Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 1

Матэрыялы першых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 25 лістапада 2001 г.

Дадатак

Сумесны даклад В. Жылко і В. Туміловіча прагучаў на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «22 чэрвеня 1941 года – пачатак савецка-германскай вайны: стан і праблемы ў беларускай і замежнай гістарыяграфіі» (Мінск, май 2001 г.), а крыху скарочаны яго варыянт – на абласной канферэнцыі «Музей як навукова-доследная ўстанова» (Кобрын, снежань 2001 г.).

Даклады В. Жылко і В. Туміловіча аб гістарычных ландшафтах зроблены на міжнароднай канферэнцыі «Палацава-паркавае мастацтва Брэстчыны: гісторыя, стан, перспектывы» (Брэст – Ляхавічы, жнівень 2001 г.)

Лунінеччына паміж адступленнем савецкіх войск і нямецкай акупацыяй: крызіс улад і пачатак калабаранцкіх настрояў (22 чэрвеня – 10 ліпеня 1941 года)

Вадзім Жылко, гісторык, журналіст
Васіль Туміловіч, гісторык, г. Лунінец

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Савецкая ўлада праіснавала ў Заходняй Беларусі толькі год і 9 месяцаў. Яна, з аднаго боку, адштурхнула ад сябе масу заможнага сялянства, прынёсшы ёй нябачаны тэрор і масавыя рэпрэсіі, з другога боку, гэтая ж улада дэкларавала стварыць «ідэальнае» сацыялістычнае грамадства, заснаванае на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці і камуністычнай ідэалогіі. Увесь парадокс у тым, што рэпрэсіі праявіліся неадкладна, а вось абяцанае заможнае жыццё даводзілася яшчэ доўга чакаць.

Амаль адразу пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР «былі арыштаваны буйныя польскія чыноўнікі, памешчыкі, уладальнікі прадпрыемстваў, афіцэры, палітычныя дзеячы. У лютым 1940 года пад прымусам былі вывезены разам з сем’ямі ў Сібір мясцовыя чыноўнікі, асаднікі, служачыя лясной аховы. (Так, у 1940 годзе былі высланы ў Казахстан жыхары в. Белае Возера Лунінецкага раёна, дзе жылі толькі палякі. У 1943 годзе, дарэчы, вёска была канчаткова знішчана немцамі, паколькі ў гэтым раёне дзейнічаў атрад Арміі Краёвай, і пасля вайны не аднавілася). Праз два месяцы такі ж лёс напаткаў сем’і «кулакоў». Летам 1940 года былі высланы бежанцы з Польшчы, якія пасля нападу на яе Германіі ўцяклі ў Заходнюю Беларусь. Гэты тэррор працягваўся да самага пачатку Вялікай Айчынай вайны». У 1941 годзе хваля рэпрэсій дайшла да сялян-сераднякоў. Хаця Савецкая ўлада за кароткі час (канец верасня 1939 – чэрвень 1941 года) правяла нямала станоўчых змен у сацыяльнай, культурнай сферы, адукацыі і медыцыне, заходнікі не вельмі давяралі бальшавікам, бо ў гэтай краіне ніхто не быў упэўнены ва ўласнай бяспецы; ярлык «ворага народа» маглі навесіць любому – ад простага селяніна да члена ЦК Кампартыі.

Таму напад Германіі на СССР значная частка сялян успрыняла як канец савецкіх рэпрэсій, з аднаго боку, але з другога - пачатак вайны нікога не мог радаваць, нават тых, хто пацярпеў ад бальшавіцкай ўлады. Калі ў верасні 1939 года чырвонаармеец амаль усімі палешукамі ўспрымаўся як вызваліцель, то летам 1941-га на германскага салдата глядзелі як на акупанта. Праўда, гэты акупант бачыўся як асоба з даволі супярэчлівай натурай: ён дысцыплінаваны, але небяспечны; пунктуальны, але непрадказальны; гаспадарлівы, але нядобразычлівы; паказальна-велікадушны – і жорсткі; часта яго помста спалучаецца з жаданнем прадэманстраваць «законнасць», заснаваную на насіллі.

Сярод палешукоў знайшлося нямала прыхільнікаў як савецкага сацыялізму сталінскага тыпу, так і тых, хто вітаў гітлераўскі «новы парадак».

У першы месяц вайны насельніцтва Лунінеччыны адносна нязначна пацярпела ад баявых дзеянняў. Праўда, раён падвяргаўся налётам нямецкай авіацыі. Жыхар в. Ракітна Васіль Туркевіч прыгадваў, што ўжо 22 чэрвеня немцы бамбілі Валянскія масты праз Прыпяць, на поўдзень ад Лунінца. У ноч на 24 чэрвеня быў абстраляны цягнік ля станцыі Лобча на перагоне Пінск – Лунінец. А 26 чэрвеня быў здейснены моцны налёт на станцыю Лунінец, загінулі не толькі чыгуначнікі і пасажыры, але і людзі з чэргаў, што стаялі ля магазінаў, пацярпелі некаторыя будынкі. Загінуўшых хутка вывезлі за горад, дзе пахавалі ў брацкай магіле.

Да вайны ў Лунінцы дыслацыраваўся 221-ы батальён аэрадромнага абслугоўвання, які пакінуў горад ужо 28 чэрвеня, паколькі з-за адсутнасці авіяцыі яго прысутнасць не мела сэнсу. Пазней пад націскам 53-га армейскага корпуса немцаў ад Пінска праз Лунінеччыну адыходзілі часці 75-й стралковай дывізіі генерал-маёра С.І.Нядзвігіна. З поўначы і захаду адыходзілі таксама рэшткі 6-й стралковай дывізіі палкоўніка Папсуй-Шапко, 205-й матарызаванай дывізіі палкоўніка Кундзюрава, 22-й танкавай дывізіі палкоўніка Конанава, асобныя групы. Было нямала выпадкаў панікі. Аб маральным настроі часткі вайскоўцаў можа сведчыць факт з успамінаў тагачаснага лунінчаніна (цяпер жыхара ЗША) Ісера Кругліна, у маі 1941 года прызванага ў армію. Ён забег, праходзячы праз Лунінец, дамоў: многія чырвонаармейцы разбягаюцца, можа і мне застацца дома? Бацька рашуча забараніў – і тым выратаваў сыну жыццё. Дарэчы, яўрэі складалі вельмі значную частку насельніцтва Лунінца і суседніх мястэчак. На 1 верасня 1939 года ў Лунінцы налічвалася 4760 беларусаў, 4153 яўрэі, 1777 палякаў, 627 рускіх, 61 украінец. Зразумела, што яўрэйская частка насельніцтва ведала, што яе чакае, тым больш, што ў горадзе было нямала яўрэяў – уцекачоў з акупаванай немцамі Польшчы. Страшны будучы лёс многіх яўрэяў быў абумоўлены яшчэ і тым, што да самага апошняга моманту на былой польска-савецкай мяжы за Мікашэвічамі стаялі савецкія пагранічнікі, якія фільтравалі ўцекачоў і прапускалі на ўсход пераважна толькі савецкіх актывістаў.

Лунінец і большасць вёсак перайшлі з рук у рукі без адзінага стрэлу. На Лунінеччыне прайшло толькі некалькі дробных баёў мясцовага значэння (пераважна на ўсходняй ускраіне раёна). Так, сведкі падзей прыгадваюць бой ля вёскі Мокрава, дзе быў падбіты нямецкі БТР, забіты некалькі салдат, а страты слаба ўзброеных чырвонаармейцаў склалі, па адных звестках, 14 забітымі і 17 параненымі, па другіх, былі большымі – амаль ніхто не выратаваўся. Дарэчы, вяскоўцы прыгадваюць кінуты непадалёк цэлы савецкі танк – відаць, адыходзячыя часці пакінулі не толькі яго. Веньямін Кудзелін, тагачасны камандзір узвода 115-га сп 75-й сд (пазней быў дырэктарам музея Брэсцкай крэпасці) прыгадваў спробу контрудара ад Мікашэвіч на Сінкевічы (з-за моцнага кулямётнага агню чырвонаармейцы вымушаны былі спыніцца ў раёне вёскі Сітніца), ар’ергардны бой на ўскраіне Мікашэвіч. Дарэчы, у Мікашэвічах паспелі арганізавана эвакуіраваць рэдкае абсталяванне фанернага завода, дзе вырабляліся самалётныя прапелеры.

Фактычна тэрыторыя раёна апынулася ўбаку ад галоўных напрамкаў удараў нямецкіх войск. Толькі 10 ліпеня (на 19-ты дзень вайны) у Лунінец увайшлі нямецкія салдаты (спачатку разведка – некалькі веласіпедыстаў). 18 дзён – дастатковы час для таго, каб мясцовае насельніцтва змагло схаваць запасы прадуктаў і частку маёмасці. Спешна завяршалі сенакос мужчыны, якія з дня на дзень чакалі мабілізацыі. Але, па словах першага сакратара райкама партыі У.І. Анісімава, у 1941 годзе «праведзеная ў нашым раёне мабілізацыя людзей і коней эфекту не дала. Людзі блукаюць без мэты, няма зброі і нарадаў на адпраўку людзей».

Абласное партыйнае кіраўніцтва з першых дзён вайны ахапіла паніка, што бачна з паведамлення ў Маскву таго ж Анісімава: «У Пінску самі ў паніцы ўзарвалі артсклады і нафтабазы і аб’явілі, што іх бомбамі падарвалі, а начальнік гарнізона і абкам партыі ўцяклі да нас у Лунінец, а потым, апамятаўшыся, што гэта была проста паніка, вярнуліся ў Пінск, але боепрыпасы, гаручае загінулі – і дыскрэдытавалі сябе ў вачах насельніцтва».

Можна адзначыць, што нешта падобнае пазней мела месца і ў Лунінцы. Тут у канцы чэрвеня былі падпалены склады базы Белкаапсаюза, загінула вялікая колькасць тавараў, у тым ліку харчовых. Крыху пазней адзначаліся факты рабавання магазінаў. Сведка падзей Леў Коласаў прыгадваў выкінутую з устаноў мэблю, паперы, партрэты, разрабаваныя падвалы казармы, пакінутыя вайсковай часцю – ужо згаданым БАА.

Натуральна, што, ўцёкшы з Пінска, абкам часова страціў сувязь з падначаленымі райкамамі. У Лунінцы ж добра ведалі аб дзейнасці абкама і сувязь з ім практычна не парывалі. Лунінецкі райкам не паддаўся паніцы: тут можна адзначыць пэўную зладжанасць у дзейнасці структур, падначаленых раённай уладзе. Найбольш поўная карціна аб дзейнасці раённых улад бачыцца з таго ж паведамлення Анісімава: «Цяпер ад Драгічына да Лунінца і далей на ўсход да Жыткавіч супраціўленне праціўніку аказваюць асобныя часці, а не якая-небудзь арганізаваная армія. Штаб 4-й арміі пасля бамбардзіроўкі яго ў Кобрыне да гэтага часу не сабраны… Месцазнаходжанне камандуючага арміяй генерал-маёра Карабкова … невядома. На адрэзку чыгункі Баранавічы – Лунінец нашых войск няма, Лунінец з поўначы не прыкрыты… У самім Лунінцы гарнізона амаль няма… У горадзе поўна камандзіраў і чырвонаармейцаў з Брэста, Кобрына, якія не ведаюць, што ім рабіць… ніякага старшага камандзіра, які б мог каардынаваць дзейнасць войск, няма. Шлюць самалёты ў разабраным выглядзе, а манціраваць іх няма дзе. Іх будзем вяртаць назад… Гэтыя факты падрываюць давер насельніцтва… Не патрабуюць неадкладных мер, назначэння камандуючага, стварэння штаба, значнага павелічэння ўзброеных сіл, узмацнення знішчальнай авіяцыі, паколькі цяпер бамбардзіроўшчыкі немцаў адчуваюць сябе безпакаранымі…». Паведамленне ў Маскву абрываецца сказам, з якога вынікае, што ні Пінскі абкам, ні Лунінецкі райкам сувязі з ЦК КП(б)Б не маюць.

Нягледзячы на пагрозу хуткага прасоўвання немцаў, у Лунінцы працягвала нават выходзіць раённая газета. Яе апошні нумар быў выпушчаны ўжо пасля захопу немцамі Мінску; у гэтым жа нумары змясцілі тэкст прамовы Сталіна ад 3 ліпеня 1941 года.

Раённая ўлада пакінула Лунінец дастаткова спакойна, без панікі аж на 14 дзень вайны, у ноч з 4 на 5 ліпеня; пятага ж ліпеня ўступілі ў абласны цэнтр Пінск нямецкія войскі. Сакратар Лунінецкага райкама Усевалад Анісімаў, праігнараваўшы партыйна-дзяржаўныя дырэктывы, адмовіўся знішчаць горад: перад тым, як пакінуць Лунінец, ён загадаў знішчальнаму батальёну «вечарам сабрацца ў двары райкама, пагрузіцца на машыны і пакінуць горад без стрэлаў… нічога не знішчаць, не падпальваць… між тым быў загад Сталіна нічога не пакідаць ворагу». Ля мястэчка Лахва частка актывістаў павярнула ў лес, каб дзейнічаць у якасці партызан, а хворыя і пажылыя рушылі далей на ўсход. Група з 9 чалавек даставіла з Лунінца ў Жыткавічы грошы ў некалькіх чамаданах – відавочна, з лунінецкага аддзялення банка.

Такім чынам, паніка абласнога кіраўніцтва не перадалася ланцуговай рэакцыяй на ўсе падначаленыя райкамы. Што датычыць становішча ў сельскіх Саветах, то яго адназначна ахарактыразаваць складана.

У такім сельскім Савеце, як Вялікачучавіцкі, вясковая ўлада менш паддалася паніцы, чым абласное кіраўніцтва, доўга падтрымлівала тэлефонную сувязь з раённымі ўладамі. Тыя былі вельмі зацікаўлены ў пастаяннай сувязі з Чучавічамі, бо ў наваколлі гэтай аддаленай вёскі было шмат лясоў, дзе магла быць падрыхтавана партызанская база. У першы ж дзень вайны «Пятро Муравейка, старшыня сельсавета і ўчастковы міліцыянер Сцяпан Вярэніч правялі мітынг» і на другі дзень вайны мабілізаваных адвезлі ў Лунінец. Але… «праз некалькі дзён іх вярнулі дамоў». Правёўшы мабілізацыю, «на наступны дзень старшыня Муравейка ў Савет не прыйшоў, участковы ўзяў у леспрамгасе каня і таксама выехаў». Гэта азначала, што пачалося безуладдзе. Члены Савета, якія засталіся без непасрэднага кіраўніцтва, выконваюць як распараджэнні раённага начальства, так і …«парады» зусім незнаёмых людзей, выпадковых сустрэчных у савецкай ваеннай форме. Так, незнаёмы афіцэр «сказаў, каб людзі разабралі магазін», які пасля гэтага і быў разабраны. Згодна з тэлефанаграмай раённага начальства дэпутатам прапанавана не пакідаць Савет, не паднімаць панікі, затрымліваць і арыштоўваць незнаёмых людзей. «Некалькі дэпутатаў і актывістаў» высвятляюць асобу затрыманага на дарозе маладога хлопца . У гэтай сувязі варта прыгадаць, што немцы засылалі ў савецкі тыл цэлыя групы дыверсантаў, у тым ліку ў савецкай вайсковай форме. Пра выпадак раззбраення знішчальным батальёнам такой групы (звыш 30 чалавек у міліцэйскай форме) на аўтамашыне ЗІС-5 прыгадваў удзельнік падзей У. Круковіч (гэта адбылося ў ліпені недалёка ад м. Ленін Жыткавіцкага раёна).

Зусім інакш дзейнічаў сельскі Савет у Кажан-Гарадку. Праз гэтае мястэчка, што ляжыць на дарозе Лунінец – Жыткавічы, адступала вялікая колькасць савецкіх войск і з адыходам апошніх салдат можна бало меркаваць аб набліжэнні немцаў. У сельскім Савеце з першага дня вайны пачалася паніка. Старшыня сельсавета Р. Шуляк заняўся тэрорам: узброіўшыся вінтоўкаю, арганізаваў аблаву на ворага – вышукваў мясцовага свяшчэнніка. Але мясцовыя жыхары схавалі свяшчэнніка і выратавалі яго ад расстрэлу. Задоўга да прыходу немцаў Шуляк пайшоў у лес, «у партызаны». Тады на некаторы час адчуў сябе «ўладаю» ў мястэчку Жырко – перакананы антыкамуніст і будучы камендант паліцыі.

У першую ж ваенную ноч на тэрыторыі Лунінецкага раёна былі раскіданы з нямецкага самалёта лістоўкі прыкладна наступнага зместу: Чырвоная Армія разбіта, салдатам прапаноўваюць здацца ў палон і абяцаюць райскае жыццё, а насельніцтву прапануюць выдаваць савецкіх актывістаў.

Па меншай меры ў трох населеных пунктах раёна мясцовае насельніцтва яшчэ да прыходу немцаў стварыла асобныя «органы ўлады» калабаранцкага тыпу. Так, пяцёра жыхароў вёскі Ракітна арганізоўваюць узброеную групу і ноччу ля ўрочышча Любажэрдзе абстрэльваюць савецкі воінскі эшалон. На рахунку гэтай жа ўзброенай групоўкі – антысавецкая агітацыя, пагрозы ў адрас камуністаў і савецкага актыву, арганізатараў раскулачвання. Гэтая ж узброеная групоўка занялася складаннем спісаў для СД: у спісы ўключылі прозвішчы не толькі камуністаў і спачуваючых ім, але і ні ў чым не павінных жыхароў. Сталася так, што пазней ў гэткія ж спісы немцы ўключылі і сваіх няпрошаных памагатых: яны былі растраляны 7 снежня 1942 года ў вёсцы Ракітна. Дарэчы, прыкладна такі ж выпадак здарыўся ў Сінкевічах, дзе ў пачатку акупацыі актыўна супрацоўнічалі з немцамі нехта Рыбалтоўскі і яго сын Георгій, які ў першыя дні вайны вызваліўся з савецкай турмы. Пазней Рыбалтоўскі быў абвінавачаны немцамі ў яўнай дэманстрацыі антыгерманскіх настрояў у час германа-польскай вайны 1939 года (насіў па вёсцы на вілах чучала Гітлера, якое потым спаліў) і расстраляны.

У Лунінецкім раёне вядомы выпадак, калі да прыходу немцаў мясцовыя жыхары Малых Чучавіч «ужо назначылі сельскага старасту, арганізоўваюць паліцыю… пачалі здзекавацца над яўрэямі». Ліквідацыяй калабарантаў занялася група супрацоўнікаў дзяржбяспекі, але як толькі аператыўнікі прыбылі ў Малыя Чучавічы, калабаранты ўцяклі ў лес.

У в. Кажан-Гарадок, як толькі збегла мясцовая ўлада, стаў лічыць сябе «ўладаю» мясцовы жыхар Алесік, больш вядомы як Жырко. Яго бацьку з чатырма дзецьмі Савецкая ўлада вывезла на Поўнач як кулака. Старэйшы з сыноў схаваўся на гарышчы і не быў рэпрэсаваны, але як «вораг народа» перад вайною апынуўся ў гродзенскай турме. Пасля адной з бамбёжак зняволеныя разбегліся, і Жырко пешшу прыйшоў у Кажан-Гарадок як раз у перыяд безуладдзя. Узброіўшыся вінтоўкаю, ён хадзіў па вёсцы і пагражаў камуністам. Сустрэўшы свайго хроснага – камуніста Сідорчыка – пабіў таго прыкладам, прыгаворваючы: гэта табе за тых, каго ты раскулачыў і выслаў у Сібір! З прыходам немцаў Жырко і яго аднадумцы паступілі ў паліцыю. Жырко быў прызначаны камендантам. Загінуў на сваёй радзіме пасля вайны.

Як ужо адзначалася вышэй, мабілізацыя ў сувязі з нападам Германіі ў Лунінецкім раёне эфекту не дала. Між тым асобныя населеныя пункты далі па некалькі дзесяткаў калабарантаў – паліцаяў (Лунінец, Мікашэвічы, Лахва, Кажан-Гарадок). І гэта зусім не «кучка предателей».

Застаецца адкрытым пытанне: што ўзнікла раней – суполкі калабарантаў ці арганізаванае мясцовымі камуністамі антыфашысцкае падполле? Тагачасны старшыня Любачынскага сельсавета Аляксандр Сыцэвіч пазней прыгадваў, што ў гэтай вёсцы падпольная група была створана за некалькі дзён да прыходу немцаў. Міхаіл Клеўжыц з в. Сінкевічы ў сваіх успамінах адзначае, што разам з іншымі мясцовымі камсамольцамі наладзіў збор пакінутай зброі яшчэ да заняцця вёскі немцамі.

Вядома, што «5 ліпеня 1941 года …быў арганізаваны партызанскі атрад» з партыйных работнікаў Лунінецкага раёна; прабыўшы ў сваім раёне каля двух месяцаў, ён ні з кім не меў сувязі. У архівах захаваўся рапарт супрацоўніка Лунінецкага РА НКДБ Міхаіла Смятанкіна, які адзначае, што атрадам камандаваў начальнік РА Мікалай Голдыраў. Партызаны знішчылі бранявік, забіўшы 7 немцаў, падарвалі два масты на чыгуначным перагоне Люшча – Бастынь. У верасні, пасля няўдалай спробы замацавацца ў Старобінскім раёне, 27 партызан рушылі наўздагон фронту, закапаўшы зброю ў 50 км ад Мазыра. Разбіўшыся на некалькі груп, спрабавалі пад выглядам акружэнцаў перайсці фронт, але пашчасціла не ўсім. Сакратар райкама Усевалад Анісімаў трапіў у палон і загінуў. Сам Смятанкін выйшаў да сваіх толькі 9 лістапада.

Гаварыць аб «усенароднай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў» на Лунінеччыне ў першыя месяцы вайны наўрад ці варта. Гэта адносіцца да ўсяго Палесся і Заходняй Беларусі ў цэлым.

Выкарыстаныя крыніцы:
1. Герасімаў К. Чалавек, які выратаваў Лунінец. // Лунінецкія навіны, 1995, 12 верасня.
2. Горгун С.И. Всё это было, было. // Информ-прогулка (Лунинец), 2000, 14 апреля.
3. Дымаў В. У горадзе маладосці. // Лунінецкія навіны, 1999, 8 мая.
4. Памяць. Лунінецкі раён.
5. Канапацкая Т. Камандзіры. // Лунінецкія навіны, 1994, 24 мая.
6. Памяць аб продках. // Лунінецкія навіны, 1994, 21 красавіка.
7. ГАБО, ф. 2136, оп. 1, д. 7, л. 1.
8. Коласаў Л. Заўтра была вайна. // Ленінскі шлях, 1990, 5 ліпеня.
9. Яго ж. Дзевятнаццаты дзень вайны. // Лунінецкія навіны, 1991, 10 ліпеня.

На верх старонкі