Лунінецкі раённы краязнаўчы музей

Лунінецкі сшытак № 3-4

Матэрыялы трэціх і чацвёртых Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў 13 снежня 2003 г. і 26 снежня 2004 г.

Барсукова і Перунова

Сцяпан Нефідовіч, в. Любань

У даўнія часы на месцы цяперашніх вёсак Барсукова і Перунова, на былых пясках ды балотах, што ляжалі між рэчкамі Марочна і Журавінная, шумелі лясы. З ХV стагоддзя гэтыя ўгоддзі адносіліся да маёнтка “Лахва” і належалі спачатку Кішкам (да 1523 г.), потым — Радзівілам (да 1885 г.) і Вітгенштэйнам. У канцы ХIX ст. маёнтак купіў немец фон Дэрвіз. У 1906 г. ён залажыў 25 тысяч гектараў зямель у Мінскі сялянскі банк. Сюды была накіравана экспедыцыя зямельных ліквідатараў на чале з вучоным аграномам — меліяратарам Уладзімірам Раманавічам Рыдзігерам. Ва ўрочышчы Раі (цяпер каля вёскі Рэдзігерава) быў створаны “ліквідатарскі штаб”, задачай якога было раздрабіць усе банкаўскія землі на хутары і ацаніць кожны хутар па катэгорыі зямлі (ад гэтага залежаў кошт участка).

За кожным членам ліквідатарскай групы была замацавана плошча ў некалькі кварталаў. Аграном-каморнік П.Перуноў атрымаў для ліквідавання паўднёвыя землі, ад межаў любанскіх надзелаў ва ўрочышчах Бродкі, Журавіннэ, Каціска, Замарочнэ, Марочна, Мэсіна і Купяцічы; далей у бок Краснай Волі і Грычына ліквідаваў землі аграном-каморнік В.Барсукоў (урочышчы Жучкова, Глажова, Ражышча, Смалярня, Доўгае, Азёрцы).

Ужо праз год, у 1907 годзе, Мінскі зямельны банк, філіял якога быў у Лахве, даў у друку аб“явы аб продажы земляў. Першыя пакупнікі з'явіліся адразу ж, найбольш з Гродзенскай і Валынскай губерняў. Тыя, што не мелі грошай, бралі ў банку крэдыт.

Першапасяленцы на ўчастку П.Перунова: Шэшка Сямён Есіпавіч, Заверач Пётр Іванавіч, Пунька Емельян Іванавіч, Байдук Іван Сілавіч, на ўчастку ж В. Барсукова — Мароз Панцялей Фаміч, Аноцка Піліп Сцяпанавіч, Валашчук Аляксей Назаравіч і Кандрашчук Панцялей Антонавіч.

З самага пачатку засялення назвы хутароў рэгістраваліся не па назвах ўрочышчаў, а па носьбітах іх заснавальнікаў: хутары Перунова, хутары Барсукова.

З пачаткам Першай сусветнай вайны адбыўся масавы прыліў перасяленцаў (бежанцаў) з Кобрынска-Пінскага рэгіёна. Засяліліся цэлыя роды Нікіцічаў, Рахацэвічаў, Комараў, Дземідовічаў.

У часы польскай улады большасць хутаран жыла заможна. У 1920-30-я г.г. хутары поўніліся музыкай, песнямі, бо тут часта спраўляліся вяселлі, наваселлі, радзіны, хрысціны; інтэнсіўна шырыўся рост насельніцтва, а суадносна і масава вялося будаўніцтва новых хат, шырыліся плошчы ворыўных зямель і сенакосаў. У канцы 30-х гадоў і ў Барсукове, і ў Перунове налічвалася прыблізна па 140 гаспадарак, прычым, мелася шмат мнагадзетных сем’яў. Так, у Барсукове было 35 сем’яў, а ў Перунове — 31, дзе колькасць членаў перавышала 7 чалавек.

Пры Польшчы была ўведзена абавязковая пачатковая адукацыя. На Перуноўскіх хутарах дзейнічалі 3 чатырохкласныя школы, на Барсукоўскіх — 2, размешчаныя па прыватных кватэрах. Першымі настаўнікамі (яны ж працавалі працяглы час) былі ў Перунове Леакадзія Купнеўська, у Барсукове — Вінцук Гендэль.

На новы лад імкнулася наладзіць жыццё Савецкая ўлада ў верасні 1939 года. З першых дзён быў сфарміраваны склад Перуноўскага сельсавета і хутарскія сялянскія камітэты, на чале якіх стаў Пётр Сцяпанавіч Салівончык. З бяднейшых хутаран былі вылучаны дэпутаты ў Ленінскі раённы Савет, а ў пачатку лістапада 1939 г. дэлегатам Народнага Сходу Заходняй Беларусі — барсукоўская дзяўчына Ганна Рыгораўна Кудрэвіч.

Крывавым мячом па жыццях хутаран прайшлася Вялікая Айчынная вайна. Значна пацярпелі барсукоўцы. Хутары знаходзіліся ў партызанскай зоне, а таму ворагі тут асабліва жорстка абыходзіліся з насельніцтвам. У першыя месяцы вайны былі расстраляны сельскія актывісты, пазней некалькі чалавек вывезены ў канцлагеры і знішчаны, а ў лютым 1944 г. у час аблавы — яшчэ 11 чалавек. Усяго ж загінула 36 жыхароў Барсукова.

Меншыя страты панеслі перуноўцы: 9 чалавек. Ды і на франтах у 1944-45 г.г. загінула 28 барсукоўцаў і 24 перуноўцы.

З 1944 года пачалося мірнае аднаўленне. У пачатку 1946 года Барсукоўскія хутары налічвалі 142 гаспадаркі (737 жыхароў), Перуноўскія — 143 гаспадаркі (683 жыхары). У 1948 годзе пачалася арганізыцыя калгасаў. Барсукоўскія гаспадаркі арганізаваліся ў арцель імя Дзяржынскага (старшыня Сцяпан Назаравіч Валашчук), Перуноўскія — у імя Чкалава (старшыня Іван Несцеравіч Скірук). У 1950 г. гэтыя гаспадаркі аб’ядналіся ў адну — імя Дзяржынскага, якая ў 1959 г. была далучана да любанскага калгаса “Сцяг камунізму”, што ўзначальваў вядомы старшыня Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка. Па яго ініцыятыве пачалося інтэнсіўнае ссяленне з хутароў у вёску. Стварыліся вёска Барсукова і сяленне Жучкова, а ў цэнтры Перуноўскіх хутароў — в. Перунова і ўрочышча Журавіннае, дзе быў пабудаваны птушкакомплекс, — пасёлак Пцічнік (так яго празвалі неафіцыйна).

Былыя гаспадаркі сталі комплекснымі брыгадамі №5 i 6 калгаса “Новае Палессе”. Калгас мацнеў, ішло будаўніцтва фермаў, комплексаў, мехдвароў, рос дабрабыт насельніцтва.

На працягу 60-х гадоў адкрыліся дзіцячыя садкі, пабудаваны клубы. У в. Барсукова пабудавана пачатковая школа, у в. Перунова — сямігодка. Пачаўся значны рост насельніцтва. Яго пік — 1958-1969 г.г. К 1970 году ў вёсках налічвалася да 800 жыхароў, у Перуноўскай школе навучалася 220 вучняў. Вялікі ўклад у выхаванне і навучанне дзяцей унеслі А.М. Журомская, Б.Ф. Літвінка, В.С. Плешка, Г.Н. Поух і інш. Славіўся мастацкі калектыў пры Перуноўскім СК, які доўгія гады ўзначальвала В.М. Закацура.

У гады росквіту сельскай гаспадаркі кожны працаўнік калгаса ўносіў свой пасільны ўклад, з’явіліся цэлыя дынастыі калгаснікаў: Бруханы, Нікіцічы, Кушнерукі, Дземідовічы, Лусевічы, Кудрэвічы; лепшыя працаўнікі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Паступова вёска Барсукова адышла да разраду неперспектыўных і спыніла свой рост, а Перунова па-ранейшаму будавалася, шырылася. У 70-80-х гадах пабудаваны медпункт, паштовае аддзяленне. Але аварыя на ЧАЭС парушыла мірнае, спакойнае жыццё. Вёскі аказаліся ў забруджанай зоне (Барсукова — у павышанай), і многія жыхары кінулі абжытыя мясціны, падаліся ў чыстую зону. У 1993 годзе ў в.Барсукова засталося 102 двары, 352 жыхары, у в. Перунова — 137 двароў, 360 жыхароў. Адзінае, што ў паслячарнобыльскі перыяд зроблена, гэта ў вёсках пакладзены асфальт.

Зараз Беларусь ахоплена дэмаграфічным крызісам. Значна закрануў ён і гэтыя вёскі: нараджальнасць вельмі нізкая, моладзь выязджае ў гарады, большасць вяскоўцаў — пенсіянеры. У 2004 годзе ў Барсукове мелася 84 двары, 201 жыхар, а ў Перунове — 112 двароў, 269 жыхароў. На 1 студзеня 2005 года маецца ў в. Барсукова 78 двароў (185 чалавек), у в. Перунова — 105 двароў (250 чалавек). У базавай школе навучаюцца толькі 57 вучняў, а ў дзіцячым садочку выхоўваюцца 9 дзяцей.

Землякоў — барсукоўцаў ды перуноўцаў — можна сустрэць у розных кутках былога Савецкага Саюза (нават на Камчатцы), жывуць землякі і ў далёкім замежжы: у Англіі, Ізраілі, Аўстраліі. Няма нейкіх там міністраў, затое ёсць вучоныя. Так, ураджэнцы Барсукова Іван Аляксандравіч Верамчук — кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык Горацкай сельгасакадэміі; Аляксандр Аляксандравіч Вееўнік — намеснік дырэктара Батанічнага саду (Мінск); а ўраджэнец Перунова Аляксандр Апанасавіч Алехнік з’яўляецца сустаршынёй згуртавання беларусаў Аўстраліі.

На верх старонкі