хоць і цяжка было, але хлопцаў апранала не горш за тых, якія жылі з бацькамі. І нават нярэдка песціла іх.  — Намаюцца яшчэ, — казала маці, калі хто-небудзь з суседзяў раіў ёй уладкаваць на работу хлопцаў.  Яе сыны былі амаль адзінымі ў вёсцы, хто ў тую цяжкую пасляваенную пару закончылі дзесяць класаў. Закончылі і разляцеліся ў розныя бакі: старэйшы працуе геолагам на Урале, сярэдні — будаўніком у Брэсце, а малодшы пасля інстытута стаў інжынерам, жыве ў Растове.  Апусцела хата. Цяпер Марыя Нічыпараўна жыла толькі чаканнем летніх водпускаў. Збірала да гэтага часу што-небудзь смачненькае, варыла малінавае варэнне, якое вельмі любілі хлопцы. І лятала маці, як на крылах. Стомы не ведала. А потым з якой радасцю сустракала сыноў! Старэйшы ажаніўся. Добрую жонку ўзяў. Кожнае лета гасцявалі ў маці, дапамагалі па гаспадарцы.
  Аднойчы і сярэдні сын прывёз нявестку. Згулялі вяселле. Сын з маладой жонкай паехаў адпачываць да цёплага мора. Да маці заехалі на зваротным шляху. І то якая радасць для Марыі Нічыпараўны была! Як старанна яна за нявесткай даглядала, імкнулася дагадзіць ёй! А тая на развітанне паабяцала абавязкова прыехаць у госці і на наступны год. Ды, відаць, моцна занята была — не прыехала.  Толькі праз два гады з’явіўся ў доме сярэдні сын. У яго к таму часу ўжо была дачушка. І прыехаў ён да маці не за тым, каб наведаць, а каб угаварыць яе паехаць да яго жыць.  — Чаго табе тут адной мучыцца? У твае гады такой гаспадаркай займацца!  — А што ж я з хатаю буду рабіць? Усё прападзе без гаспадара, — не згаджалася маці.  — Ды прадавай яе, знайшла аб чым шкадаваць, — угаворваў сын.  А ёй тут кожная трэсачка, кожны куточак вельмі дарагія і блізкія. Усё жыццё гаспадарку наладжвала, спадзявалася, што нехта з сыноў да яе вернецца. А яны...
  Маці разумела: нялёгка ёй будзе там, у горадзе... Але ж хіба адмовіш роднаму? І прадала свой дом. Грошы пароўну падзяліла паміж сынамі.  У сярэдняга за дзяўчынкай праз нейкі час з’явіўся хлопчык, потым другі. Усіх выняньчыла, выпеставала, выхадзіла. А сама пастарэла. Жарты табе ці што? Адна справа ў маладосці з дзецьмі вазіцца, а другая — у старасці.
  Потым пайшлі дзеці ў маладзейшага сына. Стаў ён маці клікаць у госці. І рада была паехаць, ды дзе ж сілы ўзяць? Адмовілася. І перастаў сын пісьмы пісаць.
  Нялёгка гэта было перанесці. Ды і нявестка сярэдняга сына пачала глядзець на Марыю Нічыпараўну коса: патрэбы няньчыць дзяцей ужо не было, а прыбіраць казённую кватэру справа не складаная. Ад тых позіркаў у старой кавалак хлеба з рота выпадаў.  Аднойчы, пакутуючы ад бяссонніцы, яна ціхенька выйшла са свайго пакоя ў калідор. Дзверы ў пакоі сына і нявесткі былі прыадчыненыя, адтуль чуліся галасы.
  — Пагасцявала ў нас, а цяпер няхай да малодшага сына з’ездзіць. Ды і хутка нам свайго жаніць, дзе ён жыць будзе?
  — Яе ж там з дзецьмі вазіцца прымусяць, а яна старэнькая ды слабая.
  — Дык што ж, па-твойму, у нас будзе ўвесь час жыць? У рэшце рэшт, твае браты таксама абавязаны маці карміць.
  — А што рабіць? Малодшы ж пісьмаў не піша.
  — Скажы, каб на аліменты падала, ды і геолаг таксама нямала зарабляе.  Раніцай Марыя Нічыпараўна сказала, што едзе да малодшага. Нявестка застацца не ўгаворвала. Сын, адводзячы вочы ў бок, папрасіў пачакаць да зарплаты: грошы на абновы патрацілі, наўрад ці хопіць на білет.  — Чакаць не буду. У мяне ж ад хаты засталося трошкі.  А ехаць яна збіралася зусім не да сына, а ў родную вёску. Там, як пісала ёй два гады назад суседка, можна было танна купіць старую хатку. Каб не траціць асабліва грошы на дарогу, білет купіла ў агульны вагон...  — Вось такая гісторыя, — закончыла спадарожніца расказ аб сваім жыцці.  Яніна не змагла вымавіць ні слова. Сэрца сціснулася ад жалю, нешта перавярнулася ў душы. Яна глядзела на старэнькую бабульку з пакамечанай падушкай, на яе паношаную, яўна пасля нявесткі кофту і думала пра сваю свякруху. Яна ж гэтак жа цяжка гадавала, выхоўвала сына, а цяпер дзеля шчасця яго вымушана мірыцца з яе, Яніны, упартасцю і весці самой гаспадарку. Што на душы ў яе? У якой дарозе і каму адкрые яна сэрца?  — Марыя Нічыпараўна, — пасля непрацяглага маўчання спытала жанчына, — калі вы купіце дом, то сынам аб гэтым напішаце?
  — А для чаго ж еду на радзіму? Каб потым іх да сябе ў госці запрасіць. Навару малінавага варэння, усіх пачастую. Радасць то якая для мяне будзе!  Уражаная, Яніна моўчкі сядзела да самага Мінска. Калі поезд прыбыў на станцыю, яна падхапіла няхітрыя вузельчыкі Марыі Нічыпараўны, спытала ў даведачным бюро, як дабрацца да Барысава і, правёўшы спадарожніцу да касы, купіла ёй білет, пасадзіла ў рэйсавы аўтобус.  — Шчаслівая тая маці, што сына за цябе аддала, — дзякавала Марыя Нічыпараўна.   Яніна пачырванела. На вачах з’явіліся слёзы. У Мінску яна зайшла ў зіхоткі магазін з прыгожай назвай “Людміла” і купіла там адзіную рэч — шарсцяную кофту. Для свякрухі... Нікуды больш не заходзячы, вярнулася дамоў, у вёску.

На верх старонкі