Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 6

З даследванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Гісторыя Вялікачучавіцкай СШ з 1941 года па цяперашні час

Яўген Хвастоў, настаўнік гісторыі, в. Вялікія Чучавічы

Папярэдні матэрыял (перыяд 1857-1941 гадоў) змешчаны ў “Лунінецкім сшытку” № 2.

Наступіла жудаснае лета 1941-га і нечаканая акупацыя. Увесь склад педагогаў змяніўся. Амаль усе настаўнікі, якія працавалі з 1941 па кастрычнік 1942 года, былі родам з Клецкага раёна. Наведванне школы было дрэнным, але на першым этапе немцы кантралявалі гэты працэс. За ненаведванне дзецьмі школы бацькоў штрафавалі на 100 рублёў і 10 яек. У наступныя гады пачаліся татальныя аблавы. Настаўнікі раз’ехаліся па дамах, школа перастала дзейнічаць.

Аднавіліся заняткі ўжо пасля вызвалення, 1 верасня 1944 года. Арганізатарам аднаўлення дзейнасці школы былі настаўніца Ганна Васільеўна Лужкова і яе сястра Любоў Васільеўна. Яны знайшлі два памяшканні для школы. Абсталявання не было, дзеці сядзелі на падлозе на каленках і глядзелі на дзверы, якія замянялі класную дошку. На гэтай дошцы пісалі кавалкам простага пабелу. Чытанне дзеці успаміналі па абрыўках газет, а на чыстых палях гэтых газет і паміж радкамі зімой пісалі алоўкамі. Улетку ж, прыгадвае Ганна Васільеўна, яна прасіла сялян, каб прывезлі 2-3 вазы чыстага белага пяску, і пісалі на разроўненым пяску.

Вучняў у першы пасляваенны год набралася 150 чалавек. З настаўнікаў былі Г.В. Лужкова, Жылевіч і Кордас. У 1945 годзе Кордас выехала у Польшчу.

У 1946 годзе пачалі прыбываць настаўнікі з Усходняй Беларусі: К.М. Рэвенок, Т.Е. Кір’янава, П.М. Гірына, Л.І. Кашура, а ў 1947 годзе прыбылі Анішчанка, Лагвіновіч, Еўдачкава, Дзедавец. У класах напаўняльнасць была невялікай, але ў адным класе вучыліся вучні розных узростаў. Некаторыя вучні за час вайны пасталелі, а ім прыходзілася вучыцца з малалеткамі, і яны саромеліся. У сувязі з гэтым у 1947 годзе пачаў дзейнічаць 5-ты клас вячэрняй школы. У 1947 годзе гэтыя вучні скончылі сямігодку.

У той час пачала ўмацоўвацца матэрыяльная база школы. Вучні атрымалі частку падручнікаў, сшыткі, алоўкі. У бібліятэцы з’явіліся праграмныя і мастацкія кніжкі. Дзяцей пачалі правяраць у школе медыкі, узніклі камсамольская і піянерская арганізацыі. Яны былі малалікія, бо дзеці баяліся ў іх уступаць. У класе дзяўчаты сядзелі ў спадніцах з лентамі на падоле, лёгкіх блузках і хустках. І хлопцы, і дзяўчаты былі босыя, бо на абутак не было грошай.

Першай піянерважатай была Варвара Цярэнцьеўна Дзедавец. А дырэктарам сямігодкі да 1948 года была Г.В. Лужкова.

Надыйшла пара, каб у школах працавалі больш адукаваныя кадры, і ў 1948 годзе дырэктарам быў прызначаны Сяргей Іванавіч Пількевіч, а Ганна Васільеўна стала намеснікам па навучальнай частцы. Сяргей Іванавіч быў гаспадарлівым і ініцыятыўным кіраўніком. Сам географ, ён разбіраўся і ў гаспадарчых пытаннях. У 1949 годзе ўзяўся за пабудову новага будынку школы, бо раней школа была ў чатырох сялянскіх хатах. Будынак быў узведзены, чатыры класы працавалі цяпер у амаль тыпавых, прасторных памяшканнях.

С.І. Пількевіч завочна вучыўся ў педінстытуце на геаграфічным факультэце. Дырэктарам працаваў да 1953 года, а потым па студзень 1954 года Вялікачучавіцкую сямігодку ўзначальваў М.М. Багушэвіч, з 31 студзеня таго ж года — Генадзь Іосіфавіч Валасюк. Гэта быў першы дырэктар з вышэйшай адукацыяй. Намеснікам дырэктара па навучальнай частцы быў прызначаны Іван Пятровіч Хвастоў. У школу пачалі прыходзіць кадры з педінстытутаў і вучылішчаў.

У гэты перыяд пад кіраўніцтвам Г.І. Валасюка з цэнтра сяла перано-сіцца будынак і ставіцца ля існуючай школы. Колькасць класных пакояў павялічылася, але школа карысталася яшчэ трыма наёмнымі сялянскімі хатамі, дзе у адной палове жыў гаспадар, а ў другой быў клас. У школу дзеці хадзілі дрэнна, паліва не хапала, чарніла ў чарніліцах за ноч замярзала, але школа дзейнічала. У 1956 годзе адбыўся першы выпуск Вялікачучавіцкай СШ у наступным складзе: І.А. Грыцкевіч, М.А. Грыцкевіч, І.С. Каравай, І.А. Шэлег, М.Р. Зыцкевіч, В.К. Макаед, Е. Магнушэўская, Т. Міхалкова, У.П. Муравейка, І.П. Паўлюкевіч, Г.М. Бялкоўскі, М.П. Кот. Так, можна сказаць, у вёсцы нарадзілася сярэдняя школа.

У 1958 годзе Г.І. Валасюка перавялі дырэктарам у Ракітнянскую школу, а дырэктарам Вялікачучавіцкай СШ прызначылі І.П. Хвастова, які ў 1956-57 навучальных гадах працаваў дырэктарам Бастынскай СШ. Намеснікам па навучальнай частцы быў прызначаны А.М. Сімановіч. Дырэктар школы І.П. Хвастоў закончыў Ленінградскі педагагічны інстытут імя Герцэна (факультэт псіхалогіі і педагогікі), а ў школе выкладаў гісторыю. Завуч жа быў фізікам з вышэйшай адукацыяй. У школе яшчэ два настаўнікі мелі вышэйшую адукацыю: выкладчыца нямецкай мовы Н.М. Сімановіч і выкладчыца хіміі і біялогіі З.І. Скок. Астатнія былі з незакончанай вышэйшай адукацыяй.

Дырэктар і настаўнікі ўзяліся за выкананне “закона аб усенавучы”. У гэтым калектыву дапамагалі старшыні сельсавета і калгаса, начальнік лесапункта.

Але патрэбна было вырашаць і гаспадарчыя справы. Паступова вырашылі пытанне з нарыхтоўкай паліва на навучальны год. У 1959 годзе пры дапамозе начальніка лесапункта і аднавяскоўцаў гаспадарчым шляхам прыбудавалі да школы яшчэ чатыры класныя пакоі, і школа выйшла з наёмных хацін, кампактна размясцілася на адным двары, што спрыяла дысцыпліне і парадку. Працавала школа ў тры змены, уключаючы вячэрнюю школу рабочай моладзі. Электрычнасці ў сяле не было, вучыліся пры газоўках: у класе віселі тры вялікія газоўкі, якія асвятлялі пакой увечары.

Каля школы быў агарод плошчай каля 0,6 га. Праз нейкі час асвоілі яго. Па ініцыятыве дырэктара школы і намесніка старшыні калгаса Рыгора Рыгоравіча Кіпцэвіча быў закладзены сад з трыццаці дрэваў. Вельмі шмат сіл аддалі саду і агароду настаўніца біялогіі Антаніна Андрэеўна Піліпук і жонка дырэктара, вопытная агародніца Ніна Сямёнаўна. А.А. Піліпук была напраўлена ў школу пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута у 1962 годзе.

На школьным участку ў глыбінцы Палесся вырошчвалі агуркі, памідоры, перац салодкі і горкі, дыні, кавуны, баклажаны і г.д. Прыбытак школы ад агароду складаў 1000 рублёў — на той час гэта былі немалыя грошы. Вучні і тэхработнікі вырошчвалі каля 300 трусоў. За выручаныя ад агародніны і трусоў грошы вучні пачалі атрымліваць бясплатныя падарункі на Новы год. Але ж гэта быў вынік іх працы ўлетку.

Існавалі праблемы з дастаўкай паліва з лесу ў школу, з паездкамі вучняў на спаборніцтвы ў Лунінец. Дырэктар вырашыў набыць для школы аўтамашыну. З гэтым пытаннем ён звярнуўся да камандуючага Беларускай ваеннай акругай і атрымаў станоўчы адказ. Так у школе з 1963 года з’явіўся свой аўтамабіль ГАЗ-63. Першым яго вадзіцелем быў Антон Курак.

Колькасць вучняў павялічылася, было ужо 20 класа-камплектаў. Старога будынка катастрафічна не хапала. Дырэктар звярнуўся да П.М. Машэрава, які якраз балатаваўся ў Вярхоўны Савет БССР па нашай выбарчай акрузе. Адказ быў станоўчы. У 1964 годзе пачалося будаўніцтва школы на 320 месцаў, а 1 верасня наступнага года яна прыняла першых навучэнцаў. Вучні з Чучавіч і навакольных вёсак пачалі вучыцца у светлых пакоях, трэніравацца ў спартыўнай зале. У тым жа годзе школьныя спартсмены ўпершыню прывезлі перамогу і кубак па валейболе — у раёне ўсе былі здзіўлены.

Педагагічны калектыў вельмі вялікую ўвагу надаваў выхаваўчай рабоце з вучнямі. У школе дзейнічалі камсамольская, піянерская і акцябрацкая арганізацыі. Вялікую ролю адыгрывала і вучнёўскае самакіраванне. Існавала і прафесійнае навучанне: хлопчыкі вывучалі трактары і сельгасмашыны, праўда, толькі па плакатах. І тады камсамольцы школы звярнуліся да прадстаўнікоў ЦК ЛКСМБ, якія наведалі школу, з просьбай аб дапамозе. Камсамольцы МТЗ прыслалі ў школу новенькі трактар МТЗ-50, на якім вучацца прафесіі трактарыста-машыніста 3-га класа і па цяперашні дзень.

У 1978 годзе дырэктар школы І.П. Хвастоў пайшоў на законны адпачынак. Дырэктарам быў прызначаны свой жа колішні выпускнік Іван Іванавіч Гаргун, філолаг па адукацыі, які скончыў у Мінску БДУ.

У 1970-я гады зноў узнікла праблема недахопу месца: у школе на 320 вучняў навучалася амаль 500 чалавек. У гэты час ішло будаўніцтва “Галоўпалессеводбудам” саўгаса імя Леніна. У праекце не было школы, але старшыня сельсавета і дырэктар саўгаса Е.М. Гарбар здолелі пераканаць кіраўніцтва глаўка ў неабходнасці новага будынку, што і было зроблена.

У цяперашні час у школе займаецца 400 вучняў. Былыя выпуснікі працуюць ва ўсіх сферах гаспадаркі. Школай кіруе таксама былая выпускніца — В.І. Верас, таленавіты і вопытны педагог.

На верх старонкі