Творчы клуб “Лунінецкая муза”
Праект Вадзіма Жылко

Лунінецкі сшытак № 8

З даследаванняў лунінецкіх краязнаўцаў

Аб тайнай экспазітуры паліцыі ў былым Лунінецкім павеце

Васіль Туміловіч, гісторык, краязнаўца

Лунінеччына, якая ў 1921 – 39 гадах уваходзіла ў склад Палескага ваяводства Польшчы, аказалася ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з СССР.

Неспакойная абстаноўка памежжа змусіла польскія ўлады прыбегнуць да выключных мераў забяспячэння бяспекі свае дзяржавы: выхадцы з «крэсаў» (Заходняй Беларусі і Украіны) службу на польска-савецкай мяжы не неслі; у паліцыю прыгранічных паветаў бралі выхадцаў толькі з этнічнай Польшчы — палякаў; ваяводскае праўленне к пачатку 1922 года перавялі з Пінска ў больш бяспечны Брэст (як тады казалі — часова); паліцыя атрымала заданне актыўна вербаваць інфарматараў з ліку мясцовага насельніцтва — так званую «тайную экспазітуру».

Заўважым, што на ўвесь Лунінецкі павет у 1925 годзе было 39 тайных агентаў, але ў наступныя гады лічба гэтая мела тэндэнцыю да росту. Агенты павінны былі дакладваць пра нядобранадзейных асоб у паліцыю.

Лягчэй за ўсё завярбоўвалі тых, хто баяўся страціць працу, — паштальёнаў, солтысаў...

Асабліва ўлады былі заклапочаны становішчам на паўночным усходзе павета — у Хатыніцкай гміне. Эмісарам з Савецкай Расіі ўдалося стварыць некалькі ўзброеных фармаванняў у гэтай мясцовасці. Пры тым значная частка асабовага складу была рэкрутавана з жыхароў Будчы, Дзяніскавіч і Хатыніч (цяперашні Ганцавіцкі раён). Гэтыя факты былі хутка даказаны следствам, а выкрытыя асобы з тых вёсак прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Іх дзесяткамі асудзілі — каго да пакарання смерцю, каго да працяглага турэмнага зняволення. Значную ролю ў гэтым працэсе якраз і адыграла тайная экспазітура.

Колькі ж іх было — тайных шпіёнаў польскай паліцыі на Лунінеччыне?

Прывядзём некаторыя архіўныя дадзеныя. Па этычных меркаваннях прозвішчы агентаў называць не варта, хаця грыфу «сакрэтна» архіўныя матэрыялы ўжо не маюць.

У Хатыніцкім паліцэйскім пастарунку налічвалася 18 тайных інфарматараў (1935 год). Рэкордную колькасць далі Дзяніскавічы — 31 агент. Спакойна было ў Чудзіне — ні адзін жыхар гэтай вёскі да ўзброеных фармаванняў дачынення не меў. Але і аб наяўнасці тайных агентаў з Чудзіна нічога не вядома.

У Круговічах было 4 агенты ва ўзросце 24 – 32 гадоў. Пастарунак у Краснай Волі налічваў 6 інфарматараў (1935 год), у Мікашэвічах — 12. У Бастыні ў 1933 годзе быў 21 тайны агент. У Цне і Дварцы паліцыі не ўдалося завербаваць нікога! Але ў адной з вёсак цяперашняга Ганцавіцкага раёна таксама нікога не завербавалі! Тады паліцыя запісала ў даносчыкі настаўнікаў мясцовай школы і прыгразіла, што калі тыя не будуць дакладваць пра мясцовы люд, то страцяць працу. Дайшло да цынізма, бо гмінны пастарунак аб сваім «поспеху» шчыра пахваліўся ў дакладзе вышэйшай інстанцыі.

У Кажан-Гарадку было 2 тайныя агенты (1935 год). На вёску Вічын у 1925 годзе быў толькі адзін інфарматар — намеснік солтыса. Лічбы цікавыя: па іх можна меркаваць, дзе ахвотней «здаваў» аднавясковец аднавяскоўца, а дзе — не...

У верасні 1939 года на Лунінеччыну прыйшла Савецкая ўлада. Органы НКУС былі добра падрыхтаваныя да работы ў Заходняй Беларусі — у іх штаце былі перакладчыкі, якія неадкладна пераклалі з польскай мовы ўсю дакументацыю канфідэнцыйнага зместу. Тайныя агенты паліцыі былі дапытаны «чэкістамі», але ўся пікантнасць у тым, што далёка не кожны з іх быў пакараны савецкім судом. Чаму? Адказ відавочны...